Logo
Print this page

«Пагроза міру ва ўсім свеце». Папа Рымскі абвясціў дзень посту і малітвы за мір

Францішак звярнуўся да палітыкаў з усіх бакоў, да вернікаў і няверуючых

Францішак спаслаўся на драматычную сітуацыю ва Украіне і пагрозу міру ва ўсім свеце. Ён заклікаў вернікаў прысвяціць Папяльцовую сераду, 2 сакавіка 2022 года, посту і малітве за мір.

"Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Нягледзячы на дыпламатычныя намаганні мінулых тыдняў, адкрываюцца ўсё больш і больш трывожныя сцэнарыі. Як і я, многія людзі ва ўсім свеце адчуваюць трывогу і заклапочанасць. Міру ўсіх пагражаюць прыватныя інтарэсы", - цытуе vaticannews.va/be словы Папы, якія ён прамовіў 23 лютага 2022 года падчас агульнай аўдыенцыі.

Пантыфік звярнуўся да тых, хто нясе палітычную адказнасць, каб “зрабіць сур'ёзны рахунак сумлення перад Богам, Які з'яўляецца Богам міру, а не вайны, Які з'яўляецца Айцом усіх, а не толькі некаторых, хоча, каб мы былі братамі, а не ворагамі”.

Ён заклікаў усе бакі “ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія прычыняць яшчэ большыя пакуты насельніцтву, дэстабілізуюць суіснаванне паміж дзяржавамі і дыскрэдытуюць міжнароднае права”.

Францішак запрасіў вернікаў і няверуючых зрабіць 2 сакавіка 2022 года, Папяльцовую сераду, днём посту ў інтэнцыі міру, паколькі “Езус вучыў, што на д’ябальскую бессэнсоўнасць гвалту адказвае Божая зброя: пост і малітва”.

“Няхай Валадарка міру [Маці Божая] выратуе свет ад вар'яцтва вайны”, - звярнуўся Пантыфік.

У той жа час прыводзяцца словы арцыбіскупа дыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паола Пэцы, які падкрэслівае, што дыпламатыя і палітыка могуць зрабіць многае, але ў доўгатэрміновай перспектыве важна асабістае навяртанне кожнага з нас, якое дазваляе змяніць свой погляд на іншых.

“Сэнс у тым, каб бачыць вачыма Бога, Які не дзеліць людзей на сяброў і ворагаў. Мы павінны сапраўды верыць у сілу прабачэння, без гэтага не будзе міру”, - сказаў ён. Арцыбіскуп Пэцы.

Ён звярнуў увагу, што такая змена мыслення з’яўляецца цудам і патрабуе малітвы. Ён прызнаўся, што сам на працягу некалькіх тыдняў уважліва сочыць за ростам напружанасці паміж Расіяй і Украінай і падчас кожнай Імшы моліцца аб міры, і падкрэсліў, што малітва мае рэальную моц і да яе не варта ставіцца як да апошняй інстанцыі.

“Малітва ўздзейнічае на сэрцы людзей і перамяняе нават загартаваныя, закамянелыя ваеннымі гадамі і, здавалася б, устойлівыя да навяртання душы”, - адзначыў іерарх.

Last modified onАўторак, 01 Сакавік 2022 22:45
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.