BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа: жыві, любі, вер і не паддавайся роспачы

"Калі сум цябе паралізуе - гані яго добрымі справамі!"

“Жыві, любі, вер і з Божай дапамогай не паддавайся роспачы ніколі”, - заклікаў Францішак 20 верасня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе на тэму: “Вучыць надзеі”, ён звярнуўся да прысутных на “ты”, як бацька ці настаўнік, які асабіста размаўляе з чалавекам, адкрытым на тое, каб вучыцца.

“Не паддавайся ночы: памятай, што першы вораг, якога трэба перамагчы – не звонку, а ўнутры цябе. Таму не давай месца горкім, цёмным думкам. Свет – гэта першы цуд, які Бог учыніў, і Бог даў у нашы рукі ласку новых цудаў. Вера і надзея ідуць разам. Вер у існаванне больш высокай і цудоўнай праўды. Давярай Богу Стварыцелю, Які ў Святым Духу кіруе ўсё да дабра, да адбымкаў Хрыста, што чакае кожнага чалавека напрыканцы яго жыцця. Вер, Ён цябе чакае. Свет рушыць дзякуючы позірку шматлікіх людзей, якія разбілі сцены, пабудавалі масты, марылі і верылі, нават калі чулі вакол сябе здзеклівыя словы”, - сказаў Папа. 

Ён заклікаў давяраць Богу, які не расчаруе. “Дзе бы ты не знаходзіўся – будуй! Калі апынуўся на зямлі – ўстань! Ніколі не заставайся на зямлі. Дазволь, каб табе дапамаглі падняцца. Калі сядзіш – выходзь у шлях! Калі сум цябе паралізуе – праганяй яго добрымі справамі. Калі адчуваеш сябе спустошаным ці дэмаралізаваным, прасі, каб Святы Дух змог зноўку запоўніць тваю пустату. Будуй мір сярод людзей і не слухай голасу тых, хто сее нянавісць і падзелы. Не слухай гэтыя галасы. Людзі, паколькі адрозніваюцца адзін ад аднаго, былі створаны, каб жыць разам. З супярэчнасцямі, цярпліва: аднойчы ты ўбачыш, што кожны носіць у сабе часцінку праўды. Любі людзей. Любі кожнага з іх. Паважай шлях усіх, якім бы ён ні быў, прамым ці пакручастым, бо кожны мае сваю гісторыю. Кожны з нас можа распавесці сваю гісторыю. Кожнае дзіця, якое нараджаецца – гэта абяцанне жыцця, якое чарговы раз аказваецца мацнейшым за смерць. Кожная любоў, якая ўзнікае – гэта сіла перамены, якая імкнецца да шчасця”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што Езус даў кожнаму чалавеку святло, якое ззяе і патрабуе таго, каб быць абароненым. Яно з’яўляецца самым вялікім багаццем, якое было даверана нам у жыцці. Таму варта марыць пра лепшы свет. Па словах Папы, менавіта людзі, здольныя рабіць гэта, падарылі чалавецтву навуковыя і тэхналагічныя адкрыцці, пераплылі праз акіяны і ступілі на землі, на якія раней ніхто не ступаў, перамаглі рабства і палепшылі ўмовы жыцця на зямлі. 

“Будзь адказным за гэты свет і жыццё кожнага чалавека. Падумай, што любая несправядлівасць супраць беднага – гэта адкрытая рана, якая змяншае тваю годнасць. Жыццё не спыняецца з тваім існаваннем. У гэты свет прыйдуць іншыя пакаленні, якія зоймуць месца нашага, і яшчэ многія іншыя. Штодзённа прасі ў Бога аб дары адвагі. Памятай, што Езус для нас перамог страх. Езус перамог страх! Наш самы вераломны вораг не можа нічога супраць веры. Калі апынешся, спалоханы, перад якой-небудзь жыццёвай цяжкасцю, памятай, што ты не жывеш толькі для сябе. Падчас хросту тваё жыццё акунулася ў таямніцу Тройцы і ты належаш Езусу. І калі аднойчы цябе ахопіць страх, ці падумаеш, што зло вельмі моцнае, каб яго перамагчы, проста падумай, што Езус жыве ў табе. Гэта Ён, праз цябе, са сваёй лагоднасцю хоча перамагчы ўсіх ворагаў чалавека: грэх, нянавісць, злачыннасць, насілле”, - сказаў Папа.    

Францішак заклікаў вернікаў не баяцца праўды і памятаць, што ўсе людзі роўныя, насіць у сэрцы пакуты іншых і ў малітве давяраць іх Богу, культываваць ідэалы і не дазволіць, каб зробленыя памылкі зняволілі. “Божы Сын прыйшоў не дзеля здаровых, а дзеля хворых: такім чынам прыйшоў таксама дзеля цябе! Калі яшчэ памылішся ў будучыні, не бойся, уставай! Ведаеш чаму, таму што Бог – твой сябар. Бог – гэта твой сябар!”, - нагадаў Святы Айцец. 

be.radiovaticana.va

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць