BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Urbi et Orbi: Хай пакажа Уваскрослы Хрыстус шлях надзеі

Папа Францішак: прыладамі любові Бог зрынуў эгаізм і смерць.

“Езус Хрыстус, уцелаўленне Божай міласэрнасці, з любові памёр на крыжы і з любові ўваскрос. Таму сёння мы ўсклікаем: Езус ёсць Панам”. Такімі словамі папа Францішак пачаў свой традыцыйны пасхальны зварот, перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”, атрымаць якое на плошчы св. Пятра сабраліся 27 сакавіка 2016 г. сотні тысяч вернікаў.

“Перад духоўнымі і маральнымі расшчылінам чалавецтва, перад пустотамі, якія адкрываюцца ў сэрцах і правакуюць нянавісць і смерць, толькі бясконцая міласэрнасць можа даць нам збаўленне. Толькі Бог можа запоўніць сваёй любоўю гэтыя пустоты, гэтыя прорвы, і не дазволіць нам згінуць, але працягваць разам крочыць да Зямлі свабоды і жыцця”, - сказаў Папа.

Бог, паводле Францішка, робіць людзей удзельнікамі свайго несмяротнага жыцця і адорвае сваім позіркам пяшчоты і спачування галодных і прагнучых, чужынцаў і вязняў, маргіналізаваных і адчужаных, ахвяр зложыванняў і насілля.

“Свет поўны людзей, якія пакутуюць целам і духам, у той час, як штодзённыя навіны напаўняюцца весткамі пра агідныя злачынствы, якія нярэдка здараюцца паміж хатнімі сценамі, і буйныя ўзброенныя канфлікты, якія падвяргаюць цэлыя народы невымоўным выпрабаванням”, - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў, каб уваскрослы Хрыстус указаў шляхі надзеі для Сірыі, “краіны разарванай доўгім канфліктам, з яго сумным маршам знішчэння, смерці, пагарды да гуманітарнага права і распаду грамадзянскага суіснавання”.

“Моцы Уваскрослага Пана даверым трываючыя перамовы, каб добрая воля і супрацоўніцтва ўсіх далі магчымасць сабраць плёны міру і пачаць будаўніцтва братэрскага грамадства, паважлівага да годнасці і правоў кожнага грамадзяніна. Пасланне жыцця, якое прагучала з вуснаў Анёла ля камня, адсунутага ад магілы, няхай пераможа цвёрдасць сэрцаў і паспрыяе плённай сустрэчы народаў і культур у іншых зонах Міжземнаморскага басейну і Блізкага Усходу, асабліва ў Іраку, Емене і Лівіі”, - сказаў Пантыфік.   

Папа пажадаў мірнага суіснавання ізраільцянам і палестынцам і заклікаў іх да цярплівай адкрытасці і штодзённых намаганняў на карысць будавання асноваў справядлівага і трывалага міру, “праз прамыя і шчырыя перамовы”.

“Пан жыцця няхай суправаджае таксама намаганні, якія прыкладаюцца для дасягнення канчатковага рашэння па вайне ва Украіне, натхняючы і падтрымліваючы таксама інцыятывы гуманітатнай дапамогі, сярод якіх, вызваленне зняволеных”, - заклікаў Францішак.

Святы Айцец асаблівым чынам моліцца за ахвяр тэрарызму – формы сляпога і лютага насілля, якая не перастае праліваць нявінную кроў у розных частках свету: у Бельгіі, Турцыі, Нігерыі, Чадзе, Камеруне і Кот-д’Івуары. Пантыфік пажадаў міру для афрыканскіх краін, асабліва для Бурундзі, Мазамбіку, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судану, пазначаных палітычнай і сацыяльнай напружанасцю. Ён заклікаў улады Венесуэлы працаваць на карысць супольнага дабра, шукаючы прасторы для дыялогу і супрацоўніцтва з усімі. “Няхай кожны прыкладзе намаганні на карысць культуры сустрэчы, справадялівасці і ўзаемнай павагі, бо толькі яны могуць забяспечыць духоўны і маральны дабрабыт грамадзян", - сказаў Пантыфік.

“Уваскрослы Хрыстус, абвяшчэнне жыцця для ўсяго чалавецтва, рэхам гучыць на працягу стагодзяў і запрашае нас не забывацца пра людзей, якія знаходзяцца ў пошуку лепшай будучыні, пра ўсё большы паток мігрантаў і бежанцаў – сярод якіх мноства дзяцей – уцякаючых ад вайны, голаду, беднасці і сацыяльнай несправядлівасці. Гэтыя нашы браты і сёстры на сваім шляху вельмі часта сустракаюць смерць або адчужэнне з боку тых, хто мог бы аказаць ім гасціннасць і дапамагчы. Наступная сустрэча Сусветнага саміту па гуманітарных пытаннях няхай не забудзе паставіць у цэнтр чалавечую асобу з яе годнасцю і распрацуе палітычныя стратэгіі, здольныя дапамагаць і абараняць ахвяр канфліктаў і іншых надзвычайных сітуацый, асабліва найбольш уразлівых і пераследаваных па этнічных і рэлігійных матывах”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў аб абавязку абароны навакольнага асяроддзя і выказаў салідарнасць з асобамі, якія падвяргаюцца пераследу па прычыне сваёй веры, якія згубілі надзею і смак жыцця, з пакінутымі пажылымі людзьмі і беспрацоўнай моладзю. 

“Дарагія браты і сёстры, хачу зноў скіраваць свае пажаданні шчаслівай Пасхі, усім вам, якія прыбылі з Рыму і іншых краін, а таксама тым, хто далучыўся з дапамогай тэлебачання, радыё і іншых сродкаў камунікацыі. Няхай у вашых сэрцах, у вашых сем’ях і супольнасцях прагучыць вестка аб уваскрасенні, у суправаджэнні цёплага святла прысутнасці жывога Езуса: прысутнасці, якая асвятляе, суцяшае, прабачае, нясе спакой”, - пажадаў Пантыфік.

Пасля свайго паслання, Папа ўдзяліў вернікам благаслаўленне “Urbi et Orbi”.

Францішак 26 сакавіка 2016 г. позна ўвечары ўзначаліў у ватыканскай базыліцы літургію Пасхальнай Вігіліі. “Няхай Пан вызваліць нас з пасткі быцця хрысціянамі без надзеі, жыцця так, як калі б Ён не ўваскрос, і нашы праблемы з’яўляюцца цэнтрам жыцця”, - заклікаў Папа падчас сваёй гаміліі.

Святы Айцец нагадаў, што і Пётр, і жанчыны, якія ішлі раніцай да грабніцы, каб памазаць цела Езуса, адчувалі сумнеў, сорам і жах. Аднак, яны не сядзелі на месцы, але ўсталі і пайшлі, даючы шанс надзеі. “Давайце не будзем зачыняцца ў сабе, але адкрыем перад Панам нашы запячатаныя магілы, каб Езус увайшоў і даў нам жыццё. (...) І першы камень, які трэба адсунуць у гэтую ноч, гэта адсутнасць надзеі, што зачыняе нас у саміх сабе”, - сказаў Пантыфік. Ён заклікаў не дапусціць, каб цемра і страх завалодалі душой і сэрцам. 

“Хрыстус наша самая вялікая радасць; Ён заўсёды побач з намі і ніколі не пакіне нас”, - нагадаў Папа. У той жа час ён адзначыў, што хрысціянская надзея, гэта не проста аптымізм або эмацыйны стан – гэта дар ад Бога, “калі мы выходзім з нашых абмежаванняў і адкрываем сябе для Яго.

Святы Айцец адзначыў, што сённяшні свет мае патрэбу ў святле Уваскрослага Хрыста, і хрысціяне пакліканы быць у ім слугамі надзеі.

be.radiovaticana.va

Last modified onНядзеля, 27 Сакавік 2016 15:51
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць