Logo
Print this page

Святар на «Чарнобыльскім шляху»: «Чалавек - не абсалютны гаспадар стварэння»

Мітынг-малітва завяршыўся выкананнем гімну «Магутны Божа».

У "Чарнобыльскім шляху", які 26 красавіка, у гадавіну катастрофы на ЧАЭС, правяла ў Мінску шырокая грамадскасць, прыняў удзел прадстаўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі ксёндз канонік Францішак Рудзь, пробашч сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай. Пасля хвіліны маўчання ён першым выступіў падчас мітынгу-малітвы і адзначыў, што трагедыя прымушае задумацца і адказна ставіцца да прыроды:

- Трагедыя нагадвае пра тое, што, хоць «мірны атам» можа прыносіць велізарную карысць, аднак падыходзіць да яго трэба з вялікай адказнасцю, як у выпадку аварыі, падобнай да Чарнобыльскай, ад яе наступстваў пакутуе не адно пакаленне. Трагедыя Чарнобыля назаўсёды змяніла жыццё тых людзей, хто быў вымушаны пакінуць "зону адчужэння", і тых, чые родныя загінулі, удзельнічаючы ў ліквідацыі наступстваў аварыі, і тых, хто з-за яе страціў здароўе, - цытуе святара Catholic.by.

Паводле яго слоў, мы павінны памятаць, што чалавек быў створаны не як абсалютны гаспадар стварэння, а як істота, адказная за тое, каб апрацоўваць і берагчы "сад свету".

Каталіцкі Касцёл ўносіць вялікі ўклад у абарону прыроды і чалавечага жыцця, нагадаў святар. У прыватнасці, Папа Францішак выдаў дакумент, прысвечаны абароне створанага Богам свету - дакумент быў прыняты напярэдадні візіту ў Рым ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, сярод якіх былі таксама беларусы.

Мітынг завяршыўся выкананнем беларускага хрысціянскага гімна «Магутны Божа».

Last modified onЧацвер, 26 Красавік 2018 23:11
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.