RUS
†Бог любит тебя таким, какой ты есть! †Христос добровольно пошел на крест за твои грехи †Смерть побеждена! †Самый прямой путь к спасению - не осуждай! †Иисус ищет и ждет тебя! †Христос воскрес! †Дьявол не может сделать ад привлекательным, поэтому он делает привлекательной дорогу туда

Пилигримка... Выйти из себя, чтобы прийти - куда?

Для многих эти незабываемые пешие паломничества становятся настоящим открытием, встречей с Живым Богом, переломным моментом в жизни.

Настало лето - пора паломничеств! Для многих эти незабываемые пешие паломничества становятся настоящим открытием, встречей с Живым Богом, переломным моментом в жизни. Пусть этот рассказ о личном опыте паломничества в Будслав вдохновит на участие в пилигримках, которые еще будут продолжаться на протяжении лета.

Прайшоў месяц, як я пайшла першы раз (у 35-то гадоў!) у пешую пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай. Здавалася б – ну якая ж гэта ўжо навіна, ужо ўсё ж напісана і перапісана? Я адмыслова не хацела пісаць пра пілігрымку адразу па вяртанні дахаты, таму што мой тэкст тады складаўся б з адных клічнікаў, проста клічнікаў, вось так - !!! І слоў «Ух ты ж, здорава!» Я тады магла б толькі сказаць, як Фауст: «Спыніся, імгненне, ты – цудоўнае!»

Я чакала час, пакуль гэта ўсё ўладзіцца ў маёй галаве, суцішацца эмоцыі, вернецца на месца мозг, часова згублены там, у пілігрымцы. Але не, уявіце! І праз месяц пілігрымка, яе дух не адпускаюць мяне. Я задаю сабе пытанні: «Што гэта было? Чаму гэта так моцна ўзрушыла мяне?»

Але хто можа даць адказы, напрыклад, закаханай дзяўчыне, якая ўбачыла аднаго чалавека – і! І што? Электрычны разрад, памутненне розуму, усе ў галаве мільгае і круціцца, свет ператвараецца ў казачны карнавал, атракцыёны з арэлямі! І ўсюды – ён, ён, яго вобраз! «Куды не пайду — усюды Ты!» (песня з пілігрымкі) Ці як архітэктар зрабіў лепшую статую ў сваім жыцці, і сеў на зэдлік адпачыць, і раптам ўбачыў. Што? Неверагодную незямную прыгажосць. Толькі можна ўздыхнуць і сказаць: «Ух ты!» Ці як вучоны, біўся гады над той формулай, і раптам расшыфраваў яе, бяздумна пазіраючы на зорнае неба. Ух ты ж, здорава!

У мяне была тыдзень перад пілігрымкай жорсткая барацьба. З сабой, канечне. Навошта гэта мне? Як жа праца, грошы? Як жа мае ногі? Уявіце, што ногі, напэўна, адчуваючы блізкую пакуту, пачалі балець яшчэ за два дні да пілігрымкі. І галава таксама. Я не хацела ісці. «Няма для мяне аб'ектыўных прычынаў, каб я тыдзень недзе хадзіла валацугай, збівала сабе ногі, ды і спёка ж будзе, якую я ненавіджу!», - злосна думала я. Была толькі адна прычына – каб ісці. Але яна не была акрэслена дакладна, словамі. Гэта была нейкая таямніца, запрашэнне. Толькі ціхі голас на ўсе мае злосныя рэплікі прапаноўваў: «А можа? Можа проста паспрабуеш?» - «Не! Не буду і спрабаваць! Гэта не для мяне, і мне гэта не трэба!»

Але я паехала. З думкай, што «Ну хоць адзін дзень, хоць да Ракава дайду». Але дайшла і да Ракава, і да Радашковіч, і далей – аж да Будслава. Спёка была. Ногі не балелі, а проста адваліліся. Страўнік таксама, і ныркі. Было вельмі цяжка. Але блага ад гэтага не было, наадварот.

Кажуць, што пілігрымка – сціслы пераказ жыцця. Таму там у мяне было ўсё – і жорсткі крызіс на другі дзень, пераломны момант. І спакусы, і смутак, і радасць, і шчасце – усё, што суправаджае наша жыццё. Вакол, як і ў жыцці, былі людзі, больш за 300 чалавек. Як адна сям'я. Былі ксяндзы, і сёстры законныя. І была «Твая прысутнасць – нібы паветра!» Яна адчувалася – ва ўсім. У подыху ветру менавіта тады, калі ўжо немагчыма трываць спёку. У шклянцы сцюдзёнай вады ў жорсткую смагу. У нагах з нацёртымі мазалямі, кожным кроку з болем, але гэтыя ногі – працягваюць ісці неверагодным чынам! У жартах спадарожнікаў, у іх падтрымцы, якую адчуваеш – без слоў, без нічога, у ружанцы, і вяночку – якія былі дапамогай, каб наталіць смагу душы. У дажджы, і сонцы, і лазні, і песнях, і размовах, людзях - «Усюды Ты!» Святар казаў, што «калі не будзеце наракаць зараз на боль, і цяжкасці, і пакуты – то атрымаеце неабходныя ласкі». Так і было!

«Табе ахвярую, Пане мой, усё маё жыццё». У пілігрымцы, гаворачы «чалавечым» языком, я нічога не набыла. Толькі страціла. Напрыклад, развіталася з хатнім інфантыльным бажком «Камфорт», якому раней служыла верна і самаахвярна. Душ, канапа, цішыня, мятная гарбата, каб усе маўчалі, і былі створаны ўсе ўмовы для майго адпачынку, ці для маёй працы. Мой бажок у пілігрымцы роспачна плакаў і заклікаў мяне вярнуцца дахаты, да звыклага ладу жыцця, пагражаў мне :)

І спёка. Пасля пілігрымкі яна ўжо перастала быць монстрам, які не дазваляў мне раней нават у +25 выходзіць з хаты.

Да Маці Божай трэба ісці з нейкай асабістай інтэнцыяй (просьбай). Але з хаты ты выходзіш з нейкай патрэбай, ідзеш з інтэнцыяй, але можа так стацца (як было са мной), што прыходзіш – а ўжо няма чаго і прасіць. Я стаю на каленях перад цудатворным абразам, і забылася наогул – чаго я хацела прасіць, дзеля чаго, здавалася б – цягнулася ў такі шлях. Я разгубілася. Ліхаманкава пачала перабіраць у галаве: ды што ж мне трэба?! Гэта? Ды не, глупства, і тое глупства, і трэцяе, і пятае, і дзесятае! Мне засталося толькі падзякаваць Маці Божай за ўсё. За тое, што я мела такую магчымасць – адчуць «Тваю прысутнасць», адчуць, што Ты «Дакрануўся да маіх вачэй», што «Ты – Госпад мой, і так было заўсёды», і што «Наш Бог – Усемагутны Бог!» і што «Не варты зусім я такой любові Тваёй».

І гэта было. Што не вартая. Таму што пачатак шляху мой быў такі, што вартая! Асаблівая! Не такая, як усе людзі – лепшая! А ў час пілігрымкі прыйшло такое адчуванне, што «А глянь-ка, гэтыя трыста чалавек – ну ўсе ж яны лепшыя, чым ты!» І ў гэтым не было прыніжэння, ці крывадушнасці.

Памятаю той момант, калі я ляжала, спрабуючы заснуць, на бетоннай падлозе ў калідоры школы (там мы начавалі). За расчыненым вакном моладзь спявала «Вось я перад Табою, Мой Бог». У мяне балелі ногі, страўнік, ныркі і галава, усё разам. У вачах стаялі слёзы – удзячнасці за ўсё. Гэта быў такі момант, калі я нарэшце хоць на час прымірылася з сабой, з людзьмі, Богам, і са смерцю, якой так заўсёды баялася. Я казала Яму: «Калі ты зараз жа забярэш маё жыццё – я не буду супраць! Бо я ўжо ўсё атрымала ў пілігрымцы, што можа толькі атрымаць чалавек. Я – абсалютна і неверагодна шчаслівая, дзякуючы Табе! Ты мне столькі даў Жыцця, такой паўнаты, такіх цудаў, што ў мяне яно не змяшчаецца! Калі заўтра будзе блага, ўсё-усё, - няхай! Я згодная, і не буду наракаць. Бо тое, што я маю сёння, гэтыя неверагодныя багацці – гэта ўжо маё, і мне гэтага дастаткова, больш чым дастаткова!»

Але і заўтра, і паслязаўтра я была поўнасцю і неверагодна шчаслівая! Што гэта, калі не цуд? І праз тры дні, і праз тыдзень. Казалі, што «пілігрымка – гэта выйсці з сябе, са сваёй шэрай будзёнасці». Вось я і вярнулася, здавалася б, туды (у будзёнасць), з якой выйшла. Але яна ўжо не была шэрай. Былі траблы, шмат, адразу пачаліся. Але яны не былі ўжо такімі страшнымі і гіганцкімі, як раней. Таму што «Наш Бог – Усемагутны Бог». І «Куды не пайду – усюды Ты!»

А потым быў адпачынак. Доўгачаканая любімая літоўская Балтыка! Шторм, хвалі, стыхія! Сонца, дождж, холад, і спёка! Я бачыла Цябе там! «Божа Мой, гэта Ты, гэта Ты!» А потым, пасля мора, была «развіртуалізацыя» з маім дзядзькам, якога мы знайшлі ў Польшчы. «Наш Бог – Усемагутны Бог!»

Цуды – ёсць, і іх шмат, вельмі шмат. Толькі трэба іх ўбачыць.

Последнее изменениеПонедельник, 03 июля 2017 10:58
Комментарии   
+1 #4 Padre 06.08.2013 22:36
Deo gratias
Цитировать | Сообщить модератору
+1 #3 Ілона 05.08.2013 22:06
мурашкі па скуры... на вачах слёзы
Цитировать | Сообщить модератору
+1 #2 Яугенка 05.08.2013 07:48
Неее,мы iдзем з Бараааанавiч! :lol:
Цитировать | Сообщить модератору
+1 #1 Мария 02.08.2013 20:33
18 августа выходит также пилигримка Береза-Логишин
Цитировать | Сообщить модератору
Добавить комментарий

Защитный код
Обновить