BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа - на Вялікі пост: высакамернасць - самы нізкі ўзровень заняпаду

Крыніца няшчасця - ігнараванне Слова Божага.

“Новым пачаткам” і “шляхам, які вядзе да бяспечнай мэты – Пасхі Уваскрасення” назваў Вялікі пост папа Францішак. У сваім адмысловым пасланні на гэты літургічны перыяд, апублікаваным 7 лютага 2017 г. у Ватыкане, ён нагадаў пра “святыя сродкі”, прапанаваныя Касцёлам”: пост, малітву і міласціну, а таксама Слова Божае, якое ляжыць у аснове ўсяго. Нагадаем, Вялікі пост у католікаў пачнецца ў гэтым годзе 1 сакавіка.

Свае разважанні Пантыфік заснаваў на прыпавесці пра багацея і Лазара (Лк 16, 19-31). У гэтым апавяданні Бог прадстае не як нехта ананімны, а Той, хто мае выразныя рысы, аблічча, з кім трэба спалучыць сваю асабістую гісторыю. Гэта прыпавесць вучыць нас, што іншы чалавек – гэта дар; для яго трэба адчыніць дзверы нашага сэрца. І Вялікі пост – самы спрыяльны час для гэтага. Пантыфік заклікаў “сур’ёзна паставіцца да таго, што Евангелле кажа аб багацеі”.

Прыпавесць бязлітасна падкрэслівае супярэчнасць, у якой знаходзіцца багаты чалавек. Святое Пісанне нават не называе яго імя, у адрозненне ад беднага Лазара. У празмерным багацці гэтага чалавека прасочваецца сапсутасць грахом, заўважыў Францішак і назваў тры яе этапы: любоў да грошай, марная слава і пыха.

Срэбралюбства з’яўляецца асноўнай прычынай карупцыі і крыніцай зайздрасці, канфліктаў і падазрэнняў. Замест таго, каб быць інструментам для дабра, “грошы могуць падвергнуць нас і ўвесь свет эгаістычнай логіцы, якая не пакідае месца для любові і становіцца перашкодай на шляху да міру”.

Прагнасць багацея робіць яго марным і пустым. Яго сутнасць – у знешнім выглядзе, у дэманстрацыі іншым, што можа сабе дазволіць. Папа назваў марную славу “маскай унутранай пустаты”.

Але “самым нізкім узроўнем маральнага заняпаду” Францішак лічыць пыху. Багацей імітуе паводзіны Бога, забываючыся, што з’яўляецца смяротным чалавекам. “Для чалавека дэмаралізаванага прагнасцю багацця не існуе нічога, акрамя свайго ўласнага “я”; гэта свайго роду слепата: багаты чалавек не бачыць галоднага бедняка, які ляжыць побач. “Гледзячы на гэтага чалавека, мы можам зразумець, чаму Евангелле так ясна асуджае любоў да грошай”, - падсумаваў Святы Айцец.

І толькі сярод нягод таго свету багацей заўважыў Лазара і хацеў каб той, палегчыў яго пакуты, што было ўжо немагчымым. “На тым свеце вяртаецца справядлівасць і жыццёвыя пакуты ўраўнаважваюцца дабром”, - заўважыў Папа. Прыпавесць працягваецца паведамленнем для ўсіх хрысціян. Калі багаты чалавек просіць Абрагама паслаць Лазара на гэты свет, каб той папярэдзіў яшчэ жывых братоў. Праайцец адказвае: “У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх” (Лк 16, 29); “калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць” (Лк 16, 31).

Такім чынам, рэальнай праблемай багатага чалавека і крыніцай яго няшчасця, падкрэсліў Францішак, з’яўляецца ігнараванне Слова Божага. Менавіта гэта прывяло яго да нелюбові да Бога і пагардлівага стаўлення да людзей. “Слова Божае – гэта жывая сіла, здольная выклікаць навяртанне чалавечага сэрца і пераарыентаванне чалавека на Бога. Следствам закрыцця сэрца на дар прамаўляючага Бога з’яўляецца закрытасць сэрца на дар брата”, - заўважыў Папа.

Ён нагадаў, што Вялікі пост з’яўляецца спрыяльным часам для духоўнага абнаўлення “ў сустрэчы з жывым Хрыстом у Яго Слове, у сакрамэнтах і ў бліжнім”. Пантыфік заклікаў у сваім пасланні да ўдзелу ў вялікапосных ініцыятывах, якія прапануюць многія касцёльныя арганізацыі ў розных частках свету. Гэта, на яго думку, дапаможа развіццю культуры сустрэчы ў адзінай чалавечай сям’і.

be.radiovaticana.va

Last modified onСерада, 01 Сакавік 2017 16:19
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць