Logo
Print this page

Мітрапаліт Кандрусевіч: адносіны ўлады нагадваюць маналог і нават дыктат

Іерарх адзначае, што для забароны служэння замежным святарам выкарыстоўваюцца непраўдзівыя абвінавачанні.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, арцыпастыр Каталіцкай царквы ў Беларусі, заявіў аб тым, што адносіны дзяржаўных уладаў да Касцёла часта «нагадваюць маналог і нават дыктат». У той жа час іерарх спадзяецца, што ўлады стануць больш адкрытымі да дыялогу, і адзначае, што адной з галоўных праблемаў у працы Касцёла застаецца неатрыманне замежнымі святарамі дазволу на выкананне святарскай паслугі ў Беларусі.

Як адзначае Мітрапаліт, Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў тлумачыць гэту сітуацыю наяўнасцю ў некаторых святароў шматлікіх парушэнняў хуткасці на працягу года у перыяд да 30 ліпеня. Паводле заканадаўства Беларусі, парушэнне хуткасці два разы ці больш можа стаць прычынай неўзгаднення далейшай працы. У выпадку некаторых святароў гэты факт быў заяўлены як прычына ўзгаднення іх паслугі на абмежаваны перыяд у тры або шэсць месяцаў.

- Аднак, абвінавачванне ў парушэнні хуткасці не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Парадаксальнасць сітуацыі ў тым, што на афіцыйны запыт ва УУС Мінаблвыканкама прыйшоў адказ, згодна з якім за названы перыяд у святароў, праца якіх не была ўзгоднена, адсутнічаюць адміністрацыйныя правапарушэнні, якія дазвалялі б гэта зрабіць, - цытуе арцыбіскупа Кандрусевіча Catholic.by і прыводзіць поўны тэкст інтэрв'ю. - А сярод тых святароў, якія атрымалі дазвол на шэсць або тры месяцы - адзін зусім не водзіць аўтамабіль, бо не мае правоў. Як можна ў такіх умовах казаць пра арганізацыю стабільнага служэння святароў і доўгатэрміновыя планы? Арцыпастыр падкрэслівае, што нельга выкарыстоўваць непраўдзівыя абвінавачанні святароў, якія так многа зрабілі для развіцця Касцёла на Беларусі і самой Беларусі.

У той же час іерарх адзначае, што ўлічваючы недахоп духавенства, Касцёл просіць для святароў, грамадзян Беларусі, якім не споўнілася 27 гадоў, адтэрміноўку ад вайсковай службы. Але сёлета адзін святар быў выкрэслены Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў са спісу тых, для каго прасілі аб адтэрміноўцы:

- Таксама ўзніклі праблемы з атрыманнем адтэрміноўкі для семінарыстаў, якія навучаюцца за мяжой. Узнікае лагічнае пытанне: чаму? Сама сабой напрошваецца выснова пра дыскрымінацыю Касцёла.

Мітрапаліт рэзюмуе, што забарона служэння замежным святарам дэстабілізуе сітуацыю Касцёла ў Беларусі.

Last modified onПятніца, 28 Ліпень 2017 16:57
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.