Logo
Print this page

Анёл з гітарай і Пуцін на каленях. Чым здзівіў свет касцёл у Віцебску [фота]

Фрэскі адлюстроўваюць Евангельскія падзеі праз сучасных персанажаў.

«Зоркай інтэрнэту» стаў невялікі касцёл у беларускім Віцебску. У каталіцкім храме святога Антонія Падуанскага журналісты заўважылі незвычайную размалёўку сцен - фрэскі адлюстроўваюць Евангельскія падзеі, аднак праз сучасных персанажаў. У прыватнасці, сярод «каралёў», якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Дзіцятку Езусу, нехта можа адгадаць Уладзіміра Пуціна і Барака Абаму. Навіна пра гэта разыйшлася па беларускім, расійскім і польскім сайтам.

Пробашч парафіі, вядомы ў Беларусі святар Вячаслаў Барок адзначае, што ў мастацкім афармленні храма «кожны бачыць сваё, а я бачу, як святло перамагае цемру». У гэтым і была ідэя роспісу сцен у зале для набажэнстваў - паказаць барацьбу паміж дабром і злом, святлом і цемрай.

Фрэскі тут нядаўна стварыў мінскі мастак Уладзімір Кандрусевіч. На алтарнай іконе ён намаляваў ўваскрослага Хрыста, ад якога зыходзіць святло і прабівае ўсялякую цемру. Вакол Госпада - людзі ў моднай сучаснай вопратцы, спячыя салдаты, анёл з бас-гітарай...

Таксама на фрэсках - святы Антоній з Дзіцяткам Езусам, міма якіх абыякава праходзяць жыхары горада. Малюнак сімвалізуе тое, што святому няма месца ў Віцебску, і разбураны касцёл святога Антонія чакае аднаўлення на сваім гістарычным месцы.

А на сцэне Аб'яўлення Пана - пакланенне нованароджанаму Сыну Божаму розных слаёў насельніцтва. Тут і простыя людзі, і моцныя гэтага свету. Гэта азначае, што Хрыстос прыйшоў для ўсіх і Ён з'яўляецца адзіным Валадаром свету.

Фота: Аляксей Вронскі.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.