BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

З кнігі "Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны"

 

Пры гэтым трэба зазначыць, што значная частка шляхты Гомельшчыны не падтрымала паўстання і ўсяляк выказвала сваю лаяльнасць царскай уладзе. Сярод гэтай катэгорыі адзначыліся павятовы спраўнік Фёдар Вікенцьевіч Вяржбіцкі, памочнік спраўніка маёр Аляксандр Вікенцьевіч Кухарскі, калежскі асэсар Ануфрый Восіпавіч Гатоўскі, прыстаў 2-га стана Васіль Іванавіч Саковіч, калежскі асэсар, прыстаў 3-га стана Нікадзім Вікенцьевіч Вірпша, сакратар паліцэйскага ўпраўлення, тытулярны саветнік Вікенцій Фаміч Харкевіч, губернскі сакратар Ілья Гаўрылавіч Акушка, дваранін Фама Восіпавіч Кубліцкі, дваранін Уладзімір Казіміравіч Піантроўскі, губернскі сакратар Іван Пятровіч Маліноўскі, калежскія сакратары Канстанцін Вікенцьевіч Лабунскі і Фама Нічыпаравіч Вяроўкін.

Памешчык Аляксандр Баляслававіч Станевіч унёс ахвяраванні на фінансаванне коннай паўсотні ратнікаў, якую стварылі для барацьбы з паўстанцамі гомельскія стараверы.

Адным з камандзіраў сялянскай варты, якая была створана для барацьбы з паўстанцамі, быў калежскі сакратар Іван Герард, а сялянскімі атрадамі апалчэнцаў супраць паўстанцаў камандавалі вышэй узгаданы адстаўны ротмістр Вяржбіцкі і памешчык Бетулінскі.

Але такое лаяльнае стаўленне да ўладаў часткі каталіцкай шляхты не выратавала католікаў Гомельшчыны ад рэпрэсій, і ў сувязі з падзеямі 1863—1864 гг. назіралася хуткае зніжэнне колькасці гараджан-католікаў, якое доўжылася да сярэдзіны 1870-х гг. Толькі з 1880-х гг. у Гомелі, як і ў іншых гарадах Магілёўскай губерні, прасочваецца хуткі рост каталіцкага насельніцтва. Змены ў дынаміцы колькасці католікаў ва ўсіх гарадах губерні знаходзіліся ў значнай ступені пад уплывам палітычнага фактару ў сувязі з курсам на правядзенне выключных мер у адносінах да каталіцкага (польскага) элемента ў Паўночна-Заходнім краі пасля паўстання 1863—1864 гг. У гэты час здзяйснялася замена мясцовых кадраў у дзяржаўных і навучальных установах на выхадцаў з цэнтральных губерняў Расіі. Гэта ў значнай ступені і адбілася на колькасці католікаў у структуры гарадскога насельніцтва.

У 1866 г. была ліквідавана Радужская каталіцкая парафія. Будынак Радужскага касцёла Унебаўзяцця, верагодна, быў перададзены праваслаўнай царкве, а большая частка парафіі далучана да Чачэрскай.

Цыркулярам віленскага генерал-губернатара М.Мураўёва ад 1 студзеня 1864 г. забаранялася ўжываць у афіцыйнай перапісцы і карыстацца ў грамадскіх месцах польскай мовай. Наступствы гэтай забароны прасочваюцца па архіўных дакументах. Калі яшчэ ў 40-х гг. ХІХ ст. касцельная перапіска вялася пераважна па-польску, то пачынаючы з 60-х гадоў толькі на рускай мове.

29 чэрвеня 1864 г. М.Мураўёвым быў падпісаны цыркуляр аб абмежаванні пабудовы новых ці аднаўлення старых рыма-каталіцкіх касцёлаў, капліц і алтароў, якое заставалася правамоцным і пасля вылучэння ў 1869 г. Магілёўскай губерні з Віленскага генерал-губернатарства. Пасля падпісання гэтага цыркуляра на любы рамонт касцёла ці капліцы, нават дробны, трэба было атрымаць дазвол улад.

Цыркулярамі ад 19 і 23 студзеня 1865 г. забаранялася прызначэнне ксяндзоў на духоўныя пасады і настаўнікамі Закона Божага без згоды губернатара. Указам імператара ад 8 кастрычніка 1865 г. было вызначана рускамоўнае вывучэнне каталіцкага катэхізіса ў беларуска-літоўскіх губернях.

Цыркуляры ад 8 ліпеня 1864 г. і 19 верасня 1867 г. прадугледжвалі абавязковы дазвол адміністрацыі на ўстаноўку прыдарожных крыжоў і ўмацаванне на іх абразоў.

Частка католікаў была гвалтоўна пераведзена ў праваслаўе. Так, за перыяд з 1863 г. па 15 ліпеня 1866 г. у Магілёўскай губерні было пераведзена ў праваслаўе 983 чалавекі. Некаторыя католікі перайшлі ў праваслаўе дабраахвотна, каб пазбегнуць ціску і рэпрэсій з боку ўладаў.

Паводле падлікаў В.Яноўскай (Грыгор’евай), колькасць католікаў у Магілёўскай губерні за перыяд ад пачатку 1860-х да 1897 г. зменшылася з 4,66% да 2,9%.

З канца 1860-х гг. адбываліся пэўныя перамены ў сферы антыкасцельных мерапрыемстваў. Улады, не адмяняючы абмежавальных цыркуляраў, пачалі выказваць пэўную павагу да каталіцкай канфесіі і сталі значна менш выкарыстоўваць рэпрэсіўныя сродкі.

Да пачатку 80-х гг. ХІХ ст. Гомельскі дэканат налічваў пяць парафій, дваццаць капліц і 5830 католікаў. У Гомельскай парафіі ў гэты час быў адзін касцёл, дзевяць капліц і 2223 вернікі.

У 1882 г. з Рагачоўска-Быхаўскага дэканата ў Гомельскі была перададзена Антушаўская парафія.

Апублікаваны 17 красавіка 1905 г. указ аб верацярпімасці нарэшце прынёс рэлігійным меншасцям імперыі (і католікам у тым ліку) адносную доўгачаканую свабоду веравызнанняў. Згодна з указам пераход з праваслаўя ў іншыя веравызнанні больш не пераследаваўся па закону. Указ стаў падставай для аднаўлення адносна нармальнай дзейнасці Каталіцкага касцёла, хаця цяжкасці і перашкоды заставаліся і надалей. У перыяд з 1905 па 1909 г. у Расійскай імперыі толькі па афіцыйных дадзеных 233 000 чалавек перайшлі ў каталіцтва. Дакладна невядома, колькі чалавек на тэрыторыі Гомельскага дэканата сталі католікамі, але несумненна, што пераход у каталіцтва на Гомельшчыне меў месца. Так, Я.Жыскар на старонках кнігі «Nasze koscioły. Archidjecezja mohylewska» прыводзіць звесткі аб пераходзе (або, дакладней, вяртанні) ў каталіцтва значнай колькасці сямей аколіцы Любавін у Люшаўскай парафіі.


Last modified onЧацвер, 19 Сакавік 2015 10:48
Каментары   
+2 #1 А.А. 2014-05-28 20:49
А вось так выглядала царква Нараджэння Божай Маці, на месцы якой цяпер стаіць касцёл:

Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць