Logo
Print this page

Прэмія «За духоўнае адраджэнне» прысуджана перакладчыкам Бібліі

Калектывы БПЦ і Каталіцкай царквы адзначаны прэзідэнтам за пераклады Новага Запавету

Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб прысуджэнні прэміі за «Духоўнае адраджэнне» ў 2018 годзе. За актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, што садзейнічае захаванню і памнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і ідэй міласэрнасці прэмія прысуджаецца штогод выбітным дзеячам і калектывам.

Сёлета ў ліку адзначаных прэміяй прэзідэнта - калектывы Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Яны ўзнагароджаны «за пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што спрыяе ўзбагачэнню духоўнай спадчыны». Выплата прэмій даручана Міністэрству культуры са сродкаў фонду прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва. Уручэнне прэмій адбудзецца 9 студзеня ў Мінску.

Пераклады Новага Запавету былі выдадзеныя да 500-годдзя першай беларускай друкаванай кнігі - Бібліі Францішка Скарыны.

Нагадаем, па выніках 2015 году прэміі «За духоўнае адраджэнне» быў удастоены пробашч рыма-каталіцкай парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці Чэслаў Курэчка - за «важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця».

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.