Logo
Print this page

Папа на сувязі з МКС: што такое любоў і што ёсць чалавек у Сусвеце? [відэа]

Астранаўт прызнаўся: хачу, каб многія людзі ўбачылі Зямлю з космасу.

Найбольш важныя пытанні адносна сусвету і праблем чалавецтва закрануў Папа ў сваёй размове з касманаўтамі і астранаўтамі, якія працуюць на Міжнароднай касмічнай станцыі. На борце зараз знаходзіцца італьянец Паола Нэспалі, трое амерыканцаў: Рэндольф Брэзнік, баптыст, Марк Вандэ Хэй і Джозэф Акаба, католікі, акрамя таго, два праваслаўных расіяніна: Сяргей Разанскі і Аляксандр Місуркін. Сеанс сувязі адбыўся 26 красавіка 2017 г. вечарам.

Італьянца Францішак спытаў пра месца чалавека ў сусвеце. Астранаўт-інжынер не хаваў свайго хвалявання: “Я думаю, што наша мэта складаецца ў тым, каб даведацца, дапоўніць веды. Але што цікава, чым больш мы пазнаём, тым больш мы разумеем, як мала мы ведаем. Я хацеў бы, каб людзі, як Ваша Святасць, не толькі інжынеры, але і тэолагі, паэты, пісьменнікі маглі б паляцець у космас”, - падзяліўся Нэспалі.

Другое пытанне Пантыфіка спасылалася на “Боскую камедыю” Дантэ. Ён пацікавіўся ў астранаў іх меркаваннем адносна сцвярджэння, што любоў рухае сусветам. Адказаў адзін з расіянаў, Аляксандр Місуркін. Ён узгадаў “Маленькага прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. “Самы лепшы прыклад таго, што такое любоў, як раз паказаны ў гэтай кнізе, таму што маленькі хлопчык быў гатовы аддаць сваё жыццё, для таго каб вярнуцца, абараніць і аберагчы сваю адзіную кветку, сваё адзінае блізкае стварэнне. Гэта – любоў у маім разуменні”, - сказаў касманаўт. Святому Айцу вельмі спадабаўся адказ. Ён сказаў, што рускія людзі маюць гэта вельмі гуманістычнае і рэлігійнае стаўленне “ў крыві”. 

Адказваючы на пытанне пра радасці прабывання ў космасе, амерыканец Рэндольф Брэзнік прызнаўся, што любуецца прыгажосцю Божага тварэння. З перспектывы космасу Зямля не мае ніякіх межаў і канфліктаў. Калі б больш людзей убачыла яе такой, магчыма, гэта стала б стымулам больш працаваць на карысць лепшай будучыні чалавецтва.

Амерыканец Вандэ Хэй сказаў, што ў касмічнай прасторы быў вымушаны стварыць свой мікракосмас, сваю сістэму каардынат. Папа адзначыў, што здольнасць прымаць рашэнні з’яўляецца тым, што ўласціва чалавеку.

Францішак заўважыў, што сённяшнія грамадствы вельмі індывідуалістычныя, а ў жыцці важным з’яўляецца супрацоўніцтва. Ён папрасіў астранаўтаў прывесці прыклад супрацоўніцтва на МКС. Амерыканец Джозэф Акаба падкрэсліў, што само існаванне станцыі з’яўляецца выдатным прыкладам супрацоўніцтва многіх краін. “Нашы адрозненні робяць нас мацнейшымі, і мы павінны прыняць тое, хто мы ёсць як асоба, паважаць тых, хто вакол нас і, працуючы разам, мы можам зрабіць больш, чым паасобку”, - сказаў ён.

Пантыфік назваў экіпаж Міжнароднай станцыі “малой Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый”. “Мы лічым, што вы адлюстроўваеце сабой усю чалавечую сям’ю, у вялікай даследчай праграме, якой з’яўляецца касмічнай станцыя”, - сказаў ён і благаславіў касманаўтаў і астранаўтаў, іх працу і сем’і. “Дзякуй, мае дарагія сябры, я б хацеў нават сказаць браты, я сардэчна дзякую вам за гэтую плённую для мяне гутарку, запэўніваю, я буду маліцца за вас і спадзяюся, вы будзеце маліцца за мяне!”, - сказаў на развітанне Францішак.

be.radiovaticana.va

Media

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.