BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа Рымскі ўпершыню правёў нядзельную пропаведзь па відэатрансляцыі - з-за каронавірусу

У гэтым свеце Божае святло засланяецца штодзённымі клопатамі, падкрэсліў Францішак

Марыйную малітву у нядзелю 8 сакавіка 2020 г. Святы Айцец правёў з памяшкання Прыватнай бібліятэкі Апостальскага палаца, а не з акна, якое выходзіць на плошчу св. Пятра. Такія меры звязаны з прадухіленнем распаўсюджвання эпідэміі каронавіруса. Пра гэта таксама прасілі італьянскія ўлады.

“Анёл Панскі” трансліравалі ў прамым эфіры на экранах ватыканскай плошчы, у медыя Святога Пасаду і сродках масавай інфармацыі многіх краін.

Падчас свайго разважання над Божым Словам у другую нядзелю Вялікага посту Папа Францішак спыніўся на ўрыўку з Евангелля, у якім распавядаецца пра перамяненне Пана.

- Мы не былі на гары Табор, не бачылі ўласнымі вачыма аблічча Езуса, якое ззяла, як сонца. Аднак нам таксама было дадзена Слова Збаўлення, нам дадзена вера, мы перажывалі ў розных формах радасць сустрэчы з Езусам. Таксама нам Ён кажа: “Устаньце і не бойцеся” (Мц 17, 7). У гэтым свеце, адзначаным эгаізмам і сквапнасцю, Божае святло засланяецца штодзённымі клопатамі. Мы часта гаворым: у мяне няма часу на малітву, я не ў стане выканаць маё парафіяльнае служэнне, адказаць на просьбы іншых людзей... Але мы не павінны забываць, што прыняты намі хрост зрабіў нас сведкамі не па прычыне нашых здольнасцей, а дзякуючы дару Духа.

Таксама Пантыфік выказаў салідарнасць з усімі, хто дапамагае ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй, і тымі, хто пакутуе ад яе:

- Выказваю сваю малітоўную блізкасць да людзей, якія пакутуюць з прычыны цяперашняй эпідэміі коронавіруса, і да ўсіх, хто пра іх клапоціцца. Далучаюся да маіх братоў біскупаў, каб заахвоціць вернікаў жыць у гэты цяжкі момант з сілай веры, упэўненасцю надзеі і руплівасцю міласэрнасці. Перыяд Вялікага посту дапамагае нам надаць евангельскі сэнс таксама гэтаму моманту выпрабаванняў і болю.

Плануецца, што агульная аўдыенцыя ў сераду 11 сакавіка 2020 г. пройдзе ў такім жа фармаце. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Упраўлення аховы здароўя і гігіены Ватыкана, удзел вернікаў у ранішніх св. Імшах у капліцы Дома св. Марты прыпыняецца да нядзелі 15 сакавіка. Францішак будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў прыватным парадку.

Паводле vaticannews.va/be

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць