Logo
Print this page

99 vs 1. Ці патрэбна затрымліваць Імшу з-за чаргі на споведзь?

Чалавек святы скарыстаў бы затрымку для малітвы, але тых, хто далёкі да святасці, такія сітуацыі могуць спакушаць

У розных парафіях, дзе бываў на святой Імшы, часам назіраў такую карціну: служба не пачынаецца своечасова, бо святар спавядае людзей. Гэта адбываецца тады, калі святар адзін - ён спавядае, ён жа і цэлебруе Імшу. З-за чаргі на споведзь пачатак службы затрымліваецца на 5-10 хвілін, а то і на 20. У гэты час сто-дзвесце парафіянаў, якія прыйшлі на Імшу, чакаюць.

Чалавек святы, напэўна, узрадваўся б гэтай затрымцы. У наш час мітусні, шуму і спешкі выдалася колькі хвілін, якія можна скарыстаць для індывідуальнай малітвы перад Табернакулюмам або памаліцца за людзей, якія спавядаюцца.

Але ж большасць з нас пакуль далёкія ад святасці, і такія сітуацыі могуць спакушаць да асуджэння святара, які не спыніць споведзь і не запросіць людзей у чарзе падыйсці пасля Імшы. І да асуджэння людзей - якія ведаюць, што з-за іх затрымліваецца служба, і якія маглі б папрасіць святара аб споведзі пасля Імшы. І тады - самому трэба ісці займаць чаргу на споведзь! :)

Усе мы ведаем словы Езуса аб ста авечках, адна з якіх згубілася, а таксама аб 99 праведніках і адным грэшніку, які каецца. Магчыма, гэтыя словы можна аднесці і да апісанай сітуацыі? Але, здаецца, выходзіць так, што з-за міласэрнасці да аднаго грэшніка святар пакідае... 99 іншых грэшнікаў.

Але адно тут дакладна радуе: што на споведзь стаяць чэргі!

Last modified onСубота, 29 Чэрвень 2019 15:51
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.