Logo
Print this page

Велапілігрымы і скаўты наведалі ўрачыстасць св. Андрэя Баболі ў Янаве - ФОТА

Працэсіяй вернікі прайшлі па цэнтральных вуліцах горада ад таго месца, дзе Апостал Палесся быў схоплены казакамі.

Штогод 16 траўня вернікі Пінскай дыяцэзіі збіраюцца ў горадзе Янаў-Палескі, каб памаліцца на месцы мучаніцкай смерці св.Андрэя Баболі. На ўрачыстасць сабраліся біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, святары, кансэкраваныя асобы, клерыкі духоўнай семінарыі. Каб праз працэсію і спевы ўшанаваць апекуна Пінскай дыяцэзіі, разам з вернікамі яны прайшлі да касцёла цэнтральнымі вуліцамі горада ад таго месца, дзе св. Андрэй Баболя быў схоплены казакамі. Цяпер там стаяць два крыжы - каталіцкі і праваслаўны, дарэчы і святыні - каталіцкая і праваслаўная - таксама ў Янаве стаяць побач на цэнтральнай плошчы. Гэта вельмі знакава, улічваючы гісторыю жыцця і мучаніцтва св. Андрэя Баболі.

Каб удзельнічаць ва ўрачыстасці ў гонар гэтага Апостала Палесся, упершыню ў Янава прыехалі каталіцкія скаўты з Гомеля, і традыцыйна - маладыя пілігрымы на роварах з Пінска.

Пасля працэсіі біскуп Антоні ахвяраваў святую імшу за ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі, за кансэкраваных асобаў а таксама за няверуючых - каб праз заступніцтва св. Андрэя Баболі яны знайшлі Бога.

З гісторыі

Служэнне Андрэя Баболі прыйшлося на вельмі складаны для Беларусі перыяд - 17-е стагоддзе, калі ў палітычныя супрацьстаянні ўцягвалі па рэлігійных прынцыпах. Нягледзячы на смяротную пагрозу з боку ваяўнічых казакоў, якія лічылі, што толькі праваслаўная вера мае права на існаванне, і пры гэтым забівалі католікаў і габрэяў, езуіт Андрэй Баболя працягваў бясстрашна евангелізаваць беларускія землі, навяртаючы ў каталіцтва сотні душ. Ад рук катаў жыццё святога абарвалася ў 1657 годзе, калі казакі схапілі Андрэя Баболю, доўга і жорстка катавалі, але да смерці святы не адрокся ад каталіцкай веры.

Казакi Багдана Хмяльніцкага прыехалі ў Янаў, дзе пазабiвалi не толькi католiкаў, але i габрэяў. Даведаўшыся, што тут нядаўна быў Андрэй Баболя, арганiзавалi за iм пагоню. Недзе апоўдні яго схапілi ў мясцовасцi Перадзела. Было гэта ў сераду, 16 мая. Распачалася своеасаблiвая «катэхеза», якая павiнна была схiлiць Андрэя да схiзмы. Казакi былi вынаходлiвымi ў катаваннi. Яны спачатку распранулi А.Баболю i бiлi яго нагайкамi, потым так моцна ударылі яго кулаком у твар, ажно павыляталi зубы. Андрэю Баболю, якi i пасля гэтай паказальнай экзекуцыi не выказаў жадання перайсцi ў праваслаўе, звязалi рукi вяроўкай i прывязалi да пары коней, якіх накiравалi ў Янаў. Чатыры кiламетры Андрэй Баболя бег памiж коньмi, падаючы і падаючы. Яго падганялі бізунамі, калолі дзідай, глыбока ранілі шабляй. У Янаў збеглiся людзi, якiя хацелi ўбачыць незвычайнае вiдовiшча.

Каб пазбавiцца ад празмернай колькасцi сведкаў, Баболю завялi пад навес, што служыў бойняй. З дубовага вецця сплялi вянок i ўздзелi яму на галаву. Пасля кiнулi яго на стол i, змушаючы адрачыся ад каталiцызму, агнём прыпякалi цела, пад пазногцi забiвалi стрэмкi, здзiралi скуру з рук, грудзей, плячэй i галавы, выкалалi правае вока, свежыя раны пасыпалi мякiнай, адсеклi нос i вусны, вырвалi язык, а пасля павесiлi за ногi да столi. Праз дзве гадзiны, яшчэ жывога, яго знялi. Удар шабляй па шыi закончыў зямную пiлiгрымку Баболi. Так Андрэй Баболя стаў 49-й па лiку ахвярай Таварыства Езуса, складзенай на алтары унii.

Нечакана ў ваколiцы Янава прыбылi часткi польскага войска. Уцякаючы ў панiцы, казакi пакiнулi знявечанае цела А.Баболі, якое езуiты з Пiнска перавезлi на возе ў кляштар. Цела паклалi ў драўляную труну, якую адразу забiлi, каб вучнi калегiума не бачылi страшнага вiдовiшча. Труну паставiлi ў падзямеллi касцёла, а ў спiсе памерлых запiсалi: «Айцец Андрэй Баболя быў бязлiтасна закатаваны бязбожнымi казакамi 16 мая 1657 г., пасля незлічоных мукаў з яго садралi скуру. Цела яго пакладзена пад вялiкiм алтаром». Мiнула 45 гадоў пасля смерцi Андрэя. Польшча ў гэты раз зноў перажывала трагедыю паўночнай вайны. Небяспека пагражала таксама i Пiнску. Калi ў нядзелю, 16 красавiка 1702 г., заклапочаны рэктар тутэйшага калегiума Марцiн Гадэбскi прасiў неба аб паратунку, яму прыснiўся невядомы езуiт, якi пераканаў яго, што ён, Андрэй Баболя, будзе апекавацца кляштарам з умоваю, што яго цела будзе ўшанавана. Адшуканне астанкаў Баболi не было лёгкiм. У падзямеллi касцёла спачывала шмат езуiтаў, а ўсялякiя запiсы загiнулi ў бурлiвай гiсторыi калегiума.

На месцы не ўдалося нават устанавiць даты смерцi, што аблегчыла б пошукi. У ноч з 18 на 19 красавiка (на гэты раз свецкаму закрыстыянiну) другi раз паказаўся Баболя i дакладна апiсаў месца, дзе быў пахаваны. Праз тры гадзiны працы з зямлi выкапалi труну з лацiнскiм надпiсам: «Айцец Андрэй Баболя Таварыства Езуса забiты казакамi». Было вялiкае здзiўленне, калi ў труне ўбачылi астанкi, якiя захавалiся нятленнымi, з усiмi слядамi катаванняў. Рэлiквii прыбралi ў новыя шаты i пераклалi ў другую труну.

Навiна аб адшуканнi цела, якое захавалася ў вiльготным склепе сярод тлеючых трупаў маланкаю абляцела ўсё Палессе. Жыхары Пiнска, Янава i ваколiц пачалi ўспамiнаць аповеды старэйшых. Нечакана адрадзiлася вуснае паданне аб гераiзме Андрэя. Шмат людзей з ваколiц прыходзiла да акенца крыпты, у якой спачываў Баболя, каб пакланiцца мучанiку. Андрэй Баболя атулiў апекаю не толькi езуiцкi калегiум. Калi ў 1709–1710 г. страшная эпiдэмiя паглынула тысячы ахвяраў (у 1710 г. лiтоўская правiнцыя пахавала 118 езуiтаў, сярод якiх 94 паплацiлiся жыццём за самаранскую паслугу), толькi Пiншчыну эпiдэмiя абмінула. Таксама памнажалiся ласкi, якiя былi ўпрошаны праз пасрэднiцтва А.Баболі.

У вынiку другога падзелу Польшчы Пiнск апынуўся на тэрыторыi Расiйскай Iмперыi. Паезуiцкая святыня неўзабаве перайшла ў рукi базыльянаў. Новыя гаспадары ўшанавалi цела i пакiнулi яго на месцы, тым больш, што да труны прыходзiлi таксама i праваслаўныя. Гэта не падабалася мясцоваму архiмандрыту. Калi езуiты, якiя засталiся на Белай Русi, даведалiся аб намеры зноў закапаць рэлiквii ў зямлю, яны папрасiлi Аляксандра I аддаць iм цела. Цар пагадзiўся, i ў студзенi 1808 года, нягледзячы на цяжкую зiму i вялiкi снег, рэлiквii прывезлi ў Полацк i паставілi ў крыпце.

13 сакавiка 1820 года цар падпiсаў дэкрэт аб выгнаннi езуiтаў з Расii. (Гэта адбылося пасля вяртання ордэна ў iншыя краiны.) Усе паезуiцкiя пабудовы ў Полацку аддалi пiярам. Праз 10 гадоў гэтак, як езуiты, былi выгнаныя i пiяры, а касцёл перайшоў да праваслаўных. Цела Андрэя перавезлi ў касцёл дамiнiканаў i паклалi ў асобнай каплiцы. У 1864 годзе з Полацка выгналi i дамiнiканаў, а iх святыня перайшла ў рукi дыяцэзiяльных святароў. У 1866 г. у Полацк з Пецярбурга прыехала ўрадавая камiсiя, бо распаўсюдзiлiся чуткi, што благаславёнаму аддаюць пашану не толькi католiкi, але i праваслаўныя. Падчас iнспекцыi са столi звалiлася цэгла i, спадаючы, паранiла аднаго з чыноўнiкаў. Камiсары, якiя верылi ў забабоны, убачылi ў гэтым «умяшацельства Баболi» i хуценька пакiнулi каплiцу. Цела пакiнулi ў спакоi аж да рэвалюцыi.

У савецкiя часы неаднаразовыя спробы зняславiць рэлiквii былi рашуча спыненыя грамадствам. Толькi 23 чэрвеня 1922 года касцёл акружыла армiя: з’явiлiся пасланцы Крамля. Адчынiўшы труну, з цела знялі адзенне i кiнулi на падлогу. На здзiўленне прысутных, астанкi не рассыпалiся. Быў складзены пратакол аб iх стане, дзе сцвярджалася, што «труп» добра захаваўся дзякуючы ўласцiвасцям зямлi, у якой ён знаходзiўся. Пасля гэтага антыгуманнага акту рэлiквii пакiнулi ў спакоi, але не надоўга. 20 лiпеня ў касцёл уварвалiся «байцы» i, разагнаўшы парафiянаў, якiя ахоўвалi труну, вывезлi цела ў Маскву, дзе яно было змешчана ў будынку Гiгiенiчнай Выставы Народнага Камiсарыята Здароўя.

У 1922 г., калi ў Савецкiм Саюзе быў голад, Папа Пiй ХI выдзелiў вялiкую дапамогу галадаючаму народу. Тады савецкi ўрад за заслугi Папскай ратунковай камiсii прыхiльна паставiўся да просьбы Святога Айца аб вяртаннi рэлiквiй. У Вечны Горад рэлiквii прыбылi ва ўрачыстасць Усiх Святых. Яны былi змешчаныя ў базылiцы святога Пятра на Ватыкане, а ў маi 1924 года Папа перадаў цела езуiцкаму касцёлу del Gesu. Пасля кананiзацыi ў 1938 годзе рэлiквii праз Югаславiю, Венгрыю i Чэхаславакiю былi перапраўлены ў Польшчу. Тут у трыумфальнай працэсii іх павезлі спачатку ў Чэхавiцы, потым у Асвенцiм, Кракаў, Катавiцы, Познань i Лодзь, i нарэшце труна спынiлася ў Варшаве.

Last modified onАўторак, 19 Май 2015 16:43
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.