Logo
Print this page

Новы пасол Ватыкана ў Беларусі валодае 9 мовамі

Папа Францішак прызначыў Апостальскім нунцыем арцыбіскупа Габара Пінтэра з Венгрыі.

Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь 13 траўня 2016 года паведаміла, што Яго Святасць Папа Францішак прызначыў мансеньёра Габара Пінтэра, які да гэтага часу займаў пасаду дарадцы Апостальскай Нунцыятуры ў Аўстрыі, Апостальскім Нунцыем у Рэспубліцы Беларусь. Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі кс. Габара Пінтэра, надаючы яму адначасова годнасць арцыбіскупа.

Мансеньёр Габар Пінтэр (Gábor Pintér) нарадзіўся 9 сакавіка 1964 г. у Венгрыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 11 чэрвеня 1988 г.; з’яўляецца прэзбітэрам дыяцэзіі Ваца (Венгрыя). Знаходзіцца на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы з 1 ліпеня 1996 г.; працаваў у Гаіці, Балівіі, Скандынавіі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Валодае венгерскай, нямецкай, італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай, крэольскай, шведскай і рускай мовамі.

У сувязі з прызначэннем новага пасла Ватыкана ў Беларусі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, выступіў са зваротам, у якім адзначыў, што Святы Айцец Францішак прызначыў новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі ў гадавіну фацімскага аб'яўлення Панны Марыі.

- У сваім служэнні Апостальскі Нунцый выкарыстоўвае найперш маральныя сродкі. Клапоцячыся аб развіцці рэлігійных і чалавечых каштоўнасцяў, ён служыць усім жыхарам краіны, - цытуе catholic.by. - У нашай краіне Ваша Эксцэленцыя спаткае моцную веру і Касцёл, які адраджаецца пасля трох пакаленняў ганенняў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не толькі захаваў скарбы багатай хрысціянскай традыцыі нашай краіны, але і ўцелавіў вучэнне Другога Ватыканскага Сабору і, нягледзячы на розныя цяжкасці, з упэўненасцю і мужнасцю глядзіць з надзеяй у будучыню.

Ён дадае, што Апостальскі Нунцый з’яўляецца сталым прадстаўніком Святога Айца ў партыкулярным Касцёле і дзяржаве, да якой ён пасланы. Галоўным яго заданнем з’яўляецца ўмацаванне сувязяў паміж Апостальскім Пасадам і мясцовым Касцёлам, а таксама дзяржавай, пры якой ён акрэдытаваны.

Мітрапаліт дзякуе Папу Францішку за прызначэнне новага Апостальскага Нунцыя і жадае яму Божага благаслаўлення, апекі Божай Маці Будслаўскай - апякункі Беларусі - і нябеснага заступніка краіны св. Міхала Арханёла. Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп заклікае ўсіх маліцца аб поспеху місіі новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі на карысць Касцёла і народа.

Нагадаем, мінулы Пасол Ватыкана Клаўдыё Гуджэроцці пакінуў Беларусь і быў накіраваны ва Украіну.

Last modified onПанядзелак, 16 Май 2016 15:52
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.