BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пасланне Папы на Вялікі пост: «Не заглыбіцца ў бездань бессэнсоўнасці»

Малітва прабівае зацвярдзеласць сэрца, а міласціна робіць чалавека больш гуманным

У пасланні на Вялікі пост, абнародаваным 24 лютага 2020 г., Папа Рымскі Францішак нагадаў, што слухаць і прымаць Добрую навіну пра смерць і ўваскрасенне Езуса – гэта крыніца радасці для хрысціяніна. “Калі ж слухаем ліслівы голас “бацькі хлусні”, рызыкуем заглыбіцца ў бездань бессэнсоўнасці, перажываючы пекла ўжо тут, на зямлі, як, на жаль, сведчаць многія драматычныя падзеі асабістага і супольнага чалавечага досведу”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа заклікаў углядацца ў распасцёртыя абдымкі ўкрыжаванага Хрыста і моцна верыць у Яго міласэрнасць, прыступаючы да вызнання ўласных грахоў, карыстаючыся магчымасцю нарадзіцца нанова.

“Пасха – гэта не падзея з мінулага: моцаю Святога Духа яна застаецца пастаянна актуальнай, дазваляючы нам глядзець і дакранацца з верай да цела Хрыста ў шматлікіх пакутуючых”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць сузірання Пасхальнай таямніцы, у якой “нам была падорана Божая міласэрнасць”. Сустрэча з міласэрнасцю, аднак, магчыма толькі “тварам у твар” з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом. Патрэбны сардэчны і сяброўскі дыялог з Ім.

“Вось чаму малітва вельмі важная ў велікапосны перыяд. Яна з’яўляецца больш, чым абавязкам, бо выражае патрэбу ў адказе на Божую любоў, якая заўсёды нас апярэджвае і падтрымлівае. Хрысціянін моліцца з упэўненасцю, што нягодны такой любові. Малітва можа мець розныя формы, але ў вачах Бога па-сапраўднаму важна тое, што яна свідруе наша сэрца, прымушаючы прабіць яго зацвярдзеласць і ўсё больш і больш навяртацца да Яго і Яго волі”, - напісаў Папа.

Святы Айцец перакананы, што дар Вялікага посту – гэта жаданне Бога размаўляць са сваімі дзецьмі. “Дыялог, які Бог прагне ўстанавіць з кожным чалавекам праз Пасхальную таямніцу свайго Сына”, не падобны на той, які вялі жыхары Афін: яны “нічым настолькі ахвотна не займаліся, як апавяданнем або слуханнем нечага новага”.

“Такі від пустаслоўя, абумоўлены пустой і павярхоўнай цікаўнасцю, характэрны для мірскога жыцця кожнай эпохі, а ў нашыя дні можа выражацца таксама ў няправільным выкарыстанні сродкаў камунікацыі”, - лічыць Пантыфік.

Францішак заўважыў, што размяшчэнне Пасхальнай таямніцы ў цэнтры жыцця прадугледжвае пачуццё спагады да ран Укрыжаванага Хрыста, прысутных у шматлікіх нявінных ахвярах войнаў, злоўжыванняў супраць жыцця, ад ненароджаных да пажылых людзей, шматлікіх форм насілля, экалагічных катастроф, несправядлівага размеркавання зямных рэсурсаў, гандлю людзьмі ва ўсіх яго формах і няспыннай прагі прыбытку – адной з форм ідалапаклонства.

Святы Айцец нагадаў пра актуальнасць закліку да міласціны. “Дзяленне з любоўю робіць чалавека больш гуманным, а накапленне пагражае яму сапсаванасцю, закрываючы яго ва ўласным эгаізме”, - напісаў Пантыфік.

vaticannews.va/be

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць