Logo
Print this page

БПЦ прадставіла свой пераклад Новага запавету на беларускую мову

Мітрапаліт Павел заявіў, што «такога ў Беларусі яшчэ не было».

Беларуская праваслаўная царква скончыла пераклад Новага Запавету на беларускую мову, паведаміў 1 верасня кіраўнік БПЦ, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал. Ён выступіў на прэзентацыі факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францішка Скарыны» і заявіў:

- Беларуская праваслаўная царква завяршыла шматгадовыя працы па перакладзе Святога Пісання Новага Запавету на беларускую мову. Такога яшчэ не было ў Беларусі.

Патрыяршы Экзарх дадаў, што 2 верасня выданне прэзентуюць у Полацку на Дні беларускага пісьменства, а затым прадставяць пераклад у Нацыянальнай бібліятэцы.

Раней паведамлялася, што пераклад Новага Запавету на беларускую мову быў выкананы Біблейскай камісіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы і выдадзены Выдавецкай радай БПЦ. Словы Мітрапаліта Паўла пра тое, што Новы запавет упершыню быў перакладзены на беларускую мову, выклікалі здзіўленне. Бо існуюць некалькі беларускіх перакладаў не толькі Новага Запавету, але і ўсёй Бібліі, якія рабілі як праваслаўныя, так і католікі, пратэстанты. Што меў на ўвазе кіраўнік БПЦ, калі казаў пра тое, што «такога яшчэ не было ў Беларусі»? Нагадаем, праваслаўны іерарх прыбыў служыць з Расіі і, магчыма, не валодае інфармацыяй аб рабоце па перакладзе Бібліі на беларускую мову.

Як паведаміў Katolik.life каталіцкі святар Сяргей Сурыновіч, які займаецца праблематыкай беларускіх перакладаў Бібліі, сёння беларусы маюць тры поўныя пераклады Святога Пісання – Уладзіслава Чарняўскага, Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі. Дзевяць перакладаў Новага Запавету – пастара Антонія Бокуна, Анатоля Клышкі, Янкі Станкевіча, Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, Лукаша Дзекуць-Малея, Серафімы Кішкі і Антона Луцкевіча, Біблейскай Камісіі пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата, кс. Пётра Татарыновіча, а. Уладыслава Чарняўскага, Васіля Сёмухі. Некалькі дзясяткаў паасобных кніг Бібліі, з якіх сем варыянтаў Кнігі Псалмоў.

- Гэта ўсё з’яўляецца каштоўнай спадчынай айчыннай біблістыкі, а таксама дапамогаю і натхненнем для будучых перакладчыкаў, што будуць імкнуцца актуалізаваць Слова Божае і данесці яго беларусу на яго роднай мове, - падкрэслівае спецыяліст.

Last modified onПятніца, 01 Верасень 2017 23:06
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.