Logo
Print this page

Xmas ці Раство Хрыстова? Што прапануюць нам супермаркеты

Ніводнага сапраўднага сімвала Божага Нараджэння, з якога сучасны свет зрабіў «проста свята»

Звярнуў увагу, якія калядныя сувеніры, падарункі і ўпрыгожванні прадаюць цяпер у нашых крамах. Адразу пры ўваходзе ў супермаркетах размясцілі цэлыя тэматычныя аддзелы. Шмат тавараў, якія пазіцыянуюць як не навагоднія, а менавіта калядныя. Доўга аглядаў, але набыць нешта на елку або святочны стол так і не змог.

Чаму? Бо ніводнага сапраўднага сімвала, знака або нават намёку на Божае Нараджэнне не заўважыў. Алень з надпісам X-mas або санкі з той жа кодавай назвай. Санта-Клаўс ў розных вобразах - як быццам герой коміксу, але ніяк не святы Мікалай. Не кажучы ўжо хоць пра нейкія хай нават аддаленыя вобразы дзіцяткі Езуса, Язэпа і Марыі...

Асабліва ўразіў алень з надпісам Xmas. Для мяне ён стаў сімвалам усіх тэндэнцый сучаснага свету, які спрабуе ператварыць Раство і ўсе іншыя хрысціянскія святы ў «проста святы». Дата без прывязкі да падзеі. Як быццам проста так прызначаная. А што святкуем? Ды так, нічога. Ці тое дзень зімовага сонцастаяння, ці тое надыходзячы новы год. Няўжо сатана ўжо дамогся свайго? Увесь свет святкуе Раство, але без Хрыста, без якога-небудзь сэнсу.

І прыклад з Xmas вельмі паказальны. Гэта скарачэнне ад слова Christmas, якое не задавальняе сілы зла таму, што гэта ангельскае слова паходзіць ад грэцкага Χριστος, якое было транслітэравана ў лацінку як Christos. А -mas паходзіць з англа-саксонскай мовы, азначаючы свята, рэлігійную падзею. То бок Хрыста з назвы свята прыбралі. Не дзіўна, бо дэманы баяцца нават імені Бога.

У адным з супермаркетаў я ўсё ж такі знайшоў елкавую цацку, на якой намалявана Святая Сям'я і яслі. Гэта выраб ручной работы вытворчасці прыватнага беларускага прадпрыемства. Ляжала цацка ў самым нізе святочных стэлажоў, так што заўважыць яе было цяжка. У самым нізе - менавіта тут знаходзіцца наша хрысціянства сёння.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.