Ватыкан пачаў збіраць грошы для бедных у Twitter і Instagram
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Напрыклад, ініцыятыва збірае сродкі для ўкраінцаў на Данбасе.
Так званы “Грош Святога Пятра” або “Міласціна Святога Пятра” (лац. Denarius Petri, іт. Obolo di san Pietro), фонд, які дазваляе Касцёлу ў поўнай меры ўдзельнічаць у служэнні праз клопат пра бедных, цяпер прадстаўлены ў сацыяльных сетках “Twitter” і “Instagram”, заявіў у спецыяльным паведамленні ватыканскі Дзяржсакратарыят.
Мэта ініцыятывы – выйсці насустрач тым, хто жадае дапамагчы людзям, што жывуць у нястачы і прапанаваць ім удзел у канкрэтных дабрачынных праектах, якія ажыццяўляюцца дзякуючы салідарнасці католікаў з усяго свету: свецкіх вернікаў, святароў і кансэкраваных асоб, устаноў і фондаў, што падтрымліваюць Святога Айца ў ажыццяўленні яго місіі.
У лістападзе 2016 г. пачаў працу новы сайт ініцыятывы, а з 1 сакавіка 2017 г. яна пазначыла сваю прысутнасць у сацсетках. Гэта ўсё стала рэалізацыяй жадання прамых, шчырых, актыўных і празрыстых зносін з католікамі ва ўсім свеце, і з усімі людзьмі, якія хочуць дапамагчы патрабуючым. “Twitter” працуе на італьянскай, англійскай і іспанскай мовах, у “Instagram” дзейнічае адзіны акаунт.
Штодня тут публікуюцца кароткія пасланні папы Францішка разам з фотаздымкамі і дадатковай інфармацыяй аб дабрачыннай дзейнасці Апостальскай Сталіцы, якая ажыццяўляецца праз гэту гістарычную ініцыятыву хрысціянскай міласэрнасці. “Грош Святога Пятра” падтрымлівае невялікія і буйныя праекты па ўсім свеце, прыклады: будаўніцтва дзіцячай бальніцы ў Бангі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, збор сродкаў для ўкраінскага насельніцтва ў рэгіёнах, ахопленых узброеным канфліктам, падтрымка першага каталіцкага ўніверсітэта ў Іарданіі.
Ініцыятыва прысутнасці ў сацсетках нарадзілася ў выніку супрацоўніцтва паміж Дзяржсакратарыятам, Сакратарыятам па камунікацыі і Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан.
Практыку, рэгулярна рабіць штогадовы ўнёсак на дабрачынную дзейнасць Святога Айца, прапанавалі ў VIII ст. англасаксы пасля свайго навяртання на хрысціянства. Яна хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. Папа Пій IX афіцыйна зацвердзіў “Грош Святога Пятра” 5 жніўня 1871 г. сваёй энцыклікай “Saepe Venerabilis”. У цяперашні час збор сродкаў мае месца ва ўсім каталіцкім свеце. У асноўным ён праводзіцца 29 чэрвеня ці ў бліжэйшую да ўрачыстасці святых Пятра і Паўла нядзелю.
“Грош Святога Пятра” ў “Twitter” можна знайсці праз акаўнты: “Obolo di San Pietro: @obolus_it”; “Obolo de San Pedro: @obolus_es”; “Peter's Pence: @obolus_en” і. У “Instagram” – “Obolus: obolus_va”. Таксама католікам прапануюць ужываць спецыяльны хэштэг: #movingMercy.
Related items
- Пацалунак пад абразом і цягнік з адным вагонам – чым дзеліцца парафія ў глыбінцы
- «У парафіі 15-20 асоб». Мітрапаліт абвясціў акцыю па падтрымцы Касцёла на Магілёўшчыне
- Не фэйкі і не хакеры: «Радыё Марыя» працягвае збор і тлумачыць непаразуменні
- У Ізраілі католікі з Беларусі спакойна перажылі атаку Ірана, але «вайна дастала»
- Без цуду, але з падтрымкай: як «Радыё Марыя» выходзіць з цяжкай сітуацыі