Католікі падарылі Алексіевіч у Гомелі Біблію і «добры» кубак
- Written by katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
А праваслаўная верніца ўручыла ручнік з сімвалам Божай Маці.
12 жніўня перад сустрэчай з беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч у Гомелі мясцовыя католікі зрабілі ёй невялічкі падарунак. Лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры ўручылі Новы Запавет на рускай мове, паштоўку з абразом Езуса Хрыста і словамі малітвы да Божай міласэрнасці па-беларуску, а таксама гліняны кубак са словамі «Супакой і дабро», які зрабілі каталіцкія манахі-капуцыны.
Нагадаем, арцыпастыр Каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звяртаўся да пісьменніцы з адкрытым лістом, у якім адзначыў, што «забіць могуць не толькі танкі, але і словы». Нагодай стала выказванне Алексіевіч «Дайце ў Беларусь танкі, зброю - і там католікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна». Пазней нобелеўскі лаўрэат патлумачыла, што яе фраза была метафарай, якую не варта ўспрымаць літаральна. Так Алексіевіч хацела паказаць, што канфлікт, які працягваецца паміж Расіяй і Украінай, можа пачацца з чаго заўгодна.
Святлана Алексіевіч прыняла падарунак, усміхнулася і сказала: "Вялікі дзякуй". А падчас сустрэчы, на якой у цэлым прысутнічала амаль сто чалавек, праваслаўная верніца, супрацоўніца Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый, паэтка Ларыса Раманава ўручыла пісьменніцы неглюбскі ручнік, вышыты арнаментам «васьмірожкі», які лічыцца сімвалам Божай Маці. Гэта была першая сустрэча нобелеўскага лаўрэата з чытачамі ў рэгіёнах. Пасля Гомеля Святлана Алексіевіч наведае вёску Капаткевічы, дзе яна вучылася ў школе.
Related items
- З 7 дзецьмі пасля 25 сутак вядомы прапаведнік пакінуў Беларусь
- «У парафіі 15-20 асоб». Мітрапаліт абвясціў акцыю па падтрымцы Касцёла на Магілёўшчыне
- Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры
- На «гучныя» службы ў касцёле паскардзіўся жыхар Смаргоні. Што яму адказалі?
- Не фэйкі і не хакеры: «Радыё Марыя» працягвае збор і тлумачыць непаразуменні