Logo
Print this page

Кандрусевіч: Перапахаванне Каліноўскага мае вялікае значэнне для Беларусі

Нішто так не аб’ядноўвае як пралітая за агульныя ідэалы кроў, падкрэсліў мітрапаліт

Пасля Імшы перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863-64 гг. у Віленскай катэдры, 22 лістапада, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў у Беларусі, звярнуўся з прамовай да прысутных прэзідэнтаў Літвы і Польшчы, мясцовага духавенства, афіцыйных дэлегацый Беларусі, Латвіі і Украіны, усіх прысутных - у тым ліку пілігрымаў з Беларусі.

- Божы Провід дазваляе нам прыняць удзел у перапахаванні парэшткаў паўстанцаў 1863-64 гадоў. Гара Гедэмінаса - сімвал Вільні, два гады таму адкрыла нам сваю таямніцу. Нарэшце скрытыя цягам паўтараста гадоў парэшткі герояў паўстання былі аднойдзены і сёння з пашанай пераносяцца на месца вечнага спачынку на могілкі Росы ў Вільні. У Бога няма выпадковасцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы ізноў узгадалі пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў трагічных абставінах, імкнучыся здабыць волю, - сказаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён нагадаў, што паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду - змагаліся за «нашу і вашу свабоду».

- Сярод іх - Канстанцін Каліноўскі, сын беларускага народа, лідэр нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнаю сілаю духу і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае вялікае значэнне таксама і для Беларусі, - падкрэсліў іерарх.

Паводле яго, Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто ўсведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэнне. У ім і яго паплечніках мы бачым своеасаблівы альтруізм, самаахвярнасць, усведамленне ўласнае годнасці.

- Хаця ў жыцці і барацьбе паўстанцаў былі разнастайныя кантэксты, якія цяжка ацаніць некалькімі сказамі, і само паўстанне не прынесла жаданага плёну, тым не менш яно пакінула свой след у гісторыі, - упэўнены беларускі арцыбіскуп.

Ён дадаў, што ўзгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнёмся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да яго правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася.

- Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомы, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў. Нішто так не аб’ядноўвае як пралітая за агульныя ідэалы кроў, - заявіў мітрапаліт.

Сімвалічна, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні - горадзе Божай міласэрнасці. Cваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу, сказаў Тадэвуш Кандрусевіч і прачытаў малітву:

«Вечны адпачынак дай ім Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн».

Last modified onПятніца, 22 Сакавік 2024 14:35
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.