Logo
Print this page

Беларусы Прыбайкалля паказалі, як адзначаюць Грамніцы – відэа

Нацыянальная супольнасць у Сібіры вывучае і захоўвае беларускую мову, культуру, традыцыі [+яшчэ адзін цікавы факт]

У Сібіры ўдзельнікі грамадскіх аб'яднанняў беларусаў Іркуцкай вобласці Расіі паказалі, як адзначаюць Стрэчанне або Грамніцы згодна з народнымі традыцыямі. У Каталіцкай Царкве гэтае свята прыпадае на 2 лютага і называецца Ахвяраванне Пана, а ў народзе Стрэчанне – ад слова «сустрэча». Яно нагадвае пра тое, як Панна Марыя і Юзаф прынеслі Дзіцятка Езуса ў Ерузалімскі храм, каб прадставіць Яго перад Богам і здзейсніць за Яго ахвяру.

Гэта падзея паказвае на пакору Святой Сям'і, якая выканала ўсе патрабаванні закона. Свята вядомае таксама тым, што ў гэты дзень у храмах асвячаюць «грамнічныя свечкі». Лічыцца, што праз пасярэдніцтва Божай Маці падчас малітвы ля гэтых запаленых свечак Пан беражэ дом ад удару маланкі, пажару (падрабязна тут >>>).

Царква надала хрысціянскі сэнс святу, але яно мае паганскія карані. У старажытнасці продкі называлі Стрэчаннем «сустрэчу зімы і лета», тады ж з'явілася традыцыя вырабу «грамнічнай свечкі», якая іграла ролю абярэга.

Пра гэта і распавялі беларусы Прыбайкалля, а таксама выканалі абрадавыя песні. Відэа падрыхтавала рэгіянальная грамадская арганізацыя «Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага».

Цікавы факт: гэты вядомы даследчык Сібіры – ураджэнец Віцебскай вобласці, ахрышчаны ў каталіцтве, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, змагаўся ў ягоным партызанскім атрадзе за вызваленне Беларусі ад расійскага царскага прыгнёту.

Арганізацыя займаецца адраджэннем беларускіх традыцый, стварэннем фальклорных калектываў, бібліятэкі беларускай літаратуры, вывучэннем побытавых танцаў, беларускай мовы і гісторыі Беларусі.

Заўвага: застаўка ў пачатку відэа з'яўляецца афіцыйным зарэгістраваным лагатыпам «Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага».

Media

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.