Logo
Print this page

Хварэць не шкодна. Як мяне аперыравалі, і чым аперыраваў я

Гэтую плынь свядомасці выліваю, каб прыйсці ў свядомасць. Карцінак далей не будзе - толькі адна. А так - суцэльная плынь. Чытаць раю выключна апошнюю частку - пра Жалезнага чалавека.

Трэція выходныя ў шпіталі. Не думаў, што гэта так зацягнецца. І зацягне. Як і не думаў, што не ўбачу больш Юру, якога не прывезлі з рэанімацыі. Тады ўсё здавалася жартам. Што ўсё будзе лёгка і хутка. Так і было - спачатку.

Канешне, подпіс пад тым, што рызыку ўсведамляеш - што можаш не бачыць, не чуць, не хадзіць, не падняцца - надаваў трагізму. Але таксама быццам жартам. Тым больш, я гэтага жадаў і прасіў: колькі можна сядзець у багне, губляць бессэнсоўна дні, зрабі са мной што-небудзь, узварушы, вазьмі ў Свае рукі...

МЯНЕ НАЗЫВАЛІ МЕДБРАТАМ

Аперацыю прызначылі праз пяць дзён. Столькі часу чакання! Ужо цяжка. Але давяраю Табе - значыць, так трэба. Навошта я тут на такі тэрмін? Ага, зразумеў - служыць іншым. Паказваць Цябе. Не, не сябе, калі ласка, - толькі Цябе. Не атрымалася.

- З вамі 7-я палата проста перамянілася! Самая лепшая палата! Вы такі цудоўны! - казалі медсёстры. А мяне называлі медбратам. Каму што падаць, дапамагчы, патрымаць, пакарміць - я тут. Гэта было лёгка і прыемна. Памаліцца за тых, хто ідзе на аперацыю - як гэта цудоўна.

Я ляжаў на прыстаўной кушэтцы пасярэдзіне палаты, і калі вызваляўся ложак, не займаў яго. Саступаў навічку, каб яму было лепей, а самому мне, маўляў, і так добра - прывык ужо. «Якое ў цябе добрае сэрца!» - казалі з замілаваннем. Канешне, я пярэчыў: усё добрае - толькі ад Яго, а я нішто. Відаць, мне не верылі.

Ноўт з анлімам былі толькі ў мяне. Мужыкі папрасілі кіно, канешне - я напагатове. Пачалі з «Тэрмінатара-2». Потым «Апакаліпсіс» Гібсана, а затым прапанаваў «Пакуты Хрыстовы».

- Ты уключай, - кажа адзін, - але я глядзець не буду, засну. Я звычайна вось так ўключаю па целіку нейкія праграмы фантастычныя, слухаю як казку і засынаю...

На сярэдзіне фільму ўваходзіць медсястра здымаць кропельніцы, стаўлю на паўзу. «Працягваць глядзець будзем?» - пытаюся.

- Давай, канешне. Я так і не заснуў, хочацца пабачыць, што далей будзе. Хоць адчуваю, што нічога добрага...

- Ды не, усё будзе добра, - адказваю. - Яго заб'юць, але так і трэба. - Заб'юць?? Хіба гэта добра??

- Але Ён сам гэтага хацеў, Ён гэта для нас зрабіў.

Цішыня ў залі. Дагледзелі ў маўчанні.

ДЗЯНІС: «МНЕ НЕ ПАДАБАЕЦЦА, ЯК ЁН МЯНЕ ЛЮБІЦЬ»

Хрысціўся ў сталоўцы перад ежай. Глядзеў трансляцыі Імшаў. Не, мне не верылі. Напэўна, першым званочкам для мяне быў Дзяніс. Ён моўчкі панура паліў, калі чакаў аперацыі. І пасля яму лепей не стала. Я распавёў Дзянісу, што Бог яго любіць. «Магчыма. Але мне не падабаецца, як Ён мяне любіць». Адказу я не знайшоў.

У дзень аперацыі я пачуў, як хірург сказаў пра мяне маладому лекару: «Скажы яму, што сёння нічога не будзе - я не паспею. У пятніцу».

У пятніцу. Нездарма я пераглядаў «Пакуты Хрыстовы». Але тады яшчэ здавалася ўсё несур'ёзным.

Зноў дні чакання! Навошта? Служыць далей? Я ўжо стаміўся. Вырашыў: быць адкрытым для іншых. Усім не хапае ўвагі.

Навокал панурая цішыня. Хто зусім слабы - ляжаць па палатах, каму лепей - як зомбі соўкаюцца па калідоры. Тут нават у сталоўцы цішыня. Моўчкі сядаюць за сталы і з'ядаюць прэсную капусту. «А вы адкуль, а што ў вас, чым дапамагчы?» - кідаўся я да людзей. Быццам, рабілася крыху весялей, так.

А ПОТЫМ Я ЗЛАМАЎСЯ

Спачатку рэзалі Юру, з якім мы весела парушалі рэжым. Мы ўвесь дзень маліліся разам з яго маці. Складаная аперацыя скончылася паспяхова. Ужо праз колькі гадзін Юра вырваў катэтэры і пайшоў паліць у прыбіральню. Ай свавольнік, ай гарэза!

- У мяне чацвёртая жонка. Ад жыцця трэба браць паболей. Я ні аб чым не шкадую! - казаў ён, калі мы апошні раз вярталіся з курылкі. Апошні.

Я казаў яму, што так не варта, што гэта падман, разбурэнне і грэх. Але што Бог любіць яго нават такім. Не ведаю, ці тое я сказаў, але болей ён мяне не чуе. Паўторны інсульт, рэанімацыя. Здавалася, зараз Юра зноў вернецца, вырве катэтэры і пойдзе паліць. Але кома, стан цяжкі без зменаў. Ужо другі тыдзень.

І затым пачалося балюча. Боль наступаў знутры і звонку. Я не сумняваўся, што аперацыя будзе ў пятніцу.

Калі прыйшоў цалкам у прытомнасць пасля наркозу, было цёмна. Чаму побач няма медсястры? Ніхто не дапаможа? Кропельніца апусцела - і нікому няма справы! Мне кепска! Я пакутую - а ўсім усё адно?

Нехта ідзе. Санітарка. «Дасталі! Толькі памыла! Чаму столькі вады налілі?! Ніхто працу не цэніць!»

- Мяне толькі прывезлі з аперацыі!!! Я не падымаўся яшчэ нават! Я не паспеў нічога забрудзіць!!! - сарваўся на крык былы мілы хлопчык з добрым сэрцам.

Я пачаў цаніць простыя рэчы. Звычайная вада стала як наркотык. Родны чалавек побач і падае мне бутэльку - гэта скарб, гэта шчасце. Дзякуй Табе.

Лёгка маліцца за хворых здароваму. Прыемна падаваць грошы, калі іх хапае. Радасна падтрымаць, калі сам маеш сілы. А калі не...

Каб дапамагаць хвораму, трэба яго разумець, гэта значыць - самому быць хворым.

Каб аблегчыць боль іншаму, трэба каб самому балела. Каб адкупіць чалавека, у Бога сапраўды быў толькі адзін шлях - стаць чалавекам.

ПАД РЭАНІМАЦЫЯЙ

Катэтэры, кропельніцы, уколы, пункцыі. Пакуты іншых навокал. «На сцяну лез уначы - так балела», - казаў сусед па палаце колькі дзён таму. «Канешне, разумею - гэта так вобразна кажуць». А не, не разумеў. Толькі цяпер дайшло - калі сам адчуў.

Я таксама стаў соўкацца па калідоры як зомбі. Не размаўляць у сталоўцы. Адстаньце ўсе ад мяне! Не бачыце, што балюча!

Я глядзеў на лекараў і медсясцёр і не разумеў іх. Яны што глухія, сляпыя? Людзі ж па-ку-ту-юць! Напэўна, зашмат болю. Адкуль, навошта столькі болю? Які сэнс? Чаму Ты маўчыш???

- Можна цыгарэтку пазычыць? - знянацку заходзіць у палату малады лекар. Ідзем паліць разам. Я пытаюся, як ён усё гэта трывае. Ці тая гэта праца, якой ён хацеў?

- Ну так, а што? Цяжкавата, калі аперацый шмат. Усё, прабачце, бягу дадому.

Я не асуджаю, не. Я разумею: у іх канвеер. Яны рэжуць, рэжуць і рэжуць. У іх няма часу на пытанні «чаму» і «навошта».

Калі пачаў падымацца, штовечар праводзіў пад рэанімацыяй з бацькамі хлопцаў, якія ляжалі пад апаратамі.

Маці плакалі, я маліўся. Ці была гэта малітва... Альбо амаль неразборлівы паток словаў, альбо проста слёзы. Я не ведаў, чым дапамагчы. Адчуваў, як адна з маці глядзела на мяне з зайздрасцю: я падняўся, а яе сын - не. У яго ацёк мозгу, лекары не даюць шанцаў.

- Я таксама малюся, - кажа яна. - Але, шчыра, лаюся на Бога. Кажу Яму: як жа так, навошта забіраеш майго сына? У яго ж яшчэ ні дзяцей, ні унукаў - ён пажыць паспеў! Чаму?! Але потым прашу прабачэння і зноў малюся.

Я не ведаў, што сказаць. Я толькі папрасіў яе не асуджаць, схадзіць на споведзь і да Камуніі.

- Калі ён падымецца, тады і пайду - дзень і ноч буду на каленях стаяць!

- Не: цяпер, сёння, калі ласка. Гэта яму вельмі патрэбна.

Побач плакала другая маці. А потым мы пачулі плач немаўляці - за вуглом была іншая рэанімацыя, дзіцячая. Ён толькі прыйшоў у гэты свет, і ўжо пакутуе. Чаму, навошта... Мы ўсе замаўчалі.

ЖАЛЕЗНЫ ЧАЛАВЕК КОЛЯ: «МНЕ 32, ЯК І ЧАРНОБЫЛЮ»

У палату пасялілі хлопца з нейрастымулятарам - клемы ішлі ад ключыцы праз шыю і падключаліся да мозгу. Праўда, апарат перастаў працаваць, і трэба было рабіць новую аперацыю.

- Мне 32 гады, як і Чарнобылю, - прадставіўся Коля.

У першы вечар у яго здарыўся прыступ. Сутаргі выкручвалі мышцы так, што амаль ламаліся суставы. Ен скрыгатаў зубамі і стагнаў, пакуль я клікаў медсясцер, яны шукалі доктара, а той вырашаў, ці даваць дозу.

Назаўтра прыступ паўтарыўся. Але ўкол не дапамог.

- Мы не будзем калоць двойчы, бо можа спыніцца дыханне, - сказаў доктар і пайшоў. Мы засталіся ўдваіх. Курчы цягнуліся дзве гадзіны.

Коля не можа глядзець сумныя фільмы, бо тады ў яго пачынаецца прыступ.

Таму я ўключаў кіно па матывах коміксаў - Коля любіць супергерояў. Жалезны чалавек, Эдвард Рукі-Нажніцы ды іншыя «біяробаты» - тыя, хто з электронікай у целе, хто падобныя на яго. Яны натхняюць хлопца.

- Я доўга сядзеў у інвалідным вазку і амаль не рухаўся. Але неяк я прачытаў комікс пра Чалавека-павука. Вораг прымусіў яго паверыць, што ён паралізаваны. Але раптам Чалавек-павук здолеў праз сілу волі паварушыць рукой. А пасля падняўся. Разам з ім падымаўся і я. Спачатку на секунду стаў на ногі. Потым абаперся на вазок. А пасля пачаў хадзіць. Мама плакала.

Коля і цяпер ходзіць - калі няма прыступаў. З вялікі высілкамі ён перастаўляе ногі, трымаецца рукамі за сцены - але ходзіць.

Адзін вечар мы слухалі простыя песні, якія яму падабаюцца. «Я ухожу, ухожу красиво!» - спяваў Рома Звер.

- І я хачу пайсці прыгожа. Проста прыгожа ісці ў закат...

Коля казаў, што я не самы горшы сусед па палаце. А палатаў ён ужо зведаў шмат:

- Амаль усе людзі цяпер глядзяць у свае планшэты і не азіраюцца па баках. Не бачаць нікога навокал.

Па чацвяргах шпіталь абыходзіла сястра міласэрнасці з праваслаўнай капліцы. Яна запрасіла Колю да споведзі.

- Але я не ведаю, што мне казаць... - разгубіўся ён. - Я заўжды дома, амаль ні з кім не кантактую, я не ведаю, якія раблю грахі...

- Ну, можа крыўдзіў маці? Жывёлаў?

- Не...

- Можа, крыўдзіўся на медсясцёр, калі доўга не ішлі рабіць укол падчас прыступу? - спрабую дапамагчы я.

- Ды не...

- Магчыма, ты пакрыўджаны на жыццё, на іншых - з-за сваёй хваробы?

- Не...

- Ну а калі святар проста прыйдзе з табой паразмаўляць?

- Я быў бы рады, але я пачну хвалявацца і мяне здарыцца прыступ...

У знак падзякі яго маці падаравала мне вось такія шкарпэткі, калі мяне выпісвалі са шпіталю. Так, мяне ўжо адправілі дадому. А на маё месца прывезлі хлопца. Ён маладзейшы за мяне, цудоўны прыгожы хлопец. Але на інвалідным вазку. У яго падобная на маю пухліна, але яе няўдала выдалілі. Цяпер хлопец кепска бачыць і не можа хадзіць. Патрэбна новая аперацыя.

- Можна, я буду маліцца за цябе?

- Калі ласка. Думаю, мне гэта патрэбна, - амаль без надзеі кажа хлопец.

Так, я сыходжу, пакідаю гэтае месца суцэльнага болю. Яно не для мяне, а толькі для супергерояў, Жалезных людзей. А я больш не магу. Усё, што здолеў - аддаць іх Табе. У Твае рукі.

Last modified onНядзеля, 09 Снежань 2018 20:08
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.