BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Адмовіцца мець ворагаў». Гістарычны візіт Папы Рымскага ў Ірак - галоўнае

Францішак цэлебраваў святую Імшу на стадыёне і заклікаў трымаць свае сэрцы чыстымі ад хлусні, двайных стандартаў крывадушнасці

Папа Рымскі Францішак 5-8 сакавіка правёў сваё XXXIII Апостальскае падарожжа - ён наведаў Ірак. Дагэтуль ніводны Папа не ступаў на зямлю гэтай блізкаўсходняй краіны. Падарожжа Францішка адзінагалосна назвалі гістарычным і - небяспечным. Прапануем галоўнае з таго, што адбылося падчас візіту.

Кульмінацыйнай падзеяй стала Эўхарыстыя на стадыёне ў Эрбіле 7 сакавіка. У гаміліі Папа нагадаў іракскім вернікам, што ў ранах Хрыста “мы атрымліваем алей Яго міласэрнай любові, бо Ён - Добры самаранін чалавецтва, які жадае намасціць кожную рану, аздаравіць кожны балючы ўспамін, натхніць на мірную і братэрскую будучыню на гэтай зямлі”.

- Тут, у Іраку, многія носяць раны вайны і насілля і можа ўзнікнуць спакуса адказаць на іх чалавечай сілай і чалавечай мудрасцю. Але Езус указвае нам Божы шлях, той, які прайшоў Ён Сам і па якім заклікае нас ісці за Ім, - сказаў Папа.

Ён дадаў, што «мы павінны трымаць свае сэрцы чыстымі ад хлусні, двайных стандартаў крывадушнасці, да чаго схільныя ўсе». Папа запэўніў, што Ірак назаўсёды застанецца ў яго сэрцы, а таксама заклікаў вернікаў гэтай краіны разам працаваць на карысць будучыні міру і росквіту.

Братэрства мацнейшае за братазабойства, надзея мацнейшая за смерць, мір мацнейшы за вайну, - гэта падкрэсліў Папа перад малітвай за ахвяр вайны, якую правёў 7 сакавіка ў Масуле. Малітва прайшла на плошчы Гош Аль-Біэа, пасярод руін чатырох цэркваў розных канфесій, знішчаных ісламскімі тэрарыстамі ў 2014-2017 гг. Францішак выслухаў кранальныя сведчанні пра лёс шматлікіх хрысціянскіх сем’яў, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы, і пра рэлігійную разнастайнасць рэгіёну.

- Як жорстка, што на гэту краіну, калыску цывілізацыі, абрынулася такая бесчалавечная бура, што прывяла да разбурэння старажытных месцаў культа і гвалтоўнага абяздолення ці забойства тысяч людзей - мусульман, хрысціян, язідаў і іншых, - сказаў Папа.

Пасля прамовы Святы Айцец узнёс малітву аб вечным адпачынку для ахвяр вайны, а таксама за вызнаўцаў усіх рэлігій, каб маглі жыць у гармоніі і міры, усведамляючы, што ў вачах Бога мы ўсе з’яўляемся братамі і сёстрамі.

Таксама Пантыфік сустракаўся з уладамі Іракскага Курдыстана і наведваў горад Каракош, адметны тым, што большасць яго насельніцтва складаюць хрысціяне. Ён даручыў адраджэнне Карашоша заступніцтву Багародзіцы, фігура якой была зноў устаноўлена на адбудаваным катэдральным касцёле.

- Яе аблічча было паранена і зневажана, але твар Маці Божай працягвае глядзець на нас з ласкавасцю, бо так робяць усе маці: яны суцяшаюць, падтрымліваюць, даюць жыццё. І я жадаю ад усяго сэрца падзякаваць усім маці і жанчынам гэтай краіны, мужным жанчынам, якія працягваюць дарыць жыццё, нягледзячы на ўсе цяжкасці і раны. Яны заслугоўваюць самай глыбокай павагі і абароны, увагі грамадства і магчымасцей для будучыні, - падкрэсліў Святы Айцец.

Нашым адзіным ворагам павінна быць варожасць, - адзначыў Пантыфік падчас міжрэлігійнай сустрэчы, якая прайшла 6 сакавіка на тэрыторыі старажытнага Ур.

- Гэта месца вяртае нас да каранёў, да вытокаў Божай дзейнасці, да нараджэння нашых рэлігій. Тут, дзе жыў наш айцец Абрагам, здаецца, мы нібыта вяртаемся дамоў. Тут ён пачуў заклік Бога, адсюль адправіўся ў падарожжа, якое змяніла гісторыю. Мы - плён гэтага закліку і гэтага вандравання, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што ў Ур Бог сказаў Абрагаму паглядзець на неба і палічыць зоркі, “а сёння мы, юдэі, хрысціяне і мусульмане, разам з братамі і сёстрамі іншых рэлігій аддаём пашану айцу Абрагаму, ідучы за ім: мы глядзім на неба і крочым па зямлі”.

Пантыфік адзначыў, што сапраўдная рэлігійнасць заключаецца ва ўшанаванні Бога і любові да бліжняга, таму самае вялікае блюзнерства - гэта абраза імя Бога праз нянавісць да брата. “Варожасць, экстрэмізм і насілле не натхняюцца рэлігіяй - гэта здрада рэлігіі”, - дадаў ён.

Тэрарызм знішчыў многія аб’екты рэлігійнай спадчыны на поўначы Ірака, але сёння многія маладыя мусульмане і хрысціяне разам адбудоўваюць разбураныя святыні, аднаўляючы братэрскія адносіны на руінах нянавісці, - заўважыў Францішак, звяртаючы ўвагу на важнасць супрацоўніцтва і ўзаемнай дапамогі.

- Падчас бур, якія перажываем, нас уратуе не ізаляцыя, не гонка ўзбраенняў і не будаванне муроў. Наадварот, ад гэтага мы будзем аддаляцца адно ад аднаго і станавіцца яшчэ больш азлобленымі. Неба ўказвае нам іншы шлях - шлях міру. Гэты шлях пачынаецца з адмовы мець ворагаў. Нашым адзіным ворагам з’яўляецца варожасць, - падкрэсліў Пантыфік.

- Мы, сучаснае чалавецтва, і перш за ўсё мы, вернікі ўсіх рэлігій, пакліканы ператварыць зброю нянавісці ў зброю міру; пакліканы з моцай заклікаць кіраўнікоў народаў, каб гонка ўзбраенняў саступіла дарогу размеркаванню прадуктаў харчавання паміж усімі; пакліканы спыніць узаемныя абвінавачванні, каб даць голас прыгнечаным і забытым жыхарам планеты: вельмі многія пазбаўлены хлеба, лекаў, адукацыі, правоў і годнасці! - сказаў Папа.

Паводле vaticannews.va/be

Media

Last modified onНядзеля, 07 Сакавік 2021 21:54
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць