Logo
Print this page

«І не будуць больш вучыцца ваяваць» або Апошні Адвэнт

Здаецца, як можна «радасна чакаць», калі браты і сёстры ў суседняй краіне замярзаюць, тысячы людзей гінуць у безсэнсоўнай бойні, мноства знаёмых і незнаёмых несправядліва церпяць у зняволенні?

Асаблівы сэнс сёлета мае Божае Слова з Літургіі на Першую нядзелю Адвэнту: «...І будзе Ён судзіць плямёны, і асудзіць многія народы; і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць...»

Адвэнт і святы Божага Нараджэння будуць для нас складанымі, адзначыў у сваім звароце арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў, што «наш час напоўнены шматлікімі выклікамі і складанасцямі, грамадства расколата, свет знаходзіцца на парозе новай сусветнай вайны, шмат людзей церпяць з-за несправядлівасці, зняволення, хваробы, страты блізкіх і іншых нягодаў».

Адвэнт – радаснае чаканне. Здаецца, сапраўды, як можна «радасна чакаць», калі браты і сёстры ў суседняй краіне замярзаюць і не ведаюць, ці выжывуць гэтай зімой? Калі тысячы людзей працягваюць гінуць у безсэнсоўнай бойні? Калі мноства знаёмых і незнаёмых несправядліва церпяць у зняволенні, перажываюць там вялікі ціск, катаванні, не атрымаюць дасланыя калядныя паштоўкі, бо пазбаўлены нават такой радасці?

Магчыма, дапаможа асэнсаванне – што менавіта, што канкрэтна «радасна чакаць» запрашае Царква падчас Адвэнту. Не падарунка пад елкай, не святочнага застолля, а Прыйсця Збаўцы.

«...І будзе Ён судзіць плямёны, і асудзіць многія народы; і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць...» Можна працягнуць: і вызваляць нявінна церпячых, і будзе перамога святла. Да гэтага рыхтуемся, гэтага чакаем з радасцю.

Перажыць сёлета Адвэнт як апошні. Для многіх ён сапраўды стане апошнім, магчыма – для вельмі многіх, бо свет на парозе новай вайны – нагадаем словы арцыбіскупа Кандрусевіча. Але дакладна ён будзе апошнім у тым свеце, якім мы яго бачым цяпер, як быў апошнім год таму, калі ўсё было яшчэ зусім інакш і не так страшна, як цяпер...

«...Адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты», гаворыць Пан Езус, якога радасна чакаем і рыхтуемся, каб быць узятым у Божае Валадарства, якое ўжо блізка.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.