Logo
Print this page

Што адбываецца ў Брэсце? Там – чэргі ў касцёл, але не на Імшу

У храме зладзілі серыю «начных» камерцыйных канцэртаў поп-музыкі, якія праходзяць з аншлагам.

У галоўным каталіцкім храме Брэста – старадаўнім касцёле Узвышэння Святога Крыжа – масава «запалі ў эйфарыю». Там праходзіць серыя канцэртаў музычнага праекта з аднайменнай назвай.

Як мы заўважылі па пастах у сацсетках, некалькі вечароў запар у храме праводзяць гучныя канцэрты пры поўным аншлагу. Да касцёла выстройваюцца вялізныя чэргі, каб трапіць на канцэрты. Яны – платныя: ад 55 да 65 рублёў. Бліжэйшыя такія канцэрты – 24-25 жніўня. Усе квіткі ўжо распрададзеныя.

Выступы «Euphoria Night» праходзілі ў касцёле і раней – таксама з аншлагам. На канцэрты прыязджалі нават з іншых гарадоў. Як бачна на відэа [глядзіце ніжэй], музыкі выконваюць сусветныя хіты ў аўтарскіх аранжыроўках са светлавымі эфектамі.

Наколькі дарэчныя такія мерапрыемствы ў святым месцы, яшчэ і камерцыйныя, якія не маюць дачынення да каталіцтва, – пытанне ў кампетэнцыі духавенства дыяцэзіі.

Што вядома пра гэты музычны праект? Гэта ініцыятыва творчых людзей з Брэста. Раней «Euphoria» выступала ў канцэртных залах, але затым вырашыла «выйсці за межы» і пачала ладзіць «інтэлектуальныя канцэрты», падчас якіх «музыка сустракаецца з веліччу гістарычнай архітэктуры».

Выступы ў касцёле праходзяць у даволі позні час – да 22.30. Паведамляецца, што «магутны жывы гук гурта дапаўняецца вытанчаным гучаннем скрыпічнага квартэта», а ідэя канцэртаў – «замарудзіцца, пабыць сам-насам са сваімі думкамі і растварыцца ў эстэтыцы моманту».

Галоўны саліст праекта – Ягор Шаранкоў, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, у тым ліку фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».

Раней прадстаўнікі каталіцкага духавенства выказваліся пра тое, што калі ладзіць канцэрты ў храмах, то толькі класічнай музыкі (творы якой часта прысвечаны Богу) і такія мерапрыемствы павінны быць бясплатнымі.

Арганізатарам канцэртаў у касцёле ў Брэсце з'яўляецца тэатр танца «Фантазія».

У падтрымку праекта «Euphoria» выступалі прадстаўнікі праўладных арганізацый. Не выключана, што каталіцкай парафіі ў нейкай ступені навязалі правядзенне такіх канцэртаў, але ніякай інфармацыі на гэты конт пакуль няма. У парафіі не каментуюць правядзенне «Euphoria Night».

Media

Last modified onПанядзелак, 24 Жнівень 2026 15:48
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.