BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа пакінуў усім святарам права адпускаць грэх аборту

Таксама Францішак устанавіў Сусветны дзень бедных.

“Зараз час міласэрнасці”, - падкрэсліў папа Францішак у Апостальскім лісце “Misericordia et misera”. Ён быў апублікаваны і прадстаўлены ў Ватыкане 21 лістапада 2016 г. на заканчэнне Надзвычайнага Юбілейнага Году. Сваім дакументам Святы Айцец зацвердзіў некалькі новаўвядзенняў, якія тычацца дазволу святарам адпускаць грэх аборту, сапраўднасці прабачэння грахоў, удзеленага святарамі з Брацтва св. Пія Х, дзейнасці Місіянераў міласэрнасці і ўстанаўлення Сусветнага дня бедных.

На пачатку Апостальскага ліста Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу Езуса з чужаложніцай, асуджанай на каменаванне. Тут  Хрыстус паказавае, што ў цэнтры закона Майсея знаходзяцца “не нормы і прававая справядлівасць, а любоў Бога, які здольны глядзець у сэрца кожнага чалавека, каб зразумець яго самыя схаваныя жаданні і што павінна дамінаваць над усім”. 

Паводле Папы, “не існуе закону ці прычыны здольнай перашкодзіць Богу абняць свайго сына, якія вяртаецца да Яго, прызнаўшы, што памыліўся і з рашучай гатоўнасцю пачаць з чыстага ліста”. “Спыняцца толькі на законе – значыць рабіць бескарыснай веру і Божую міласэрнасць”. “Нават у самых складаных выпадках, дзе існуе спакуса паставіць на першае месца справядлівасць, якая грунтуецца выключна на нормах, трэба верыць у сілу, што паходзіць ад Божай ласкі”, - лічыць Францішак.

Святы Айцец перакананы, што ніхто “не можа ставіць умоваў для міласэрнасці”, якая “заўсёды застаецца актам бескарыслівасці Нябеснага Айца, безумоўнай і незаслужанай любоўю”. “Мы не можам супрацьстаяць поўнай свабодзе любові, з якой Бог уваходзіць у жыццё кожнага чалавека”, - дадаў ён. 

Пантыфік падкрэсліў, што “міласэрнасць – гэта канкрэтная праява любові, якая прабачаючы, ператварае і змяняе жыццё”, напаўняе радасцю, што фундаментальна важна ў кантэксце павялічэння розных форм смутку, самотнасці і роспачы ў свеце.

Паводле слоў Францішка, заканчэнне Юбілею Міласэрнасці заклікае глядзець наперад і быць паслухмянымі Святому Духу, які “указвае заўсёды новыя сцежкі, якімі трэба прайсці, каб несці ўсім Евангелле, якое збаўляе”.

Святы Айцец нагадаў, што міласэрнасць займае цэнтральнае месца ў літургіі і Божым слове. Ён заклікаў каталіцкія супольнасці адну нядзелю на працягу літургічнага году прысвячаць ініцыятывам прысвечаным паглыбленню знаёмства са Святым Пісаннем і яго распаўсюджванню. Папа заклікаў святароў добра рыхтавацца да гамілій, якія граюць важную ролю ў разуменні Божага слова вернікамі. “Прапаведванне будзе плённым у залежнасці ад таго, наколькі святар адчуў на сябе міласэрную дабрыню Пана”, - дадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, “сакрамэнт споведзі павінен заняць цэнтральнае месца ў хрысціянскім жыцці”. У гэтым кантэксце спаведнікам важна быць “адкрытымі на ўсіх, быць сведкамі бацькоўскай пяшчоты нягледзячы на цяжар граху, дбайнымі ў дапамозе разважанню аб учыненым зле, яснымі ў прадстаўленні маральных прынцыпаў, гатовымі суправаджаць вернікаў на пакаяльным шляху, з цярплівасцю падтрымліваючы іх крокі, дальнабачнымі ў праніклівасці адносна кожнага канкрэтнага выпадку, шчодрымі ў адарэнні Божым прабачэннем”. Святар пакліканы памятаць, што з’яўляецца грэшнікам і слугой міласэрнасці, сказаў Пантыфік і адзначыў важнасць ініцыятывы “24 гадзіны для Пана”, у рамках якой вернікі маюць магчымасць прыступіць да споведзі ў любы час сутак. 

Папа заклікаў Місіянераў міласэрнасці – святароў з розных дыяцэзій у свеце, якім было даручана быць прывілеяванымі сведкамі Божай міласэрнасці на працягу Юбілею – працягваць сваё служэнне. Папскай радай па новай евангелізацыі будуць распрацаваны адмысловыя напрамкі іх дзейнасці.

Пантыфік пакінуў за кожным святаром права адпускаць грэх аборту асобам, якія ўчынілі яго і просяць аб прабачэнні. Гэты выключны прывілей яны мелі на працягу Году Міласэрнасці. Да гэтага адпушчэнне граху аборту знаходзілася ў кампетэнцыі біскупаў ці спецыяльна ўпаўнаважаных імі святароў. Францішак падкрэсліў, што “аборт – гэта цяжкі грэх, бо кладзе канец нявіннаму жыццю”, але “не існуе такога граху, якога Божая міласэрнасць не можа дасягнуць і знішчыць, калі знаходзіць сэрца, якое каецца і просіць аб прымірэнні з Нябесным Айцом”.

Францішак таксама пакінуў дзейсным сваё “юбілейнае” распараджэнне адносна вернікаў, якія па розных прычынах выбіраюць касцёлы, дзе служаць святары з Брацтва св. Пія Х, якіх называюць лефебрыстамі. Пантыфік пастанавіў, што вернікі, якія прыступаюць да сакрамэнту пакаяння ў святароў гэтай супольнасці, могуць і надалей атрымліваць сапраўднае і годнае адпушчэнне грахоў.

Гаворачы пра сітуацыю сем’яў, Папа заклікаў “глядзець на ўсе чалавечыя цяжкасці з пазіцыі любові Бога, які не стамляецца прымаць і суправаджаць”. Ад святароў у дадзеным кантэксце патрабуецца “уважлівае, глыбокае і дальнабачнае духоўнае разважанне, каб усе, незалежна ад іх жыццёвай сітуацыі, маглі адчуць сябе канкрэтным чынам прынятымі Богам, актыўна удзельнічаць у жыцці супольнасці і быць уключанымі” у Божым Народ.

Святы Айцец заклікаў працягваць атуляць асаблівай увагай найбольш патрабуючых. У сувязі з гэтым ён абвясціў аб устанаўленні Сусветнага дня бедных, які будзе адзначацца кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года ў якасці патрыхтоўкі да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету.

Напрыканцы Апостальскага ліста Францішак заклікаў “вызваліць месца для міласэрнай фантазіі”, якая праз прастату маленькіх штодзённых жэстаў, можа “даць пачатак сапраўднай культурнай рэвалюцыі” ва ўсім свеце.

be.radiovaticana.va

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць