Афрыканскі хірург чытае пацыентам Біблію. Ён атрымаў прэмію ААН
- Written by Katolik.life
- Published in Соцыум
- Add new comment
Легендарны лекар - католік. Адпачывае ён толькі па нядзелях - калі няма неадкладных выпадкаў. А сваю прэмію аддасць на карысць шпіталяў [+відэа]
У кастрычніку ў Жэневе хірургу з Паўднёвага Судана ўручылі штогадовую прэмію Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў (UNHCR). Доктар Эван Атар Адаха (Evan Atar Adaha) працуе ў шпіталі горада Бунж у Паўднёвым Судане. Ён - адзіны хірург ў клініцы, і за больш за 20 гадоў сваёй працы выратаваў жыцці не менш за 200 тыс. чалавек, асноўная частка якіх - уцекачы з правінцыі Блакітны Ніл ў Судане, дзе працягваецца грамадзянская вайна.
Доктар Атар - католік, і пры аперацыях перад тым, як усыпіць хворага анестэзіяй, ён чытае ім урыўкі з Бібліі або Карана (многія жыхары рэгіёну - мусульмане), а таксама невялікую малітву. І толькі потым бярэцца за скальпель. Вера дапамагае пры аперацыях многім пацыентам, на асабістым досвеце доўгай медычнай практыкі пераканаўся доктар Атар.
І яму самому глыбокая вера вельмі дапамагае ў працы, прызнаецца док:
- Мяне натхняе перакананне, што ўсе мы стварэнні Божыя, і таму ў працы я ўвесь час нагадваю сваім супрацоўнікам, што мы ўсе адна сям'я, а наша пакліканне ратаваць жыццё.
Як паведамляе UNHCR, легендарны афрыканскі лекар займаецца не толькі лячэннем хворых, але і выконвае іншую працу ў клініцы. Напрыклад, як сапраўдны доктар, ён часта гуляе з нованароджанымі, цягае грувасткія аперацыйныя сталы, выконвае дробны рамонт у шпіталі, мяняе лямпы ў аперацыйнай.
Толькі па нядзелях доктар Атар не працуе - ён удзельнічае ў святой Імшы ў храме і адпачывае - калі няма неадкладных выпадкаў.
Пры ўручэнні прэміі Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіп Грандзі назваў працу афрыканскага хірурга бліскучым прыкладам глыбокага гуманізму і самаахвярнасці на карысць бежанцаў падчас грамадзянскай вайны і цяжкіх бедстваў:
- Дзякуючы яго цяжкай і нястомнай працы былі выратаваны тысячы людскіх жыццяў, і ўсе гэтыя няшчасныя мужчыны, жанчыны і дзеці атрымалі шанец на новае жыццё і шчаслівую будучыню.
Сам доктар на ўрачыстай цырымоніі паводзіў сябе як звычайна сціпла і заявіў, што асноўная частка прэміі памерам 150 тыс. даляраў будзе скарыстана на першачарговыя патрэбы мясцовых шпіталяў.
- Я узрушаны гэтай вялікай узнагародай за маю сціплую працу, - цытуе UNHCR знакамітага лекара.
Media
Related items
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы
- Пасля сутак на мяжы кіроўцу не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы. Прычына небанальная
- Адпраўка ў войска ў Беларусі адбываецца з удзелам святароў
- Пацалунак пад абразом і цягнік з адным вагонам – чым дзеліцца парафія ў глыбінцы