BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа: вярнуць гонар сям’і і сужэнству

Інакш дзеці будуць прыходзіць у свет усё больш аддзеленымі ад яго, ужо пачынаючы ад мацярынскага ўлоння.

Папа Францішак заклікаў пераадолець існуючы недавер да саюзу паміж мужчынам і жанчынай і вярнуць гонар сям’і і сужэнству. У сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 22 красавіка 2015 г. Пантыфік пахіліўся над біблійным апавяданнем пра стварэнне чалавека. “Святы Дух, які натхніў Біблію, на імгненне прадстаўляе чалавека самога, без жанчыны”. Ён паказвае думкі і пачуцці Створцы, які назіраў за Адамам у садзе. Мужчына быў свабодным, быў гаспадаром, але самотным. Бог убачыў, што гэта “не добра” і вырашыў даць яму адпаведную дапамогу, нагадаў Папа.

“Калі, нарэшце, Бог прадставіў яму жанчыну, мужчына з радасцю прызнаў, што яна з’яўляецца яго часткай: “гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела” (2,23). Нарэшце з’явілася адлюстраванне, узаемнасць. (...) Жанчына – гэта не “дублікат” мужчыны, яна з’явілася дзякуючы непасрэдна творчаму жэсту Бога. Вобраз “рабра” не выражае яе другаснасці ці падпарадкаванасці, але наадварот – тое, што мужчына і жанчына маюць адну прыроду і з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі. Той, факт, што Бог стварыў жанчыну пакуль мужчына спаў – пра што апавядаецца ў прыпавесці – падкрэслівае тое, што яна ніякім чынам не з’яўляецца творам мужчыны, але Бога”, - сказаў Папа.     

Францішак заўважыў, што Бог меў поўны давер да першых людзей, бо менавіта ім загадаў клапаціцца аб усім стварэнні. Але злы пасяліў у іх падазронасць, нявернасць, недавер, што прывяло да непаслухмянасці. Яны паддаліся маніі ўсемагутнасці, якая забруджвае ўсё і разбурае гармонію.

“Грэх стварыў недавер і падзелы паміж мужчынам і жанчынай. Іх адносіны патрапілі ў пастку тысяч форм злоўжыванняў і падпарадкаванасці, падманлівых спакусаў і прыніжальнага самаўпраўства, аж да самага драматычнага і гвалтоўнага. Гісторыя захоўвае сляды гэтага. Узгадаем, напрыклад, пра перагібы патрыярхальных культур. Узгадаем шматлікія формы мужчынскага шавінізму, згодна з якім жанчыны лічацца стварэннямі другога гатунку. Узгадаем інструменталізацыю і пераўтварэнне ў тавар жаночага цела ў актуальнай медыйнай культуры. Але ўзгадаем таксама і сучасную эпідэмію недаверу, скептыцызма, і нават варожасці, якая пашыраецца ў нашай культуры, пачынаючы з падазронасці жанчын адносна саюзу паміж мужчынам і жанчынай, які на самой справе здольны ўдасканальваць блізкасць адзінства і бараніць годнасць адметнасцяў”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, калі не вярнуць “сімпатыі да гэтага саюзу, здольнага выратаваць новыя пакаленні ад недаверу і абыякавасці, то дзеці будуць прыходзіць на свет усё больш і больш адлучанымі ад яго, ужо пачынаючы ад мацярынскага ўлоння”. “Сацыяльная дэвальвацыя стабільнага і пракрэацыйнага саюзу паміж мужчынам і жанчынай будзе без сумневаў стратай для ўсіх. Мы павінны вярнуць гонар сужэнству і сям’і!”, - падкрэсліў Папа. Ён заклікаў бараніць саюз паміж мужчынам і жанчынай, атулены пяшчотай і аховай самога Бога.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 22 красавіка ў свеце адзначаецца Дзень Зямлі. У сувязі з гэтым ён заклікаў глядзець на планету вачыма Бога і з павагай і клопатам адносіцца да стварэння.

radiovaticana.va

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць