BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

З кнігі "Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны"

Пачатак сталай прысутнасці каталіцтва на тэрыторыі ВКЛ адносіцца да перыяду пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г., калі ў 1387 г. Ягайла хрысціў Літву. У 1387 г. была створана Віленская каталіцкая дыяцэзія (біскупства). У канцы XIV—пачатку XV ст. былі выдадзены асноўныя акты дзяржаўнай улады, якімі стваралася прывілеяванае становішча Каталіцкага Касцёла ў ВКЛ: перадача яму вялікіх зямельных уладанняў, поўны імунітэт касцельнай маёмасці ў фінансавых і судовых адносінах. У гэты перыяд Рыма-каталіцкі Касцёл пачаў адыгрываць найважнейшую ролю ў дзяржаве. Віленскае біскупства ў касцельна-адміністрацыйных адносінах было падпарадкавана гнезненскаму арцыбіскупу — прымасу Рыма-каталіцкага касцёла ў Польшчы. Тэрыторыя Віленскага біскупства ахоплівала Аўкштайцію і беларускія землі апрача Палесся (раёнаў Берасця і Пінска), якое ўваходзіла ў склад Луцкага біскупства. Да Люблінскай уніі 1569 г. амаль усе касцёлы і кляштары Беларусі знаходзіліся на захад ад лініі Браслаў—Паставы—Вілейка—Мінск—Нясвіж—Пінск. На ўсход ад гэтай лініі былі адзінкавыя касцёлы, або іх зусім не было да пачатку XVII ст., як, напрыклад, на Дняпры.

Прыкладна каля 1335 г. Гомель з навакольнымі землямі ўвайшоў у склад ВКЛ. Праз паўстагоддзя, у 1391 г., да віленскага капітула (рады святароў кафедральнага касцёла Святога Станіслава) была прыпісана буйная воласць з замкам Стрэшын на Дняпры, крыху вышэй вусця Бярэзіны.

Стрэшынская воласць лічылася сталовай, гэта значыць, што даходы з яе ішлі на патрэбы ўсяго капітула, у адрозненне ад прэстыманіяльных маёнткаў, даходы ад якіх ішлі асобным сябрам капітула. У склад Стрэшынскага маёнтка ў ХVI ст. уваходзіла 14 вёсак (Стрэшын, Саланое, Губічы, Праскурні, Верхняя Алба і інш.), у тым ліку і вёска Скепня Гомельскай воласці. Цалкам верагодна, што стрэшынскія падданыя капітула надалей заставаліся праваслаўнымі, бо касцёл у Стрэшыне быў пабудаваны толькі ў пачатку XVII ст. Солтанамі і з’яўляўся іх родавай пахавальняй.

У складзе ВКЛ Гомель і навакольныя землі заставаліся да 1500 г., калі ў часе вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай князь Сямён Старадубскі, які валодаў Гомелем, разам з уладальнікам Ноўгарад-Северскага княства Шамяцічам перайшлі на бок Івана ІІІ. Вайна закончылася перамогай Масквы, і, паводле мірнага пагаднення ад 1503 г., уся Гомельская воласць і частка Чачэрскай, што ахоплівала сучасны Веткаўскі раён (з сёламі Свяцілавічы, Галоднае, Жалезавічы), адышлі да Маскоўскай дзяржавы. Пад уладай Масквы Гомель і воласць заставалася да 1535 г. У 1535 г. пачалася Старадубская вайна і 16 ліпеня Гомель быў вызвалены з дапамогай жыхароў горада, якія самі адчынілі браму моцна ўмацаванага Гомельскага замка. 27 сакавіка 1537 г. у Маскве было падпісана замірэнне на 5 гадоў. Згодна з ім Маскоўскае княства адмовілася ад Гомельскай воласці. Ранейшым уладальнікам былі вернуты іх маёнткі. Напрыклад, маёнтак Хальч быў вернуты Халецкім.

У Інфлянцкую вайну 1558—1582 гг. Гомель ненадоўга быў заняты маскоўскімі войскамі. У ліпені 1576 г. яны былі выбіты атрадам Юрыя Радзівіла. Праз пяць гадоў, 5 мая 1581 г., на Гомель быў здзейснены новы напад царскіх войскаў, якія «...до замку неведоме ночью пришедши, на место ударили и место огнем выпалили». Замак, аднак, ім узяць не ўдалося.

Трэба зазначыць, што ўвесь час знаходжання ўсходняй Гомельшчыны ў складзе ВКЛ большая частка нешматлікага насельніцтва заставалася праваслаўнай. Католікамі былі толькі асобныя шляхецкія сем’і, жаўнеры гарнізонаў, дзяржаўныя служкі.

Касцёлы на землях былой Севершчыны і, у прыватнасці, ва ўсходняй Гомельшчыне, пачынаюць з’яўляцца толькі ў першай палове XVII ст.: 16 ліпеня 1631 г. кароль Жыгімонт ІІІ Ваза фундаваў «ab origine» (ад самога пачатку) пабудову касцёла ў Гомелі, блізка да гэтага часу з’явіўся фундаваны Солтанамі касцёл у Стрэшыне, у 1687 г. усё тымі ж Солтанамі быў узведзены драўляны касцёл у Люшаве (Буда-Кашалёўскі раён), прыкладна ў гэты ж час пабудаваны касцёл у Чачэрску.

На Старадубшчыне касцёлы ўзніклі яшчэ раней, чым ва ўсходняй Гомельшчыне. Вядомы гісторык Андрэй Катлярчук у сваёй працы «Беларусы Бранскага краю. Этнічная гісторыя і сучаснасць» піша аб узнікненні касцёлаў на землях Севершчыны на ўсходзе ад Гомеля ўжо пачынаючы з 1618 г. Пры гэтым ён спасылаецца на «Свод памятников архитектуры и монументального искусства России: Брянская область» (Масква, 1998). Катлярчук піша наступнае: «На паўночным захадзе Браншчыны паміж шматлікімі помнікамі расійскай і ўкраінскай архітэктуры захавалася некалькі помнікаў беларускага дойлідства. Па-першае, гэта мураваныя касцёлы, узведзеныя ў 1618—1648 гадах, калі захад Браншчыны зноў увайшоў у склад ВКЛ. На сёння захаваліся: моцна разбураная Праабражэнская царква («касцёл», як кажуць людзі) у Трубчэўску, пабудаваная ў 1640 годзе, аб чым сведчыў надпіс на муры; значна перабудаваная царква св. Ганны ў Погары (пачатак ХVІ стагоддзя), таксама былы касцёл». Захаваліся весткі і пра існаванне касцёла ў Старадубе. Касцёл належаў францысканцам і быў пабудаваны ў гатычным стылі.

Развіццё парафіяльнай сеткі на ўсходзе Беларусі было выклікана галоўным чынам канфесійнай трансфармацыяй мясцовай шляхты. Яе пасля ўпадку рэфармацыі не прываблівала ні праваслаўе, ні уніяцтва, якое трактавалася як «мужыцкая вера» і якое з пункту погляду рытуальнасці па сваёй сутнасці не адрознівалася ад праваслаўя. Жаданай альтэрнатывай станавілася каталіцтва, дзякуючы яго характару пануючай дзяржаўнай канфесіі. Таксама сваю ролю адыгравала асветная дзейнасць Касцёла, якая стварала перспектыву інтэлектуальнага развіцця шляхты. Неафіты з ліку заможнай шляхты рабілі шматлікія шчодрыя ахвяраванні на карысць Каталіцкага Касцёла, асабліва каталіцкіх ордэнаў, колькасць якіх на працягу XVII i XVIII стст. пастаянна ўзрастала.


Prev 1/7 Next »

Last modified onЧацвер, 19 Сакавік 2015 10:48
Каментары   
+2 #1 А.А. 2014-05-28 20:49
А вось так выглядала царква Нараджэння Божай Маці, на месцы якой цяпер стаіць касцёл:

Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць