Вялікая пятніца: ці прымаеш ты свой крыж?
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Праз крыж Бог гаворыць: паглядзі, як Я люблю цябе, адкрый для Мяне сваё жыццё.
14 красавіка католікі перажываюць Вялікую Пятніцу, узгадваючы Пакуты Гасподнія. У гэты дзень Ісус Хрыстос быў укрыжаваны і памёр, добраахвотна ўзяўшы на сябе грахі свету, грахі кожнага чалавека. У каталіцкіх храмах у пятніцу праходзіць Літургія Мукі Гасподняй, якая ўслед за Вялікім Чацвяргом і Літургіяй абмывання ног працягвае Вялікі Пасхальны Трыдуум.
Падчас Літургіі Мукі Гасподняй святары кладуцца на падлогу і моляцца крыжам, паўтараючы малітву Хрыста ў Гефсіманскім садзе. Усе вернікі падчас Літургіі кланяюцца крыжу Ісуса і цалуюць яго.
- У гэтай літургіі Гасподзь паказвае, што значыць быць свабодным. Свабодным ад палітыкі, светапогляду, страхаў. Ён, Які свабодна аддае сваё жыццё, - гаворыць айцец Славамір. Ён нагадвае, што падчас літургіі здзяйсняецца малітва за ўсіх людзей, нават за няверуючых, ганіцеляў, ворагаў Царквы, бо Ісус памёр на крыжы за ўсіх без выключэння.
- Прасіце Госпада, каб Ён адкрыў, паказаў кожнаму яго крыж. Таму што крыж - гэта вялікі дар ад Бога. Без крыжа ў цябе не было б і выратавання. Бог хоча, каб кожны з нас перамог, як перамог Ісус, таму кожнаму дае свой крыж, - тлумачыць святар. - Кожны раз здзяйсняючы грэх, мы забіваем дабро, прыгаворваем Езуса да пакарання, зноў і зноў крыжуем Яго. І прыйсці да збаўлення можна толькі тады, калі ўсведамляеш свае слабасці, сваю грахоўнасць. Крыж нам гаворыць пра тое, як мы разбурылі, знішчылі, знявечылі Ісуса Хрыста сваімі грахамі. Гэта праўда пра кожнага з нас. І праз крыж Бог гаворыць: паглядзі, як Я люблю цябе, адкрый для Мяне сваё жыццё.
- Хай гэтая праўда пра прыбітага да крыжа Ісуса будзе падмуркам нашага жыцця, - заклікае біскуп Казімір Велікаселец. - І тады сэрца будзе напоўнена радасцю, калі выканаем самыя галоўныя запаведзі: любіць Бога і бліжняга.
Нагадаем, Велікоднае ўсяночнае чуванне пачнецца ў гомельскім касцёле ў 23.00 у суботу, 15 красавіка. У дзень Вялікадня, 16 красавіка, Імшы пройдуць у 9.00, 12.00 і 16.00.
Related items
- Напярэдадні Вялікадня праваслаўны архіепіскап наведаў каталіцкі цэнтр у Гомелі
- Фэст у лясной капліцы з незвычайнай гісторыяй святкавалі капуцыны і пілігрымы
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- І ў горадзе, і ў вёсцы: фестываль арганнай музыкі пройдзе ў касцёлах Беларусі
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад