Развітанне са Станіславам Шушкевічам пройдзе ў архікатэдральным касцёле 7 траўня
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі адышоў у вечнасць на 88-м годзе жыцця
На 88-м годзе жыцця не стала Станіслава Шушкевіча - аб ягонай смерці 4 траўня паведаміла жонка Ірына. Палітык, доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН быў першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Развітанне з памерлым, які быў католікам, пройдзе ў суботу 7 траўня ў архікатэдральным касцёле Мінска (плошча Свабоды, 9): з 10.00 да 12.00 - індывідуальная малітва і развітанне ў цішыні, у 12.00 - святая Імша ў інтэнцыі вечнага жыцця для Станіслава.
У 1991-1994 гадах Шушкевіч з'яўляўся старшынёй Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь - тады краіна была парламенцкай рэспублікай. 8 снежня 1991 г. разам з лідэрамі Расіі і Украіны падпісаў пагадненне аб ліквідацыі камуністычнай "імперыі зла" - Савецкага Саюза.
На пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч увёў дзяржаўны сцяг і герб, пачаў ствараць беларускія ўзброеныя сілы, увёў нацыянальную валюту, ратыфікаваў Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У адным з інтэрв'ю, кранаючы пытанні веры, Станіслаў Шушкевіч казаў: "Члены нашай сям'і не былі заўзятымі католікамі, хутчэй мы проста ўраўнаважаныя людзі. Я сам католік, жонка - праваслаўная. Браты мае і сястра - католікі, а сужонкі ва ўсіх праваслаўныя".
Ён адзначаў, што ў 1974 годзе пачуў у Кракаве казанне Караля Вайтылы, будучага Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, і гэта аказала на яго моцны ўплыў. У іншым інтэрв'ю ён разважаў:
"Я фізік па адукацыі, і меркаваць, што развіццё чалавецтва было спантанным, ну проста немагчыма. Бо часам некаторыя рэчы… Яны не маглі самі сфарміравацца, гэта была нейкая больш высокая сіла".
Дарэчы, палітык быў датычны да вяртання вернікам адабраных у савецкі час храмаў, у прыватнасці, архікатэдральнага і Чырвонага касцёлаў.
Related items
- Упершыню за пяць гадоў Крыжовы шлях прайшоў у цэнтры Гродна і сабраў сотні ўдзельнікаў
- Помнік беларускаму герою Кастусю Каліноўскаму адкрылі ў Вільні
- На пахаванні беларускі Лізы ў Варшаве будуць маліцца прадстаўнікі трох канфесій
- Папа Рымскі не заклікаў Украіну «падняць белы сцяг» – што ён сказаў даслоўна
- Называюць сябе «руплівымі католікамі» і ідуць забіваць. Што вядома пра іспанцаў, якія ваююць супраць Украіны