Logo
Print this page

Святы Пасад вядзе перамовы з кітайскімі ўладамі

Францішак неаднаразова падкрэсліваў, што ахвотна наведаў бы Кітай.

Дыялог паміж Святым Пасадам і камуністычным рэжымам Кітая з’яўляецца больш інтэнсіўным, чым раней. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін пацвердзіў, што ў сярэдзіне кастрычніка ватыканская дэлегацыя праводзіла перамовы ў Пекіне.

Цяперашні дыялог “вельмі станоўчы”, сказаў іерарх 29 кастрычніка 2015 г. у інтэрв’ю інтэрнэт-парталу “Vatican Insider”. Ён дадаў, што гэта не першы такога роду візіт; ён з’яўляецца этапам на “шляху нармалізацыі адносін”.

Святы Пасад не падтрымлівае дыпламатычных адносін з КНР. Асноўнай перашкодай з’яўляецца патрабаванне Пекіна кантраляваць Каталіцкі Касцёл дзяржаўнымі органамі і ўплываць на прызначэнне біскупаў.

На пытанне аб магчымасці візіту Папы ў Кітай, кардынал Паралін сказаў літаральна так: “Мы гэтага вельмі хочам”. Францішак неаднаразова падкрэсліваў, што ахвотна наведаў бы Кітай. Чарговы раз ён казаў пра гэта ў канцы верасня на зваротным шляху ў Рым з Кубы і Злучаных Штатаў.

Рэгулярныя перамовы паміж Святым Пасадам і камуністычнымі ўладамі ў Пекіне мелі месца ў апошні час у 2007 г. і 2009 г. З ватыканскага боку іх узначальваў менавіта Паралін, у той час падсакратар у Дзяржаўным сакратарыяце па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

be.radiovaticana.va

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.