BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды
Print this page

Для чаго Бог стварыў жывёлаў? [фота майго сабакі]

Часта ў апошні час чую лёгкую непрыязнасць з боку святароў да хатніх жывёлаў. Маўляў, сям'ю трэба будаваць, дзяцей гадаваць, а яны (г.зн. сабакары) заводзяць сабе ўлюбёнца і ўжо не ведаюць, як яму дагадзіць. Задумалася. Бо я і ёсць той самы ўладальнік чацвераногага ўлюбёнца!

У дзяцінстве ў мяне ніколі не было хатніх жывёл - бацькі адпужвалі ўсе мае намеры ў гэтым кірунку абуджэннем раніцай, каб пагуляць, кармленнем і штодзённай уборкай кватэры ад поўсці. А прачынацца раніцай яшчэ раней, чым таго патрабавала школа, для мяне было страшна. Вось так і жыла - хочацца і колецца. А потым усё вырашыў выпадак (ці не выпадак?..). Знаёмы ад'язджаў у іншую краіну і ягонаму хатняму гадаванцу патрэбен быў новы дом і новы гаспадар. Ні секунды не раздумваючы, я стала ўладальнікам залацістага рэтрывера.

Мы хутка знайшлі агульную мову. І якім жа адкрыццём для мяне стала, што мой новы сябар зусім не супраць у выхадныя адпачыць да 12. Пры гэтым ён так жа лёгка гатовы прачнуцца да ўсходу і дзень правесці на прыродзе. Мы разам купаемся летам, катаемся на санках зімой, спім цэлы дзень у дажджлівую нядзелю - у нас апынулася шмат агульных інтарэсаў.

Аднойчы, калі Тамерлан паводзіў сябе неналежным чынам у прысутнасці майго добрага знаёмага, я ўсклікнула: "Ах, які ты нявыхаваны!" У адказ на гэта пачула ад знаёмага: "Увесь у гаспадыню". А калі пры маці абвінаваціла сабаку ў ляноце, то што адказала маці? "Увесь у гаспадыню!" У кожным жарце ёсць доля жарту. Не выпадкова ж кажуць, што хатнія гадаванцы падобныя да сваіх гаспадароў.

І тады я з цікаўнасці склала спіс добрых і дрэнных якасцяў Тамерлана. І зразумела, што гэта мой спіс, мае добрыя і дрэнныя якасці! У многіх з іх я б ніколі не знайшла смеласці прызнацца нават сабе!

І ў мяне з'явілася думка, што, калі ўсе людзі, якія з'яўляюцца ў маім жыцці - не выпадковасць, то чаму сабака - выпадковасць? Тамерлан за гэты год, што жыве са мной, навучыў мяне адказнасці. Паказаў мне, што я абсалютна не гатовая была ахвяраваць сваімі планамі і сваім часам. Я забывалася набыць яму прадукты, ленавалася прыгатаваць яму ежу. А ён - галодны - мужна трываў і заўсёды радасна сустракаў мяне. Калі быў ня з'едзены, але панадкусаны лінолеум у калідоры, я адкрыла ў сабе такую эмацыйную нявытрыманасць і агрэсію! Самой было страшна. А цяпер я ўмею лічыць да 10. Часам, праўда, даводзіцца і да 100... Колькі разоў я прымушала сябе ісці з ім за Сож, а потым атрымлівала такое велізарнае задавальненне ад прагулкі, што і дадому вяртацца не спяшалася.

Гэта ўсяго толькі сабака. Але што зробіш, калі менавіта ён стаў маім люстэркам. І я ведаю, што ён мяне любіць сваёю вернаю сабачай любоўю. Не за штосьці, а насуперак. І гэтаму мне, чалавеку, трэба ў яго павучыцца.

 

фота Дзяніса Глазіна

Last modified onАўторак, 16 Красавік 2013 17:20