BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа ў Егіпце: поўная справаздача аб першым дні візіту

Францішак: Міру гэтай умілаванай краіне!

Папа пачаў пажарожжа ў Егіпет. 28 красавіка 2017 г. у 10.45 па рымскім часе самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце вылецеў з аэрапорта “Fiumicino” у напрамку Каіра. Пілігрымка ў Егіпет стала 18-м міжнародным падарожжам Францішка. Яна будзе насіць душпастырскі, экуменічны і міжрэлігійны характар. Дэвіз падарожжа – “Папа міру ў мірным Егіпце”. Наведаць Егіпет Пантыфіка запрасіў Прэзідэнт краіны і мясцовы каталіцкі епіскапат, Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы і вялікі імам універсітэта “Аль-Азхар”, паведамляе be.radiovaticana.va.

Важнасць выхавання моладзі і супрацоўніцтва паміж рэлігіямі дзеля будавання міру былі галоўнымі тэмамі звароту Францішка да ўдзельнікаў Міжнароднай мірнай канферэнцыі ў мусульманскім універсітэце “Аль-Азхар” у Каіры. Пантыфік выступіў на ёй 28 красавіка 2017 г. у рамках свайго візіту ў Егіпет.

Папа нагадаў, што гэта краіна з’яўляецца зямлёй старажытнай цывілізацыі. Пошук ведаў і разуменне каштоўнасці адукацыі аказаліся плённым для развіцця Егіпту ў мінулым. Яны важныя таксама і для будучыні, бо “мір немагчымы без належнай адукацыі маладых пакаленняў”.  

Ён нагадаў, што адукацыя становіцца жыццёвай мудрасцю, калі дапамагае чалавеку здабыць лепшае з сябе, калі рыхтуе будучыню, не стамляецца шукаць нагодаў для сустрэчы і дзялення, а таксама вучыць, што зло нараджае толькі зло, а насілле – толькі насілле, у спіралі якая вядзе да зняволення. 

Францішак адзначыў важнасць міжрэлігійнага дыялогу, якому павінна спадарожнічаць захаванне ўласнай тоеснасці, адкрытасць на іншых і шчырасць інтэнцый. “Вучыць паважлівай адкрытасці і шчыраму дыялогу з іншым, прызнаючы яго фундаментальныя правы і свабоды, асабліва рэлігійную, гэта лепшы шлях, каб разам пабудаваць будучыню, каб быць будаўнікамі цывілізацыі”, - сказаў Папа.

Паводле яго, каб перамагчы варварства тых, “хто дзьме на нянавісць і падбухторвае да насілля”, трэба суправаджаць і дапамагаць у сталенні маладым пакаленням, якія адказваюць на логіку зла цярплівым узрастаннем у дабры, штодзённа перамяняюць забруджанае нянавісцю паветра ў кісларод братэрства.

Святы Айцец нагадаў, што Егіпет з’яўляецца зямлёй саюзаў, дзе для супольнага дабра заўсёды ўзаемадзейнічалі розныя рэлігіі і веравызнанні. “Саюзы такога роду як ніколі неабходныя сёння”, - сказаў ён і дадаў што, “сапраўдны саюз на зямлі не можа ігнараваць Неба”.

Паводле Папы, існуе рызыка таго, што рэлігію “паглыне кіраванне зямнымі справамі і спакусіць ліслівасць зямных уладаў, якія на самой справе яе інструменталізуюць”. На яго думку, у свеце існуе настальгія па вялікіх пытаннях, якія ўздымаюць рэлігіі. Яны нагадваюць пра пакліканне чалавека, які “не быў створаны, каб спустошыцца ў кволасці зямных спраў, але каб крочыць да Абсалюта”. “Рэлігія – гэта не праблема, а частка рашэння”; яна нагадвае, што трэба звяртацца да Нябеснага, каб навучыцца будаваць зямное, сказаў Папа.

Францішак звярнуўся да Божай запаведзі: “не забівай”, і заклікаў супрацьставіцца шляху насілля. “Мы пакліканы асуджаць парушэнні годнасці і правоў чалавека, праліваць святло на спробы апраўдання ўсіх форм нянавісці імем рэлігіі, асуджаць іх, як ідалапаклонніцкую фальсіфікацыю Бога: Яго Імя – Святое, Ён – Бог міру, Бог – салам! Таму, толькі мір святы і ніякае насілле не можа здзяйсняцца ў імя Бога, бо будзе абражаць Яго Імя”, - падкрэсліў Папа.

Ён заклікаў рэлігійных лідэраў да супольнага сцвярджэння таго, што насілле і вера – несумяшчальныя, што кожнае чалавечае жыццё – святое, і што ўзрастанне ў любові да Бога вядзе да ўзрастання ў любові да бліжняга. Святы Айцец таксама адзначыў, што для прафілактыкі канфліктаў і будавання міру неабходна змагацца з беднасцю, гандлем і вырабам зброі. Ён заклікаў усіх даць пачатак мірным прасэсам у сферы сваёй адказнасці. 

Ад традыцыйнага ўжо “As-salamu alaykum!” (Мір з вамі) пачаў 28 красавіка 2017 г. сваю прамову да прадстаўнікоў егіпецкага істэблішмента папа Францішак. Ён падкрэсліў, што Егіпет “мае вялікае значэнне для гісторыі чалавецтва і традыцыі Касцёла”. Менавіта тут жылі біблійныя Патрыярхі, тут Бог назваў сваё Імя Майсею, тут чалавецтва атрымала Божыя запаведзі, гэта зямля дала прытулак Святой Сям’і. Менавіта “шчодрая гасціннасць” з’яўляецца ўкладам егіпцян у калектыўную памяць чалавецтва, лічыць Пантыфік. 

І сёння, дзякуючы сваёй гісторыі і геаграфічнаму палажэнню, Егіпет адыгрывае ўнікальную ролю на Блізкім Усходзе і сярод тых краін, якія імкнуцца да вырашэння актуальных і складаных праблем, выкліканых сляпым і жорсткім насіллем, імкненнем да ўлады любым коштам, гандлем зброяй, рэлігійным экстрэмізмам. Францішак перакананы, што ў гэтым кантэксце, Егіпет мае асаблівую задачу ўмацавання міру ў рэгіёне. І змагаючыся за гэта, сам пакутую, звярнуў увагу Папа, спасылаючыся на нядаўнія тэракты ў копцкіх храмах.

Развіццё, дабрабыт і мір заслугоўваюць на ахвяру; яны патрабуюць напружанай працы і прыхільнасці, адпаведнага планавання і, перш за ўсё, безумоўнага захавання неад’емных правоў чалавека: роўнасці паміж усімі грамадзянамі, свабоды веравызнання і свабоды думкі, выказаў перакананне Святы Айцец. Веліч любога народа праяўляецца ў яго эфектыўнай дапамогзе найбольш уразлівым членам грамадства – жанчынам, дзецям, пажылым, хворым, няпоўнаспраўным і меншасцям.

У складанай сітуацыі “фрагментарнай сусветнай вайны” ні адно цывілізаванае грамадства не можа фарміравацца без рашучай адмовы ад ідэалогіі зла, насілля і экстрэмізму, падкрэсліў Пантыфік. Ніхто не можа здзяйсняць агрэсію ў імя рэлігіі, зневажаючы Божае Імя. Бог заклікае да безумоўнай любові, да бяскарыслівага прабачэнне, міласэрнасці, абсалютнай павагі да жыцця кожнага і братэрства сярод сваіх дзяцей, веруючых і няверуючых.

“Гэта наш абавязак, сказаць разам, што гісторыя не даруе тым, хто прапаведуе справядлівасць, а затым практыкуе несправядлівасць. Гісторыя не даруе тым, хто гаворыць аб роўнасці, а затым выключае тых, хто адрозніваецца. Гэта наш абавязак, выкрываць гандляроў ілюзій аб замагільным жыцці, якія прапаведуюць нянавісць, каб абрабаваць простых людзей з іх цяперашняга жыцця і іх права жыць годна, хто эксплуатуе іншых, замяняючы іх у выбуховы матэрыял і забіраючы іх здольнасць да свабоды выбару і адказнай веры”, - адзначыў Папа і дадаў, што гісторыя шануе людзей, якія мужна імкнуцца да стварэння лепшага свету.

На думку Францішка, “Егіпет закліканы прадэманстраваць, што можна верыць і жыць у гармоніі з іншымі людзьмі, падзяляючы з імі фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці і паважаючы свабоду і веру ўсіх”.

Мы больш не павінны думаць, што кожны з нас можа ісці сваім асобным шляхам, падкрэсліў Папа 28 красавіка 2017 г., сустракаючыся ў Каіры з Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ. Ён з радасцю заўважыў, што на сённяшнім этапе паміж двума Цэрквамі “існуе не толькі экумэнізм жэстаў, слоў і абавязацельстваў, але і “рэальная камунія”, якая развіваецца штодня ў жывых адносінах з Панам Езусам, караніцца ў веры, якую вызнаём, і па-сапраўднаму грунтуецца на хросце”.

Гэты шлях, як заўважыў Святы Айцец, як і само жыццё, не заўсёды лёгкі і просты, але мы на ім не самотныя, нас суправаджае Бог разам з вялікім войскам святых і мучанікаў. На ім мы пакліканы сведчыць аб Хрысце, несці нашу веру ў свет, жывучы ёй, казаць супольнай мовай любові. “Паглыбленне прагрэсу нашага экуменічнага шляху таксама падтрымліваецца, таямнічым і цалкам актуальным чынам, сапраўдным экуменізмам крыві”, - сказаў Папа, спасылаючыся на шматлікіх мучанікаў егіпецкай зямлі, з першых стагоддзяў хрысціянства да сённяшніх ахвяр экстрэмізму. 

Францішак падзякаваў Патрыярху Тавадрасу ІІ за яго “канструктыўны апостальскі дух”, з якім ён падыходзіць да егіпецкіх католікаў, а таксама да працы Міжнароднай сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.

“Ваша Святасць, дарагі Брат, няхай жа Пан дасць нам сёння ісці разам, як пілігрымы камуніі і пасланнікі міру”, - пажадаў, завяршаючы сваю прамову папа Францішак.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць