Logo
Print this page

Папа: гендэрная тэорыя - гэта крок назад

Каб знайсці рашэнне праблем ва ўзаемаадносінах, мужчына і жанчына павінны размаўляць адзін з адным, слухаць адзін аднаго.

Адмаўленне адметнасцяў паміж поламі з’яўляецца праблемай, а не рашэннем, сказаў папа Францішак 15 красавіка 2015 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў ўзаемадапаўняльнасці і адметнасцям, якія існуюць паміж мужчынам і жанчынай. Яны нясуць у сабе вобраз і падабенства Бога не толькі па асобку, але таксама як пара, нагадаў Папа. Ён падкрэсліў, што адметнасці паміж мужчынам і жанчынай былі створаны не для іх супрацьстаяння ці падпарадкавання адно аднаму, але для еднасці і пракрэацыі.

“Досвед нас вучыць: каб лепш пазнаць адно аднаго і гарманічна развівацца чалавек мае патрэбу ва ўзаемаўдапаўняльнасці паміж мужчынам і жанчынай. Калі гэтага не адбываецца, становяцца відавочнымі наступствы. Мы былі створаны, каб слухаць адно аднаго і аказваць узаемную дапамогу. Можам сказаць, што без узаемнага ўзбагачэння ў гэтых адносінах – у думках і ўчынках, у любові і працы, таксама і ў веры – двое не могуць нават зразумець да канца, што азначае быць мужчынам і жанчынай”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што сучасная культура адкрыла новыя прасторы, новыя свабоды і глыбіні для больш багатага разумення гэтай адметнасці. Але ў той жа час з’явілася шмат сумневаў і скептыцызму.

“Пытаю сябе, ці напрыклад, так званая гендэрная тэорыя не з’яўляецца адлюстраваннем гэтай фрустрацыі і разгубленасці, якая намагаецца перакрэсліць палавыя адметнасці, бо не здольная лічыцца з імі. Так, мы рызыкуем зрабіць крок назад. Адмаўленне адметнасцяў, на самой справе з’яўляецца праблемай, а не рашэннем. Каб вырашыць праблемы сваіх адносін, мужчына і жанчына павінны больш размаўляць паміж сабой, больш слухаць адно аднаго, больш пазнаваць адно аднаго, больш любіць адно аднаго. Яны павінны адносіцца адно да аднаго з павагай і па-сяброўску супрацоўнічаць. На гэтых чалавечых асновах, падтрыманых Божай ласкай, магчыма праектаваць сужэнскі і сямейны саюз на ўсё жыццё. Сужэнская і сямейная лучнасць – гэта сур’ёзная справа і гэта тычыцца ўсіх, не толькі вернікаў. Я б хацеў заклікаць інтэлектуалаў не апустыньваць гэту тэму, нібыта яна стала другаснай для дзейнасці на карысць больш свабоднага і справядлівага грамадства”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што Бог даверыў зямлю саюзу мужчыны і жанчыны, а  яго крушэнне “пазбаўляе свет любові і робіць цёмнымі нябёсы надзеі”. Ужо існуюць відавочныя хвалюючыя сігналы, на якія неабходна адказаць, сказаў Папа. У першую чаргу, ён заклікаў да пашырэння дзейнасці на карысць жанчын.

“Сапраўды, неабходна, каб да жанчыны не толькі больш прыслухоўваліся, але каб яе голас набыў рэальную вагу, прызнаны аўтарытэт у грамадстве і Касцёле. Менавіта так Езус ставіўся да жанчыны – пачытаем Евангелле! – у кантэксце менш спрыяльным за наш, таму што ў тыя часы жанчына была менавіта на другім месцы. Езус ставіўся да яе такім чынам, які вылівае моцнае святло, каб асвяціць шлях, што вядзе далёка, а мы прайшлі толькі яго частку. Мы яшчэ не зразумелі глыбока таго, што нам можа даць жаночы геній, што можа даць жанчына грамадству, будучы здольнай глядзець на рэчаіснасць іншымі вачыма, дапаўняючы думкі мужчын. Гэта шлях, які трэба прайсці з большай крэатыўнасцю і адвагай”, - сказаў Пантыфік.

Францішак таксама звязаў крызіс калектыўнага недаверу да Бога з крызісам саюза паміж мужчынам і жанчынай. “Біблійнае апавяданне, праз вялікі сімвалічны вобраз зямнога раю і першароднага граху, кажа менавіта аб тым, што адзінства з Богам адлюстроўвае адзінства чалавечай пары, а згуба даверу да Айца Нябеснага, стварае падзелы і канфлікты паміж мужчынам і жанчынай”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў усіх вернікаў, і перш за ўсё сем’і, нанова адкрыць для сябе прыгажосць задумы Стварыцеля, які ўпісаў свой вобраз таксама і ў саюз паміж мужчынам і жанчынай. “Калі гэты саюз будзе перажывацца добра, зямля напоўніцца гармоніяй і даверам”, - пераканы папа Францішак. 

radiovaticana.va

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.