Logo
Print this page

Гомельскія скаўты выбраліся ў лес на «Вясеннік» [фота]

Ноччу хлопцы перажылі сапраўдную прыгоду, а днём ўжывую пазнаёміліся з насельнікамі лесу.

Насуперак неспрыяльным прагнозам надвор'я ў мінулыя выхадныя гомельскія скаўты, якія практыкуюць педагогіку FSE (Федэрацыі скаўтаў Еўропы), здзейснілі двухдзённую вылазку ў лес. У маляўнічым месцы на беразе ракі хлопцы разам з бацькамі-скаўтамі разбілі лагер і правялі сваё традыцыйнае мерапрыемства - «Вясеннік».

Хлопцы самі рыхтавалі на вогнішчы ежу, а многія з іх упершыню начавалі ў палатках. Сярод глыбокай ночы скаўтаў чакала вялікая прыгода з прабежкай па лесе і засадамі. Многія леглі спаць толькі з зарой пад спевы птушак, а некаторыя сустракалі світанак за дзяжурствам ля вогнішча.

Хлопцаў таксама чакалі традыцыйныя вясёлыя скаўцкія гульні і нечаканыя сустрэчы: з вожыкам, зайцам, вужамі і яшчаркамі. Завяршыўся «Вясеннік» самай галоўнай падзеяй: Святой Імшой у лесе на беразе ракі. Для Эўхарыстыі скаўты вырабілі алтар і крыж, а правёў Імшу гомельскі вікарый айцец Дамінік.

 

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.