Logo
Print this page

Мітрапаліт Кандрусевіч заступіўся за Вайсковыя могілкі ў Мінску

Арцыбіскуп: «Пры так званым «ўпарадкаванні» некропалю мы становімся сведкамі негатыўных адносін да нацыянальнай гісторыі».

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да дзяржаўных уладаў краіны і грамадскіх арганізацый у сувязі з сітуацыяй з Вайсковымі могілкамі ў Мінску. Арцыбіскуп адзначыў, што пры так званым «ўпарадкаванні» некропалю, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, мы становімся сведкамі негатыўных адносін да нацыянальнай гісторыі.

- Ніхто не супярэчыць таму, што час ад часу неабходна ўпарадкоўваць могілкі, падобна таму, як мы робім рамонт дарог, дамоў і г.д. Аднак упарадкаванне могілак не павінна скажаць гісторыі. На надмагільных помніках знаходзяцца імёны пахаваных, гады іх жыцця, нярэдка іх род дзейнасці. На іх мы таксама бачым знакі іх рэлігійнай прыналежнасці, - цытуе арцыбіскупа афіцыйны сайт Каталіцкай царквы ў Беларусі Catholic.by.

Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсливае, што ўпарадкаванне, якое распачалося на Вайсковых могілках, часта звязана са знішчэннем помнікаў і надмагільных крыжоў.

- Такі падыход да справы нішчыць аўтэнтычнасць могілак як гісторыка-культурнай і рэлігійнай каштоўнасці. Знікненне з іх крыжоў сведчыць пра спіхванне хрысціянства - традыцыйнай рэлігіі нашай Бацькаўшчыны - на перыферыю жыцця, - непакоіцца старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Ён звяртаецца з заклікам зрабіць усё магчымае, каб захаваць гістарычную каштоўнасць Вайсковых могілак, не дапусціць у будучым спусташэння святых месцаў, якімі з’яўляюцца месцы пахавання памерлых, і захаваць нацыянальную гісторыю.

Last modified onЧацвер, 05 Ліпень 2018 17:45
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.