Logo
Print this page

Чаму я прыходжу на Імшу кожны дзень

Па нядзелях у нашай святыні сотні вернікаў, а па буднях - адзінкі...

Вось ужо тры месяцы як я прыняў пастанову прыходзіць на святую Імшу - па магчымасці - кожны дзень. Праўда, прымаючы такое рашэнне, я думаў, што магчымасці часта не будзе. Але не - кажучы па сумленні, практычна кожны дзень Гасподзь дае мне такую магчымасць. Сёння я пішу свае развагі, прапусціўшы Імшу з-за хваробы (хоць не такой цяжкай, каб не прыйсці ў святыню) і усвядоміўшы, як мне стала не хапаць ўдзелу ў Імшы.

За гэтыя тры месяцы штодзённага знаходжання ў святыні (праўда, суботы я пакуль прапускаю) магу казаць аб некаторых тэндэнцыях. Спачатку - знешніх. На службы па буднях у маёй парафіі збіраецца ад 5 да 10 чалавек, вельмі рэдка - да 15. Нядаўна распарадак Імшаў змяніўся, і цяпер службы сталі праводзіць ўдвая часцей - і ўранку, і ўвечары. Спадзяваўся, што людзей у святыні стане больш, бо шанцы патрапіць на Імшу павялічыліся ўдвая. Але пакуль надзеі не спраўдзіліся. Колькасць парафіянаў на імшах засталося ранейшым, і не зменшылася ўдвая дзякуючы таму, што некаторыя з пастаянных удзельнікаў Імшы сталі прыходзіць і раніцай, і ўвечары...

Спадзяюся, я не асуджаю тыя некалькі сотняў пастаянных парафіянаў святыні, якія прыходзяць на Імшу толькі па нядзелях, а проста шкадую аб тым, які дар яны губляюць. Так, у абавязках католіка - удзельнічаць у Імшы як мінімум кожную нядзелю, іншага правіла няма. Але прыводзіць у храм і па буднях можа яшчэ адзін закон - любові. Я і ніхто іншы не прыходзіць на Імшу сам - нас прыводзіць Гасподзь, а мы толькі адказваем на Яго заклік. Або не адказваем.

Ізноў жа не з пыхі, а са шкадаваннем заўважаю, што мы з жонкай - адзіныя больш-менш маладыя людзі, якія рэгулярна наведваюць Імшы па буднях. Так, Гасподзь даў нам вялікія бонусы для гэтага: мы жывем усяго ў двух прыпынках ад святыні і не маем жорсткага працоўнага графіка. Можа быць, у кагосьці ёсць падобныя ўмовы жыцця, падобныя магчымасці, але ён пакуль не прыходзіць на Імшы хоць бы два-тры разы на тыдзень?

Я паспрабую растлумачыць, чаму мне неабходна аддаваць кожны дзень гэтую гадзіну для стасункаў з Богам. Матывавалі мяне да гэтага многія аўтарытэтныя людзі - як тыя, што сёння ходзяць па зямлі, так і святыя, якія ўжо жывуць у Небе. Калі святыя штодня ўдзельнічалі ў імшы (а некаторыя і спавядаліся кожны дзень), то чаму гэта не можа быць маім шляхам? Калі не імкнуцца да святасці, які тады наогул сэнс у веры? Вядома, штодзённы ўдзел у Імшы зусім не гарантуе мне месца ў Валадарстве Нябесным. Хрысціянства - не збор законаў і тэхналогій, выконваючы якія, аўтаматычна трапляеш у рай. Таму я прыходжу ў святыню дзеля таго, каб кожны дзень у маім жыцці не быў бессэнсоўным.

Вельмі добра пачынаць са святой Імшы дзень. Але часта я прыходжу на службу і па вечарах. І тады стаю перад Хрыстом і задумваюся, які сэнс сёння меў мой дзень для вечнасці? Усё, што б я ні зрабіў сёння, хай нават шмат добрых і вялікіх справаў, ніколі не змогуць уратаваць мяне. Таму што зла, грахоў, спраў супраць Божай любові я заўсёды раблю значна больш. Таму выйсце адно - скласці іх усе перад алтаром і спадзявацца на Ісуса. Хачу дзякаваць Яму - таму я на Імшы. Дзе, як ні ў святыні, я магу атрымаць сілу ад Госпада, злучаючыся з Ім у святой Камуніі? Дзе яшчэ я змагу пазнаваць Яго, вучыцца ў Яго, узіраючыся ў крыж і слухаючы Яго слова? «Эўхарыстыя - крыніца нашага збаўлення», - такімі словамі амаль кожную службу пачынае адзін з нашых святароў. І таму кожны дзень я хачу ўдзельнічаць у Імшы - каб кожны дзень атрымліваць магчымасць умацавацца ў Госпадзе, і не страціць шанец на збаўленне - кожны дзень.

Прымайце ўдзел у апытанцы: Як часта ты наведваеш святыню? >>>

Last modified onПятніца, 30 Кастрычнік 2015 13:46
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.