Logo
Print this page

У Мінску католікі правялі працэсію з фігурай Божай Маці

Статуя-пілігрым пераадолела ў Беларусі шлях даўжынёй каля 5 тысяч кіламетраў.

15 кастрычніка ў Мінску адбылася працэсія каталіцкіх вернікаў з фігурай Маці Божай Фацімскай. Святыня вярнулася ў мінскі архікатэдральны касцёл пасля гадавой перэгрынацыі па парафіях архідыяцэзіі. У працэсіі, якая прайшла па цэнтральных вуліцах сталіцы Беларусі, прынялі ўдзел сотні вернікаў. Супрацоўнікі міліцыі суправаджалі шэсце.

Нагадаем, перэгрынацыя фігуры Божай Маці праходзіла ў сувязі са 100-годдзем Аб'яўленняў Панны Марыі ў партугальскай Фаціме.

Працэсію ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас сваёй гаміліі ён адзначыў, што «статуя-пілігрым, пасля таго, як пераадолела шлях даўжынёй каля 5 тысяч кіламетраў, вяртаецца ў мінскую катэдру, каб тут застацца назаўсёды»:

- Дзякуем Табе, Марыя, што ў сваёй фацімскай фігуры Ты захацела наведаць нас у гэты асаблівы час гісторыі нашай краіны і свету, каб абудзіць у нас, людзях ужо XXI стагоддзя, якія часта жывуць так, як быццам Бог не існуе, дух малітвы і навяртання і ўдыхнуць новую надзею.

Фота: БЕЛАПАН

Last modified onНядзеля, 15 Кастрычнік 2017 18:23
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.