Logo
Print this page

Пасля аншлагу на прэм'еры спектакль пра Скарыну вырашылі паказаць яшчэ двойчы

Драма «1517» стала міжканфесійным праектам, створаным хрысціянскімі аўтарамі і рэжысёрамі [+ поўнае ВІДЭА спектаклю]

У Мінску адбылася прэмʼера «1517» - жыццёвай драмы доктара Францішка Скарыны, перакладчыка і выдаўца першай беларускай кнігі - Бібліі. Гэты спектакль - адзін з самых прыкметных культурніцкіх праектаў у гонар 500-годдзя скарынаўскай Бібліі.

Зала Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі была поўнай. Квіткі раскупілі так хутка, што арганізатары мусілі прызначыць яшчэ два паказы да канца юбілейнага 2017 года - 11 лістапада і 4 снежня. Таму ў кожнага яшчэ ёсць магчымасць пабачыць «1517» на ўласныя вочы, - пішуць арганізатары у групе «500 год» у сацсетцы Facebook:

- Галоўная сюжэтная лінія «1517» - гісторыя пра незнаёмага, нечаканага Скарыну. Пра чалавека, якога непакоіць уласнае прызначэнне і турбуе пытанне зла ў свеце, і толькі потым - паспяховага «стартапера», які наватарскім учынкам упісаў сваё імя ў гісторыю. У п’есе знайшлі адлюстраванне складаныя канфлікты паміж верай і навукай, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж марай і прагматычным падыходам да жыцця, але і камедыйных момантаў хапала!

Прэм’ера «1517» у пастаноўцы Паўла Харланчука і Змітра Бейнарт-Саладухі па п’есе Аляксея Шэіна і Андруся Унучака завяршылася авацыямі і патрабаваннямі глядацкай залы вывесці рэжысёраў на сцэну. Дарэчы, на сцэне супрацоўнічалі як прафесійныя акторы, так і аматары.

- На жаль, у Беларусі пра Скарыну ведаюць, але без падрабязнасцяў. Да мяне звярнуліся прадстаўнікі хрысціянскай супольнасці і прапанавалі такі цікавы праект, - гаворыць каталіцкі вернік Зміцер Бейнарт-Саладуха. - Мы паспрабавалі паглядзець на тое, што ён і яго справа для нас сапраўды азначае. Мы знайшлі грань, што надрукаваўшы Біблію на зразумелай мове, ён прымусіў нас думаць пра гэта, не проста адчуваць штосьці, але наўпрост весці дыялог з Богам. І мы з’яўляемся нашчадкамі гэтай ініцыяцыі. Мы не можам проста пазбавіцца гэтай парадыгмы цяпер.

Media

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.