Logo
Print this page

Ад сёння Слуга Божы: пачалася беатыфікацыя Вайніловіча

Ён будаваў святыні і спрыяў міжрэлігійнаму дыялогу [ВІДЭА].

10 красавіка ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) пачаўся беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча - грамадска-палітычнага, культурнага дзеяча і дабрачынца пачатку ХХ стагоддзя. Свядомы беларус, эрудыт, гаспадарнік, арганізатар і рэфарматар, палітык і мысліцель нарадзіўся ў 1847 годзе ў Савічах, а памёр у 1928 годзе ў Быдгашчы. Вядомы таксама як фундатар касцёла свв. Сымона і Алены ў Мінску. Дапамагаў у будаўніцтве святыняў розных канфесій у Беларусі: каталіцкіх, праваслаўных, яўрэйскіх і мусульманскіх, спрыяючы духоўнаму і культурнаму адраджэнню грамадства. Эдвард Вайніловіч - узор сапраўднага патрыёта, выбітнага грамадскага і культурнага дзеяча, які нашмат апярэдзіў свой час.

Беатыфікацыйны працэс - гэта шлях у Каталіцкай царкве да афіцыйнага прызнання пэўнага памерлага чалавека благаслаўлёным. У дачыненні да Эдварда Вайніловіча беатыфікацыйны працэс пачаўся са святой Імшы, спеву «Узняліся крыжы над святынямі», малітвай да Святога Духа, якую правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Члены беатыфікацыйнага трыбуналу ўрачыста склалі прысягу, таксама адбылася малітва аб беатыфікацыі і працэсія да месца пахавання Эдварда Вайніловіча. Адгэтуль слынны беларус мае ў Каталіцкай царкве «званне» Слугі Божага - гэта першая прыступка на шляху да прызнання святасці.

Першае пасяджэнне міжнароднай пастулатарскай камісіі аб беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча адбылося 15 траўня 2014 года. З тых часоў збіраліся ўсе неабходныя дакументы для пачатку гэтай складанай працэдуры. Таксама была падрыхтаваная спецыяльная малітва, вырабленыя абразкі на розных мовах, каб можна было насіць з сабой, маліцца і прасіць дапамогі ў Слугі Божага Эдварда Вайніловіча.

- Працэс беатыфікацыі вельмі і вельмі складаны. Трэба прайсці гістарычную, тэалагічную камісію, падаць на разгляд творы, якія ён напісаў. Мы не ведаем, калі гэты працэс скончыцца, гэта ведае толькі Бог, таму не будзем загадваць, - казаў раней падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён таксама адзначаў, што працэс беатыфікацыі Вайніловіча мае вельмі важнае значэнне для Каталіцкай Царквы і горада Мінска, бо «ў нас яшчэ мала людзей, выхадцаў з Беларусі, якія былі абвешчаныя святымі або блаславёнымі». Вайніловіч, са словаў мітрапаліта, вядомы як чалавек, які яшчэ 100 гадоў таму «зразумеў, што трэба развіваць міжхрысціянскі, міжрэлігійны дыялог».

Media

Last modified onНядзеля, 10 Красавік 2016 17:53
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.