Logo
Print this page

Не скажаш сам – скажа хтосьці, і будзе горш. Маўчанне Касцёла пра яго праблемы выкарыстоўваюць «другія»

Трагедыю са святаром, які здзейсніў п'янае ДТЗ, абыгралі на дзяржТБ. Верагодна таму, што прамаўчаў Касцёл.

Чарговы негатыўны сюжэт, які тычыцца Каталіцкай Царквы, выйшаў на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі. Але ў гэтым выпадку падставу даў сам галоўны герой. Гэта ксёндз Дзяніс Бразінскі, якога асудзілі на 7 гадоў за п'янае ДТЗ у Іўі. Святар прызнаны вінаватым у тым, што ў стане алкагольнага ап'янення сеў за руль, перавысіў хуткасць, здзейсніў аварыю і пакінуў на месцы здарэння паміраючага пасажыра.

Паведамленняў пра гэта не было на афіцыйных рэсурсах Каталіцкай Царквы ні пасля трагедыі, ні пасля суда. Верагодна, калі б на непрыемны факт адрэагаваў епіскапат, не было б падобных сюжэтаў на дзяржТБ. Маўчанне ж дало дадатковую падставу для з'яўлення вось такога маніпулятыўнага матэрыялу і выкарыстання здарэння ў прапагандзе.

Застаўка відэа тэлеканала "Беларусь 1"

Відавочна, духавенства вырашыла прамаўчаць з добрай мэтай – каб не нашкодзіць Касцёлу. На справе ж выйшла толькі горш – інфармацыю распаўсюдзілі шырокай аўдыторыі іншыя і выкладалі яе ў выгадным для іх святле.

Не кажучы ўжо пра тое, што на нявартыя паводзіны святара можна было адрэагаваць і раней, і тады, магчыма, трагедыі б не адбылося. Бо епіскапат ведае пра шматлікія факты таго ж п'янага кіравання святароў. Ці варта маўчаць далей і чакаць новых падобных сюжэтаў па тэлебачанні?

А што найбольш сумна – гэта тое, як такія праблемы ўплываюць на вернікаў. Некалькі чалавек заявілі ў эфіры ТБ, што пасля сумнага выпадку са святаром перасталі прыходзіць у храм.

Магчыма, духавенству варта было б абмеркаваць з парафіянамі гэтае здарэнне адкрыта яшчэ і дзеля таго, каб нагадаць пра небяспеку спакусы святарамі. Што трэба глядзець не на іх, а на Езуса Хрыста – да Яго мы прыходзім у храм, а не да святароў, якія з'яўляюцца такімі ж слабымі і грэшнымі людзьмі, як і ўсе.

Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >

Маўчанне ж спрыяла распаўсюджванню спакусаў сярод вернікаў, спынення ўдзелу ў сакрамэнтах. Вядома, трэба маліцца за іх, за навяртанне ксяндза Дзяніса і іншых святароў, але таксама і казаць адкрыта аб праблеме, каб ускрываць раны і лячыць іх, а не дапускаць гніення.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.