BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

З-за чаго мы любім негатыў?

Гаворачы аб забойцах, злодзеях і гвалтаўніках, нашы грахі на іх фоне пачынаюць здавацца нявіннымі грашкамі, ды і наогул глупствам, нявартымі сур'ёзнай увагі.

Спачатку хачу ад усяго праваслаўнага сэрца павіншаваць хрысціян заходняга абраду з насталым у іх святам святой Пасхі і новым архіпастырам, навіны аб якім прыходзіць адна лепш за другую і грэюць душу. Няхай у вас усё будзе добра, сябры!

Ну а ў нас, праваслаўных, працягваецца Вялікі пост, самая яго сярэдзіна. Час ўстрымання, духоўных разважанняў і паглыбленай малітвы. Падзялюся сёння думкамі, што зачапілі мяне ў гэтыя дні. Спачатку перадгісторыя. На нашым вясковым прыходзе, дзе я маю гонар служыць, ёсць звычай пасля багаслужэння збірацца з вернікамі піць гарбату, размаўляць на розныя тэмы і аналізаваць сваё жыццё ды ўчынкі. На жаль, нярэдка наша гутарка скочваецца да пераказу розных жудасных гісторый: вось там п'яны збіў сям'ю з дзецьмі, а вось там ваўкарэзіна забіў людзей нявінных, а вось гэты вось скраў з бюджэту столькі-та грошай, ну і ў канцы шматзначныя ўздыхі і калыханні галавой, маўляў: «Як яны маглі? Як яны маглі»? Доўга я не мог зразумець, чаму падобныя тэмы так для нас бываюць прывабнымі? Нават па ТБ лепшы час адведзены праграмам аб забойствах, згвалтаваннях, п'янстве і розных жахах. Часам ствараецца ўражанне, што вакол жывуць адны амаральныя асобы, столькі пра іх ідзе інфармацыі.

Прааналізуйце, сябры, сваё асабістае жыццё. Бо часта так бывае, што мы з нейкім хваравітым задавальненнем выслухоўваем плётку аб брыдкім граху таго ці іншага чалавека. Напэўна, многія з вас задумваліся над прыродай гэтай нездаровай цікавасці і відавочна ў вас ёсць свой адказ на гэтую анамалію, я ж распавяду аб сваім адкрыцці, вось яно. Калі мы чуем навіну пра тое што нехта забіў блізкага або абакраў старых, ці згвалціў каго, або дэбашырыў п'яным, ці яшчэ нешта падобнае, мы міжволі параўноўваем жыццё гэтых нягоднікаў з уласным жыццём і... (о цуд!) мы знаходзім сябе амаль праведнымі на фоне іх. І нашы грахі здаюцца нявіннымі грашкамі, ды і наогул абы чым нявартымі сур'ёзнай увагі.

Ва ўласных вачах мы як бы духоўна вырасцем, ствараецца ілюзія праведнасці. Вось яна прычына (або адна з прычын), па якой нам падабаецца выслухоўваць плёткі пра подласць іншых. Мы як бы кажам сабе: «Фу-ф, ну падумаеш я пару разоў жонцы здрадзіў... Я ж нікога не згвалціў і не забіў, як гэтыя вырадкі па ТБ. А здрада, ды зараз амаль усе здраджваюць». Або: «Ну, падумаеш, скраў 100$? У мяне зарплата маленькая і наогул, хай сорамна будзе тым, хто мільярды ў дзяржавы адводзіць», і.г.д., усім гэтым апраўданням няма канца.

Ці не праўда - які лёгкі шлях для «дасягнення» святасці? Усяго-то трэба параўнаць свае недахопы з злачынствамі іншых і "вуаля!", ты ўпэўнены што святы. Ну добра, будзем больш сціплымі: не святы, але нармальны, добры і станоўчы сем'янін з невялікімі (?) грашкамі, але з кім не бывае!? З кім не бывае!? :) І больш за тое (давайце будзем сумленнымі), часам нават лягчэй ад таго, што вакол людзі грашаць не чырванеючы. Бо адна справа, калі са ста чалавек ты адзіны, хто адважыўся на крадзеж (да прыкладу). І зусім іншая справа, калі са ста чалавек 90 крадуць і ты разам з імі. У першым выпадку пакуты сумлення будуць вельмі вострымі. У другім гэтых пакут амаль не будзе: «Усе так робяць».

А з якім азвярэннем ў кампаніі моладзі уломваюць таго, хто адмаўляецца пакурыць траўку ці выпіць да саўдзелу ў гэтай справе... Бо пакуль ёсць хтосьці, хто не жадае грашыць, усе астатнія адчуваюць ўнутраны дыскамфорт. А калі ў кампаніі ўсе робяць гадасць... Дайшло да таго, што маладыя людзі саромеюцца нават факту ўласнай цноты, каб сябры не засмяялі. Бо, маўляў, злачынства - у 14 ці 15 гадоў быць нявінным. Усё гэта плён сучаснай культуры спажывання.

Зрэшты, добра, што не ўсе на гэта вядуцца, і ёсць надзея на здаровае абнаўленне жыцця. Памятаю, алеем на сэрца ляглі радкі адной школьніцы:

У жыцці мала засталося прыроднага,

Нам ужо не дасталася прыгожага,

Захапляцца павінны мы пачварамі,

Таму што так модай загадана. 

I яшчэ. Самых доўгіх і глыбокапакаянных споведзяў я бываю сведкам не ў людзей, якія рэдка царкву наведваюць, а менавіта ў людзей, якія рэгулярна ў ёй бываюць. Вось жа парадокс. Не, людзі ў храмах не грашнейшыя за іншых, яны мабыць больш сумленна ставяцца адносна свайго жыцця. Бывае, сустрэнеш малоцаркоўнага грамадзяніна, і ён давай табе распавядаць (часта са смехам) які ён грэшнік, што маўляў з яго грахамі нават у пекла не возьмуць. А даходзіць справа да споведзі, толькі і скажа: «Дык чым грэшны?.. Словам, справай, думкаю... не ведаю што яшчэ сказаць».

Ведаеце сябры, у мяне ёсць даўняя мара, каб хтосьці на тэлебачанні здагадаўся стварыць праект на падабенстве НТВшнага «ЧП», толькі не пра забойцаў і розных гадзяняў, а пра выпадкі праявы высакароднасці, гонару і дабрыні. Каб мы параўноўвалі сябе з годнымі людзьмі, людзьмі слова, гонару, праўды ды імкнуліся ім пераймаць. Каб мы перасталі ганарыцца сваёю «праведнасцю» пры сузіранні злачынцаў, а адчувалі патрэбнасць духоўнага росту, бачачы людзей высокага духу.

Не выпадкова ж Хрыстос у Евангеллі даў невыканальную запаведзь веруючым у Яго: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны». (Матф.5: 48). Ніхто, нават ніхто са святых не можа пахваліцца тым, што выканаў гэты загад Госпада і стаў дасканалым як Бог. Гэтая запаведзь нам дадзена для таго, каб нашае духоўнае жыццё было дынамічным і вечным, як вечны Бог. Каб мы ні разу не спыніліся і не сказалі сабе: Усё. Я дасягнуў дасканаласці і святасці. Зараз я не такі як іншыя людзі. Мы сёння як ніколі маем патрэбу ў інфармацыі аб добрых прыкладах жыцця, а гэтага як ніколі сёння мала.

Last modified onПятніца, 05 Красавік 2013 12:09
Каментары   
+1 #1 Павел 2013-04-05 12:49
Большое спасибо за поздравления, отец Николай! Желаем православным братьям выдержать этот пост со Христом и принять в сердце радость Пасхи!
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць