BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

З кнігі "Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны"

 

Так, у 1730 г. браты Казімір і Антоній Халецкія фундавалі езуіцкую місію ў маёнтку Хальч.

У 1687 г. Перасвет-Солтанамі ў Люшаве быў уфундаваны драўляны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

5 ліпеня 1702 г. (ці ў 1762 г. — у архіўных дакументах сустракаюцца два варыянты, што можа тлумачыцца падобнасцю напісання літар 0 і 6) Алена Аленская падаравала Гомельскаму касцёлу сенажаць каля Гомеля.

3 красавіка 1703 (ці 1730) г. граф Дамінік на Хальчы Халецкі ахвяраваў Гомельскаму касцёлу 1000 польскіх злотых сярэбранай манетай (150 руб.) з абавязкам адпраўлення ў касцёле штотыдзень адной св. Імшы за душу нейкай Алены.

6 кастрычніка 1709 г. шляхціч Юрый Келчэўскі перадаў Гомельскаму касцёлу ў вечнае карыстанне морг грунту ў мястэчку Брылёва.

У 1717 г. Мікалай Корвін Красінскі, староста гомельскі і прапойскі, ахвяраваў Гомельскаму касцёлу 5000 польскіх злотых (750 руб.) з абавязкам адпраўлення штотыднёвай Імшы.

Каталіцкія ордэны разгортвалі духоўную і асветніцкую дзейнасць, якая спрыяла паланізацыі і акаталічванню шляхецкай моладзі. Ва ўсходняй Гомельшчыне актыўна дзейнічалі езуіты. Ордэн езуітаў (ці, больш дакладна, Таварыства Езуса) узнік 17 верасня 1540 г. пры папе Паўле ІІІ. Ордэн быў заснаваны Ігнацыем Лаёлам, які і стаў першым прэпазітам (настаяцелем, пробашчам). Езуіты на землях ВКЛ пачалі працаваць у другой палове XVI ст. Першы калегіум быў адчынены ў Вільні ў 1570 г.

Езуіцкія місіі існавалі ў Гомелі, Хальчы, Чачэрску і Шарсціне. Гомельская, Хальчанская (у маёнтку Халецкіх) і Шарсцінская місіі былі заснаваны езуітамі Бабруйскай рэзідэнцыі. Місіі ў Гомеле і Шарсціне існавалі параўнальна кароткі час, а Хальчанская і Чачэрская дзейнічалі амаль цэлае стагоддзе, да самага выгнання езуітаў у 1820 г. з Расійскай імперыі.

Езуіты вялі місіянерскую работу альбо ў парафіяльных касцёлах, альбо непасрэдна ў вёсках. Місіі ў парафіяльных касцёлах доўжыліся ад трох да чатырох тыдняў. Заняткі (навука) праводзіліся два разы на дзень: ранкам і ўвечары. Набажэнства адпраўлялася пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраменце. Для моладзі і старых праводзілася катэхізацыя.

Місіі непасрэдна ў вёсках (missio pure ruralis) уладкоўвалі ў гаспадарчых будынках, якія для гэтай мэты адпаведным чынам рыхтаваліся, у цэнтры вёскі. Людзі, галоўным чынам прыгонныя, збіраліся на бой звона два разы на дзень, раніцай паміж шостай і сёмай гадзінамі і ўвечары пасля заканчэння палявых работ. Апоўдні збіраліся толькі дзеці на катэхізацыю. Шмат часу адводзілася на малітвы і спевы, якія мусілі замацоўваць у памяці казанні. Пасля гэтага вывучалі галоўныя праўды веры і хрысціянскія абавязкі. Місія доўжылася не менш, чым тыдзень і сканчвалася споведдзю і Святой камуніяй. Місіянер быў абавязаны супрацоўнічаць з уласнікам вёскі, ад якога мусіў дабіцца дазволу на ўдзел у рэлігійных занятках прыгонных сялян, хаця б і коштам іх абавязковай працы на панскіх палетках. У нядзелю і святы рэлігійныя заняткі ў вёсцы перарываліся і пераносіліся да парафіяльнага касцёла. Місіянеры часта карысталіся ўжо гатовымі канспектамі. Напрыклад, рукапісамі Мікалая Леановіча (латыша па паходжанні), місіянера ў Хальчы.

Дзейнасць каталіцкіх ордэнаў, а таксама павелічэнне колькасці касцёлаў і капліц у маёнтках не выклікалі, аднак, значнага пашырэння каталіцтва лацінскага абраду сярод мяшчанства і сялянства ўсходняй Беларусі, якія ў XVII i XVIII ст. належалі пераважна да грэка-каталіцкай царквы. У значнай ступені на гэта паўплывала выдадзеная Апостальскаю Сталіцаю ў 1624 г. забарона пераходу з усходняга абраду на лацінскі без папярэдняга дазволу. Гэта забарона выклікала пратэсты мясцовай «рускай» шляхты і ёю ўсяляк абміналася, аднак, яна павінна была ўлічвацца рыма-каталіцкімі святарамі. Таму езуіты маглі весці місійную дзейнасць сярод іншаверцаў, да якіх залічваліся і праваслаўныя, аднак спробы перацягвання грэка-католікаў у лацінскі абрад часта выклікалі ўмяшанне грэка-каталіцкага духавенства. Бывала, што такія канфлікты заканчваліся ў касцельных судах. Такім чынам, нягледзячы на некаторую непаслядоўнасць, унія была да падзелаў Рэчы Паспалітай перашкодай, якая стрымлівала масавае акаталічванне сялянства і мяшчанства. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што менавіта каталіцкія святары, як маглі, спрыялі пашырэнню уніі на землях Гомельшчыны.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі расійскія ўлады тэрмінова прыступілі да кадыфікацыі прававых норм дзейнасці касцёла ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам і палітыкай, накіраванай на замацаванне земляў былой Рэчы Паспалітай у складзе Расіі. Расійская ўлада ўзяла на сябе абавязацельства ахоўваць свабоду каталіцкага веравызнання. У трактаце па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай (ад 11 ліпеня 1793 г.) Кацярына ІІ абвясціла «за себя, наследников преемников своих… оставить римских католиков обоих церковных обрядов на вечные времена при спокойной принадлежности преимуществ, собственности и церквей, при свободном отправлении их богослужения и церковного порядка и при всех правах к оному принадлежащих». Умовай было прыняцце прысягі на вернасць.

Пасля прысягі землеўласнікам пакідалася зямельная маёмасць, а на католікаў распаўсюджваліся правы жыхароў Расіі.

У 1775 г. былое Гомельскае староства было падаравана графу П.А.Румянцаву.

Усе спробы Рыма наладзіць кананічныя сувязі з касцёлам у Расіі разглядаліся ўладамі як спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы імперыі. Кацярына ІІ указамі ад 14 снежня 1772 г., 26 студзеня 1782 г. і 6 верасня 1795 г. забараніла абвяшчаць у імперыі папскія булы без папярэдняга іх прагляду. Указамі ад 3 ліпеня 1779 г., 9 студзеня 1780 г., 28 лютага 1784 г. і іншымі Кацярына ІІ абмежавала, а потым і наогул забараніла ўсялякія сувязі каталіцкага духавенства з замежжам і загадала прымаць загады толькі імператарскай улады і Сената.


Last modified onЧацвер, 19 Сакавік 2015 10:48

Каментары   

+2 #1 А.А. 2014-05-28 20:49
А вось так выглядала царква Нараджэння Божай Маці, на месцы якой цяпер стаіць касцёл:

Цытаваць | Паведаміць мадэратару

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць