Logo
Print this page

Святыя Дзверы для атрымання адпусту адкрыюць ва ўсіх дыяцэзіях

Папа прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне ў сувязі з Годам Міласэрнасці.

“Хачу, каб Юбілей быў жывым досведам блізкасці Айца, дотыкам да Яго пяшчоты, каб вера кожнага верніка была ўзмоцнена і, такім чынам, яго сведчанне стала яшчэ больш плённым”, - такая думка гучыць у пачатку ліста папы Францішка да арцыбіскупа Рына Фізікелы, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі. Галоўнай тэмай паслання, абнародаванага ў Ватыкане 1 верасня 2015 г., сталі адпусты, звязаныя з Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці, які пачынаецца ў Касцёле 8 снежня 2015 г.  

“Каб перажыць і атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання. Акрамя таго, я распараджаюся, каб у санктуарыях, дзе былі адчынены Дзверы Міласэрнасці, і ў касцёлах, якія традыцыйна вызначаны ў якасці юбілейных, існавала магчымасць атрымання адпусту. Важна, каб гэты момант быў звязаны, у першую чаргу, з сакрамэнтам паяднання і ўдзелам у св. Імшы, а таксама з разважаннем пра міласэрнасць. Неабходна будзе суправаджаць гэтыя цэлебрацыі вызнаннем веры і малітвай за мяне і ў маіх інтэнцыях, якія нашу ў маім сэрцы на карысць Касцёла і ўсяго свету”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што асаблівым чынам думае пра тых, хто па розных прычынах не будзе мець магчымасці прайсці праз Святыя дзверы: хворых і людзей пажылога ўзросту. Для іх спосабам атрымання адпусту будзе прыняцце св. Камуніі і ўдзел у св. Імшы або супольная малітва, нават з дапамогай сродкаў камунікацыі, напрыклад, радыё і тэлебачання. 

Вялікай “амністыяй” назваў Папа Год Міласэрнасці для зняволеных. “Яны могуць атрымаць адпуст у турэмных капліцах. А калі будуць праходзіць праз дзверы сваёй камеры, кіруючы думкі і малітвы да Айца, няхай кожны раз гэты жэст азначае для іх праходжанне праз Святыя дзверы, таму што Божая міласэрнасць, якая можа змяняць сэрцы, таксама ў стане пераўтварыць краты ў досвед волі”, - напісаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на багацце, якое захоўваецца ва ўчынках міласэрнасці для душы і цела бліжняга. “Кожны раз, калі нехта з вернікаў асабіста выканае адзін або некалькі гэтых учынкаў, безумоўна, атрымае юбілейны адпуст. (…) Гэта будзе поўны юбілейны адпуст, плён самой падзеі, якая цэлебруецца і перажываецца з верай, надзеяй і любоўю”, - гаворыцца ў лісце Святога Айца. Ён нагадаў, што адпуст можа быць ахвяраваны не толькі за сябе, але і за памерлага.

be.radiovaticana.va

Last modified onАўторак, 01 Верасень 2015 17:57
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.