BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Чаму хрысціяне бываюць чэрствымі і нелюдзімым?

«Схільныя да распусты часта бываюць спагадлівыя і літасцівыя, хуткія на слёзы і ласкавыя; але тыя, што імкнуцца да чысціні, не бываюць такія».

Калісьці даўно быў сведкам жудаснай карціны ў адным праваслаўным манастыры. Зімовы халодны вечар. Перад брамамі манастыра стаіць жабрак і жаласліва так просіць: «Дайце што-небудзь паесці». Насупраць яго стаіць паслушнік гэтай мясціны і вінавата адказвае, што святар N блаславіў даваць есці толькі тым жабракам, якія ведаюць «Ойча наш» (жабрак гэтай малітвы не ведаў).

Здаецца, тады я ўпершыню за шмат гадоў адчуў бязмежную злосць і нянавісць і да гэтага святара, і да такіх парадкаў. Быў скандал, але гэтая гісторыя, напэўна, на ўсё жыццё застанецца ў маёй памяці. Я пішу ўсё гэта да таго, што і зараз не зусім добра разумею, чаму некаторыя людзі ў царкве становяцца/застаюцца часам чэрствымі, халоднымі, нелюдзімымі?

Можна было б дапусціць што гэта неяк звязана з асобнымі членамі Царквы, маўляў розныя людзі бываюць, розныя характары, і не трэба ўсё валіць на Царкву як арганізацыю. Так, усё слушна, гэта так, але вось бярэм аўтарытэтную ў царкоўных колах кнігу духоўных павучанняў святога Яна Лествечніка (+649) і чытаем ягоную інструкцыю: «Схільныя да распусты часта бываюць спагадлівыя і літасцівыя, хуткія на слёзы і ласкавыя; але тыя, што імкнуцца да чысціні, не бываюць такія». (Лествіца. Слова 15).

Ну вось чаму тыя, «што імкнуцца да чысціні» (аскеты) не бываюць спачувальнымі, міласэрнымі, ласкавымі і хуткімі на слёзы? Што такое адбываецца з падзвіжнікам, што ён становіцца каменем? І навошта гэта трэба? Каму гэта трэба? Зразумела, такі настрой лёгка перадаецца простым вернікам і такая аскетычная сухасць бывае нават падставай для гонару некаторых.

Сумнае відовішча, тыя якія павінны б быць літасцівыя як Нябесны Айцец (Лук.6: 36), становяцца чэрствымі. Напэўна, няхай гэтыя мае разважанні будуць як папярэджанне тым людзям, якія толькі-толькі ўваходзяць у Царкву. Ёсць сярод нас і такая спакуса (а лепш сказаць выпрабаванне), не паддавайцеся ёй, калі сутыкнецеся. Мне служаць сапраўды алеем на сэрца словы аднаго епіскапа, сказаныя маладому манаху: «Сын мой, ты сёння набыў вобраз анёльскі! Але глядзі, не згубі вобразу чалавечага». І дадаць да гэтага няма чаго :)

Вось напісаў гэта і падумаў, што не першы раз падымаю крытычныя тэмы наконт нашага царкоўнага жыцця. І ў каго-небудзь з чытачоў можа скласціся падманлівае меркаванне, што ў царкве адны праблемы і недахопы. Але гэта не так, зусім не так. На шчасце, гэта толькі невялікая грань нашага быцця.

Значна больш у нашых супольнасцях светлага, добрага, вечнага. Пра што тут спрачацца, калі ці ледзь не кожны дзень сустракаюцца людзі (і нават малаверуючыя), якія прыходзяць у царкву проста пасядзець, пабыць, падыхаць храмавым паветрам. Слава Богу, што так ёсць. Вось бы было добра, калі б усё наша жыццё стала як храм. Каб блізкім каля нас было лёгка, светла і цёпла. Бо па вучэнню Евангелля, чалавек і ёсць самы дарагі для Бога храм (1Кар.6 : 19), у якім Ён жадае жыць.

Last modified onПятніца, 18 Кастрычнік 2013 10:54
Каментары   
+1 #2 Женька Богданова 2013-10-18 12:31
добры артыкул.,гэта вельмi глыбокае пытанне закрануу.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+2 #1 Вольга 2013-10-18 11:55
**выпрабаваў залімітавую злосць**

лепей **адчуў бязмежную злосць**
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць