Logo
Print this page

Што Бог забараняе, або Як веру падмяняюць забабонамі

А вы ведалі, што на царкоўныя святы забараняецца расчэсваць валасы? :)

У святы, якія адзначае Каталіцкая і Праваслаўная цэрквы, у прэсе часта з'яўляецца інфармацыя пра тое, як правільна іх адзначаць. Дзівіць, што некаторыя аўтарытэтныя свецкія выданні замест таго, каб распавядаць пра сутнасць святаў, пішуць адкрытую лухту. Стужкі агрэгатараў навін раз-пораз стракацяць загалоўкамі кшталту «Што нельга рабіць на Тройцу» або нават «Што катэгарычна забараняецца рабіць на Вербніцу», напрыклад. І ведаеце, што? Добра яшчэ, працаваць. Але пішуць нават пра тое, што забараняецца... расчэсваць валасы. Пры гэтым аўтары не распавядаюць, кім менавіта гэта забараняецца. Богам?

З аднаго боку, дзівіць, а з другога - зусім не. Бо вядома, што барацьба д'ябла за душы, сэрцы і розумы людзей не спыняецца. І гэта хітрае стварэнне змагаецца не толькі з дапамогай адкрытага зла.

Як завалодаць чалавекам веруючым, адарваць яго ад Бога? Падмяніць яго хрысціянскую веру на забабоны, на паганства, на спіс абрадаў, якія нібыта прымушае выконваць Гасподзь: гэта трэба, тое трэба, а вось гэта катэгарычна забараняецца...

Дык што ж забараняе Бог? Нічога! Бог даў чалавеку поўную свабоду і не забараняе яму нават ісці прамой дарогай у пекла. Рабіць дабро ці зло - выбар за кожным. «Любі - і рабі што хочаш», - казаў святы Аўгустын. А што такое любіць, паказвае нам Езус Хрыстос на крыжы.

Калі любіш, то не зробіш зла. Калі любіш Бога, то не будзеш парушаць Яго запаведзі. Калі любіш бліжняга, то служыш яму і не шкадуеш нічога для яго. А супраць гэтай любові і змагаецца д'ябал - які забараняе.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.