BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

З кнігі "Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны"

 

У канцы XVIII ст. арцыбіскуп С.Сестранцэвіч здзейсніў у Магілёўскай архідыяцэзіі рэарганізацыю дэканатаў у адпаведнасці з павятовымі межамі. У пачатку ХІХ ст. у архідыяцэзіі налічвалася 29 дэканатаў. Асноўная іх частка знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Цэнтрамі дэканатаў былі Бабінавічы, Віцебск (дэканат Віцебск—Веліж—Сураж), Гомель (Беліцкі дэканат), Дрыса, Копысь, Лепель, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Полацк, Рагачоў, Рэчыца, Сянно, Чавусы (дэканат Чавусы—Чэрыкаў).

Беліцкі (Гомельскі) дэканат у 1803 г. налічваў чатыры парафіі: Гомельскую, Нежынскую, Люшаўскую і Гросвердэрскую. Неўзабаве Люшаўская парафія была перададзена на некаторы час іншаму, верагодна, Быхаўскаму дэканату.

У сярэдзіне ХVIII—пачатку ХІХ ст. пераважную частку католікаў на Гомельшчыне складала дробная шляхта. Другой буйной групай былі сяляне-католікі, асноўная частка якіх жыла кампактна ў вёсках Рудня-Нісімкавіцкая, Рудня-Дудзіцкая, Рудня-Барталамееўская і некаторых іншых.

Зямян (буйных землеўладальнікаў) налічваўся толькі невялікі працэнт ад усіх католікаў Гомельшчыны, але яны валодалі значнай часткай зямлі.

Значна больш было дробнай шляхты, якая валодала сярэднімі і невялікімі маёнткамі і фальваркамі.

Невялікія маёнткі называлі фальваркамі. Фальваркі фігуруюць у дакументах з ХVІ ст. і з’яўляюцца параджэннем валочнай рэформы.

Часта ў фальварках жылі аканомы ці арандатары вялікіх маёнткаў. Фальваркі месціліся непадалёку ад вёскі ці вялікага маёнтка, часта і назву мелі тую ж.

Амаль адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай аб’ектам пільнай увагі расійскіх улад стала шматлікая дробная шляхта. Прычынай гэтага была яе вялізарная колькасць з пункту гледжання расійскіх чыноўнікаў.

У цэлым жа для шляхецкага каталіцкага («польскага») насельніцтва была характэрнай наяўнасць рознага тыпу паселішчаў. Акрамя вёсак яны пражывалі таксама і на хутарах, у аколіцах і засценках. Гэтыя тыпы паселішчаў склаліся ў папярэдні перыяд як месца жыхарства шляхты — акольнічай, засцянковай. У дарэвалюцыйны час аколіцы (ад «околоти» — абкружаць, агароджваць) былі вельмі распаўсюджаны.

Да сярэдзіны ХІХ ст. Беліцкі дэканат, які з 1853 г. стаў называцца Гомельскім, пашырыў свае межы як за кошт беларускіх парафій (былых езуіцкіх Чачэрскай і Радужскай парафій), так і за кошт украінскіх. У 1820 г. да дэканата была далучана Радужская паезуіцкая парафія. У 1850 г. з Быхаўска-Рагачоўскага дэканата перададзена Чачэрская парафія. У 1854 г. дэканат налічваў восем парафій: чатыры беларускія і чатыры ўкраінскія.

Гомельскім дэканам у гэты час быў адміністратар Чачэрскага касцёла Мікалай Гіртовіч, які кіраваў дэканатам з Чачэрска.

На працягу 50 гадоў пасля ўключэння ўсходняй Беларусі ў склад Расійскай імперыі, з 1772 г. прыкладна па 1820 г., царская палітыка ў адносінах да Каталіцкага Касцёла была скіравана на выпрацоўку яго прававога становішча ў імперыі ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам. Становішча Касцёла ва ўсходняй Гомельшчыне ў гэты перыяд ў параўнанні з часамі ВКЛ і Рэчы Паспалітай не пагоршылася. Наадварот, менавіта ў гэтыя часы былі пабудаваны мураваныя касцёлы ў Чачэрску, Гомелі, Радузе. У гэты ж перыяд была заснавана і большасць капліц Беліцкага дэканата. Адносіны да Касцёла пачалі мяняцца з таго часу, калі ў 1815 г. езуітаў выслалі з Масквы і Пецярбурга, а ў 1820 г. з усёй Расійскай імперыі. У 1820 г. на Гомельшчыне былі зачынены езуіцкія кляштары ў Чачэрску і Радузе.

З 1825 да 1830 г. Касцёл ва ўсходняй Беларусі (і Расійскай імперыі ў цэлым) захоўваў свой ранейшы прававы статус і тэрытарыяльную структуру. Але з пачаткам царавання Мікалая І, які толькі ў Праваслаўнай Царкве бачыў ідэалагічны падмурак царызму, у дзейнасці Касцёла з’явіліся значныя абмежаванні. Далейшае пагаршэнне сітуацыі адбылося пасля падаўлення паўстання 1831 г. Так, у Чачэрскай парафіі былі забраны і перададзены Праваслаўнай Царкве капліцы ў аколіцах Вараноўшчына, Шапатовічы і Малынічы.

Але асабліва цяжкія часы наступілі для Касцёла і католікаў пасля паўстання 1863—1864 гг. Галоўнай мэтай царскай палітыкі пасля падаўлення паўстання была поўная ліквідацыя ўплыву на жыццё краю з боку каталіцкіх і польскіх колаў, поўнае абрусенне Беларусі. Ворагам нумар адзін урад лічыў каталіцкую шляхту. Супраць шляхты быў накіраваны шэраг абмежавальных законаў. Былі забаронены дваранскія сходы. 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў асобам польскага паходжання набываць зямлю ў беларускіх губернях. Таксама аб’ектам урадавага ціску стаў Каталіцкі Касцёл. Пачалося закрыццё кляштараў і касцёлаў. Каталіцкія святары знаходзіліся пад пільным наглядам з боку мясцовых улад. Іх рэгулярна прыцягвалі да адказнасці за парушэнне шматлікіх забаронаў працэдуры набажэнства, за самавольны рамонт касцёлаў і крытычныя заўвагі ў адрас праваслаўнай царквы. У 1864 г. гомельскага дэкана, які адначасова быў адміністратарам Чачэрскага касцёла, Мікалая Гіртовіча як недобранадзейнага ў палітычных адносінах выслалі з Чачэрска на сталае жыхарства пад пільны паліцэйскі нагляд у Томскую губерню, дзе ён і памёр у 1872 г. У тым жа 1864 г. вікарны ксёндз Радужскага касцёла Фелікс Грахольскі быў высланы ўладамі ў Наўгародскую губерню, бо ён «у размовах неаднаразова выяўляў крайняе сваё незадавальненне да ўрада і выказваў надзею на поспех палякаў у справе іх паўстання».


Last modified onЧацвер, 19 Сакавік 2015 10:48
Каментары   
+2 #1 А.А. 2014-05-28 20:49
А вось так выглядала царква Нараджэння Божай Маці, на месцы якой цяпер стаіць касцёл:

Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць