BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа Францішак гатовы наведаць Маскву і сустрэцца з Патрыярхам Кірылам

Пантыфік заклікаў захоўваць дэмакратыю і назваў галоўную пагрозу для яе

Дыялог з праваслаўем, ідэалагічная каланізацыя ў ЕС, праблема міграцыі – тэмы, якія пракаментаваў Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, вяртаючыся 6 снежня 2021 г. з Афін у Рым.

“Сустрэча з Патрыярхам Кірылам – у недалёкай перспектыве. Мне здаецца, што на наступным тыдні да мяне прыбудзе [Мітрапаліт] Іларыён, каб узгадніць магчымую сустрэчу. Патрыярх павінен здзейсніць падарожжа, здаецца ў Фінляндыю. Я заўсёды гатовы паехаць у Маскву. Каб паразмаўляць з братам не патрэбны пратаколы”, - цытуе Пантыфіка vaticannews.va/be.

Францішак заўважыў, што падчас візіту на Кіпр і ў Грэцыю сустракаўся з прадстаяцелямі мясцовых Праваслаўных Цэркваў. “Мы ўсе браты і мы кажам усё ў твар, кажам у вочы, але як браты. Гэта цудоўна, калі браты кажуць, што прыналежаць да той жа Маці, да Маці-Касцёла, але сталі крыху падзеленымі. Мы павінны ісці разам і спрабаваць працаваць у адзінстве і дзеля адзінства”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец выказаў перакананасць адносна таго, што трэба працягваць прамыя кантакты і дыялог і “не чакаць тэолагаў”. “Тэолагі павінны працягваць даследаванні, бо гэта дапамагае прыйсці да адзінства, але тым часам мы павінны ісці наперад, молячыся разам, займаючыся справамі міласэрнасці. Працаваць і маліцца разам – гэта мы можам рабіць. Адзінства пачынаецца сёння з гэтага”, - заключыў Папа.

Каментуючы іншыя тэмы, Францішак назваў анахранізмам нядаўнюю спробу прыняцця Еўракамісіяй унутранай дырэктывы, якая рэкамендавала не ўжываць назву “Божае нараджэнне”. Папа заўважыў, што на працягу гісторыі многія дыктатуры імкнуліся рабіць падобныя рэчы.

На думку Святога Айца, важна вярнуцца да ідэалаў айцоў-заснавальнікаў, а не займацца “ідэалагічнай каланізацыяй”, якая можа прывесці да падзелу і краху Еўрапейскага Саюза. Пантыфік адзначыў таксама неабходнасць павагі да адметнасцей і асаблівасцей розных краін ЕС.

Гаворачы аб крызісе дэмакратыі, на які ён звяртаў увагу падчас сустрэчы з грэчаскім істэблішментам у Афінах, Францішак падкрэсліў, што “дэмакратыя – гэта скарб цывілізацыі”, які павінен быць захаваны. Першай пагрозай для яе, паводле Папы, з’яўляецца папулізм. Ён прывёў прыклад нацысцкай Германіі, дзе папулізм выкарыстоўваўся для абароны нацыянальных каштоўнасцей, а прывёў да задушэння дэмакратыі і ўзнікнення бязлітаснай дыктатуры, ахвярамі якой стала мноства людзей.

Іншай пагрозай для дэмакратыі Пантыфік назваў адмаўленне краін ад сваіх каштоўнасцей, ад уласнай тоеснасці на карысць пэўнага роду “імперыі”, наднацыянальнага ўраду, міжнародных эканамічных і культурных сіл.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць